Падрабязна пра галоўнае: якія тэмы абмеркаваў Андрэй Іванец з педагагічнай грамадскасцю Бабруйска

- 9:38Актуально

Актуальныя і надзённыя для сістэмы адукацыі тэмы абмеркаваў надоечы міністр адукацыі Андрэй Іванец з педагагічнай грамадскасцю Бабруйска. Падчас рабочай паездкі акцэнты былі зроблены на ахове дзяцінства, павышэнні якасці навучання і выхаванні падрастаючага пакалення. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Асаблівую ўвагу ў ходзе візіту кіраўнік ведамства ўдзяліў рабоце з дзецьмі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуа­цыю. Андрэй Іванец пабываў у дзіцячым доме сямейнага тыпу Наталлі Краўцовай, якая зараз выхоўвае 10 хлопчыкаў і дзяўчынак. Дзеці паказалі міністру, як яны жывуць, расказалі пра інтарэсы і захапленні. Маці-выхавальніца па­дзя­лілася алгарытмамі працы: дзяцей яна стараецца акружаць клопатам, цеплынёй і любоўю. Такі падыход дае вынікі — за сем гадоў Наталля Краўцова выпусціла 13 выхаванцаў, усе знайшлі свой жыццёвы шлях.

— Дзяржавай зроблена ўсё для таго, каб дзеці, якія па шэрагу прычын не могуць выхоўвацца ў біялагічных сем’ях, знайшлі новую сям’ю. Створаны камфортныя жыллёвыя ўмовы, а бацькі-выхавальнікі сапраўды ўкладваюць у гэтых дзяцей часцінку свайго сэрца, — падкрэс­ліў Андрэй Іванавіч.

Аднак ніякая прыёмная сям’я не зможа замяніць дзецям родных бацькоў, таму неабходна павышаць эфектыўнасць прафілактыкі па папярэджанні сямейнага недабрабыту. Прычым у гэтай рабоце не павінна быць фармалізму, усвядомленай абыякавасці да лёсаў дзяцей. На гэта арыентаваў міністр, размаўляючы са спецыя­лістамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ленінскага раёна Бабруйска.

Выхаванцы дзіцячага дома сямейнага тыпу і дзіцячага прытулку пры сацыяльна-педагагічным цэнтры атрымалі ў падарунак ад міністра кнігі, мячы і маляўнічыя карты для падарожжаў па Беларусі

Супрацоўнікам СПЦ неабходна знаходзіцца ў непарыўнай звязцы і ўзаемадзеянні са школамі. Сумеснымі намаганнямі трэба пастаянна трымаць у полі зроку навучэнцаў, якія знахо­дзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Вялікую значнасць мае і індывідуальнае чалавечае стаўленне да дзяцей падуліковых катэгорый, аказанне псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі.

— Першачарговую адказ­насць за выхаванне дзяцей нясуць бацькі. Але калі сям’я дэфармаваная, функцыі выхавання абавязана ўзяць на сябе школа, бо гэта — важнейшы інстытут сацыялізацыі і станаўлення асобы дзіцяці, — сказаў Андрэй Іванец.

На базе вучэбна-метадычнага кабінета Бабруйска абмяркоўвалася прафесійнае майстэрства педагогаў. Міністру прадэманстравалі перадавыя формы метадычнага суправаджэння настаўнікаў. Тут былі падрабязна закрануты таксама пытанні павышэння якасці адукацыі. У Год якасці гэта набывае прыярытэтнае значэнне, таму асноўнай тэмай стала і на сустрэчы з настаўніц­твам у гарадской гімназіі № 3 імя мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева).

Сёлета на прынцыпова новы ўзровень плануецца вывесці дзейнасць профільных класаў. Будзе праведзены поўны аналіз вучэбных праграм факультатыўных заняткаў педагагічных, аграрных, ваенна-патрыятычных класаў на адпаведнасць прафарыентацыі і ўваходжанне навучэнцаў у прафесію. Так, на гэты момант Міністэрства адукацыі разам з Нацыянальнай школай прыгажосці рыхтуе сумесны праект, які дасць будучым педагогам арыенціры па знешнім выглядзе і стылі. Навучанне будзе ажыццяўляцца ў педагагічных каледжах, у перспектыве — і ў педагагічных класах.

Істотнае ўдасканаленне чакаецца ў падрыхтоўцы адораных дзяцей да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах. У гэтым напрамку будуць створаны роўныя магчымасці.

— Незалежна ад таго, вучыцца дзіця ў сельскай школе або ў сталіцы, усе змогуць падрыхтавацца да прадметных алімпіяд і праявіць свой талент, — адзначыў Андрэй Іванавіч.

У ліку галоўных задач школы застаецца выхаванне навучэнцаў. Трэба працягваць развіваць праект “ШАГ” і музейную педагогіку. Установам агульнай сярэдняй адукацыі варта не забы­ваць і пра здароўезберагальныя тэхналогіі. Кожная школа павінна быць тэрыторыяй здароўя.

Запланавана распрацоўка агульных базавых падыходаў, якія змогуць рэалізаваць усюды.

У фармаце дыялогу была дэталёва разгледжана работа цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Колькасць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця павялічваецца, таму патрабуецца акумуляванне і распаўсюджванне лепшага рэгіянальнага вопыту ў маштабах краіны, распрацоўка ўніверсальных адукацыйных методык. Фокус і на кваліфікацыю педагогаў: мець уяўленні аб навучанні асаблівых дзяцей трэба ўсім.

Неаднаразова ў размове закраналі і падрыхтоўку педагагічных кадраў. Андрэй Іванец заўважыў, што ў сферы адукацыі педагог — ключавая фігура:

— Вельмі важна не толькі рыхтаваць дасведчаных спецыя­лістаў, а імкнуцца да таго, каб будучыя педагогі адпавядалі высокаму прафесійнаму прызначэнню па сваім унутраным і асобасным змесце, духоўна-маральным стаўленні да жыцця. Сёння кожны настаўнік павінен бачыць настрой вучняў, знахо­дзіць для іх словы падтрымкі, каб дзеці не проста асвойвалі вучэбныя прадметы, а з радасцю ішлі ў школу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара