Эфектыўнасць работы ўстановы адукацыі ў сучасных умовах немагчыма без цеснай сувязі з бацькамі, былымі выпускнікамі, іншымі прадстаўнікамі соцыуму, кажучы на сучаснай мове, спонсарамі. Для нашай школы імі з’яўляюцца былыя выпускнікі Іван Юрчык, Аляксандр Стома, Алег Жыдко, настаяцель царквы протаіерэй Аляксандр Шыш.
У гэтым годзе разам з адзелам адукацыі, спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама яны дапамаглі набыць для вучняў канькі, лыжныя бацінкі, клюшкі. Уручаючы падарункі, начальнік аддзела адукацыі Алег Анікевіч падкрэсліў, што адной з галоўных задач нашага грамадства з’яўляецца выхаванне рознабакова развітых і здаровых маладых людзей. Ён пажадаў усім поспехаў, здароўя, каб мэты кожнага былі высокімі і дасягальнымі.
А каб адразу “паспрабаваць” падарункі, была арганізавана сяброўская сустрэча па хакеі каманд вучняў школы і гасцей. Высокае майстэрства паказалі падчас гульні як сённяшняе пакаленне школьнікаў, так і выпускнікі.
Пасля гульні ў школьнай сталовай дзяцей чакаў сюрпрыз: нашы госці парадавалі школьнікаў салодкімі пачастункамі. Падчас цёплай размовы прагучалі ўспаміны былых выпускнікоў аб школьных гадах, а таксама пажаданні высокіх спартыўных дасягненняў, цікавага і карыснага школьнага жыцця.
Гэта не першая спонсарская дапамога з боку выпускнікоў і настаяцеля царквы. Дзякуючы іх падтрымцы, у школе з’явіліся сучасная газонакасілка, сістэма відэаназірання. Стала добрай традыцыяй уручэнне спонсарамі каштоўных падарункаў прыёмнай і апякунскім сем’ям, прэміраванне выдатнікаў вучобы і актыўных удзельнікаў школьнага жыцця, арганізацыя экскурсій па родным краі.
Хочацца выказаць шчырыя словы ўдзячнасці нашым сябрам за падтрымку і дапамогу ў развіцці спартыўнай базы школы, за магчымасць дзецям адчуваць сябе здаровымі і шчаслівымі.
Марына АРЦЫМЕНЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Кашалеўскага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.