Падарункі замест адзнак і ўрокі бяспекі

- 10:47Навіны рэгіёнаў, Рознае

Інавацыйныя формы работы з насельніцтвам, навучання дзяцей і дарослых асновам бяспечнай жыццядзейнасці актыўна распрацоўваюцца і выкарыстоўваюцца органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці.

Ратавальнікі — жаданыя госці для віцебскай дзятвы ў любую пару года. Так, летам у рамках рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Канікулы без дыму і агню” прадстаўнікі службы МНС наведалі практычна кожную змену ў стацыянарных летніх аздараўленчых і прышкольных лагерах, пабывалі ў дашкольных установах, арганізавалі шэраг яркіх і запамінальных гарадскіх, раённых і абласных акцый.

— Мы праводзілі з дзецьмі заняткі ў гульнявой форме: расказвалі і паказвалі, як паводзіць сябе на вадаёмах, у лесе, не абыходзілі ўвагай і тэму пажарнай бяспекі. У якасці адзнак за трывалыя веды і дакладныя адказы на такіх уроках уручалі падарункі, наглядную прадукцыю, — расказала начальнік Цэнтра прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Наталля Туркова. — Звычайна падчас падобных акцый адбываюцца вучэбная эвакуацыя, дэманстрацыя пажарнай тэхнікі і абсталявання. Такім чынам калектывы ўстаноў адукацыі пацвярджаюць на практыцы сваю гатоўнасць да адпаведных дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, а работнікі МНС на месцы адпрацоўваюць і ў выпадку неабходнасці карэкціруюць планы эвакуацыі дзяцей, праводзяць праверку адпаведнасці аб’ектаў правілам проціпажарнай бяспекі. Трэба сказаць, што ўрокі бяспекі маюць і яшчэ адзін важны для нас складнік: гэта даволі эфектыўная форма прафесійнай арыентацыі.

Зараз у рэгіёне працягваецца рэспубліканская прафілактычная акцыя “У цэнтры ўвагі — дзеці”. Яна таксама адзначана мноствам цікавых і значных для дзяцей і дарослых падзей. Напрыклад, перад пачаткам навучальнага года прапагандысцкія пляцоўкі МНС актыўна дзейнічалі на гандлёвых аб’ектах, дзе ажыццяўляўся продаж тавараў для навучэнцаў, на раённых педагагічных канферэнцыях. У Дзень ведаў ратавальнікі наведалі ўрачыстыя лінейкі ва ўсіх раёнах вобласці і ўручылі першакласнікам першыя пропісі бяспекі. Ганаровым госцем школьнай лінейкі ў аграгарадку Бычыха Гарадоцкага раёна стаў міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка. А ў мінулую сераду ў Лёзненскім раёне на тэрыторыі Кавалёўскага ясляў-сада — базавай школы быў адкрыты Цэнтр бяспекі і навучання з выдатнай дзіцячай тэматычнай інфармацыйна-гульнявой пляцоўкай.

— Удвая прыемна, калі нашы інавацыйныя падыходы знаходзяць падтрымку не толькі ў спецыялістаў рэспубліканскіх і абласных органаў кіравання, кіраўнікоў мясцовых органаў улады, але і ў прадстаўнікоў сусветнай супольнасці, — адзначыла прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. — Праект, ідэя якога належыць Лёзненскаму райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, быў падтрыманы Віцебскай абласной арганізацыйнай структурай Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, раённым выканаўчым камітэтам, Лёзненскай раённай арганізацыяй БРСМ, адкрытым акцыянерным таварыствам “Данукалава-Агра”, Веляшковіцкім сельскім Саветам. Гэтая ініцыятыва стала пераможцай конкурсу мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), фінансуецца Еўрапейскім саюзам і выканаўцам якога выступае Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь. Часткай праекта стала выдзяленне ў цэнтры памяшканняў для размяшчэння добраахвотных пажарных фарміраванняў, набыццё для іх сучаснага пажарна-тэхнічнага абсталявання для ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Звяртаючыся на адкрыцці цэнтра да прысутных, старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамара Дрылёнак падкрэсліла яго ролю ў навучанні дзяцей і дарослых, а таксама звярнула ўвагу на эстэтычны і інавацыйны складнік аб’екта, яго адкрытасць і даступнасць для ўсіх жадаючых. Намеснік старшыні рэспубліканскага савета Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” Анатоль Сніцарэнка паведаміў, што пажарнае добраахвотніцтва ў Лёзненскім раёне і непасрэдна ў кавалёўскай зоне знаходзіцца на вельмі высокім узроўні, і выказаў спадзяванне, што з’яўленне інавацыйнай формы работы ў выглядзе тэматычнай інфармацыйна-гульнявой дзіцячай пляцоўкі будзе садзейнічаць умацаванню пажарнай бяспекі, перадачы вопыту, ведаў і навыкаў, дапаможа захаваць мноства чалавечых жыццяў, прыроду і прадухіліць пажары ў экасістэмах і населеных пунктах рэгіёна. Заканамерным вынікам сумеснай работы ўсіх зацікаўленых суб’ектаў назваў з’яўленне ў раёне інавацыйнага валанцёрскага цэнтра бяспекі начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС палкоўнік унутранай службы Аляксандр Клобук.

— З дапамогай гэтага аб’екта мы будзем вучыць дарослых і дзяцей асновам бяспечнай жыццядзейнасці, правільных паводзін у выпадку ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, пастараемся выхаваць пачуццё самазахавання, адказнасці за іншых, імкненне да таго, каб нашы дзеці спакойна жылі ў будучыні і ўмелі пры неабходнасці ліквідаваць і прадухіляць надзвычайныя сітуацыі, — адзначыў Аляксандр Клобук.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.