Падрыхтавацца да самастойнага жыцця,

- 10:38Навіны рэгіёнаў

або Як прайсці постынтэрнатную адаптацыю

У студзені на Гомельшчыне пачалася рэалізацыя праекта “Падрыхтоўка да самастойнага жыцця дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладых інвалідаў, якія маюць асаблівасці развіцця”.

Асноўны клопат рэалізацыі праекта бярэ на сябе Міжнароднае дабрачыннае аб’яднанне “Дапаможам дзецям разам”, якое будзе працаваць у гэтым кірунку разам з упраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама і камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Фінансаванне праекта ажыццяўляецца ў рамках праграмы малых грантаў Пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Падтрымку праекту аказвае і брытанская дабрачынная арганізацыя “Праект падтрымкі дзецям Беларусі”, якая ўжо неаднойчы прымала ўдзел у лёсах гомельскіх дзяцей-сірот з асаблівасцямі развіцця, а яе выканаўчы дырэктар — Лінда Уолкер — даўно стала сябрам для гомельскіх дабрачынных арганізацый.

На базе Гомельскага інстытута развіцця адукацыі прайшла прэзентацыя праекта, дзе сабралася шмат зацікаўленых людзей: прадстаўнікоў органаў улады, кіраўнікоў дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, дабрачынных арганізацый і лідараў валанцёрскага руху. У Гомельскай вобласці ёсць даволі вялікі вопыт работы з сіротамі і дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, іх сацыялізацыі ў грамадстве. На прэзентацыі былі прадстаўлены лепшыя напрацоўкі ў гэтым кірунку.

У нашай краіне прымаюцца рознабаковыя прававыя і арганізацыйна-педагагічныя меры па ўладкаванні і выхаванні дзяцей-сірот, і тое, што праблема вырашаецца на дзяржаўным узроўні, несумненна, дае станоўчыя вынікі. У Гомельскай вобласці сёння ўжо закрыты ўсе школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без бацькоўскай апекі, усё большае развіццё атрымліваюць формы сямейнага ўладкавання такіх дзяцей. Тое ж тычыцца і дзяцей з асаблівасцямі развіцця: дзякуючы неабыякавым людзям, такія хлопчыкі і дзяўчынкі таксама маюць магчымасць выхоўвацца ў сем’ях. Гэта вельмі важны момант, бо толькі ў сям’і дзіця можа атрымаць паўнавартасную падрыхтоўку да самастойнага жыцця, менавіта ў сям’і фарміруюцца неабходныя каштоўнасці, якія потым дапамагаюць лёгка адаптавацца ў соцыуме. Аднак выкараніць праблему няпроста. Як адзначыла кіраўнік новага праекта Алена Валашыненка, нягледзячы на ўсе меры, якія прымаюцца ў адносінах да дзяцей-сірот і маладых людзей з асаблівасцямі развіцця, пытанне падрыхтоўкі іх да самастойнага жыцця і інтэграцыі ў грамадства застаецца актуальным, таму праект, які пачаўся ў студзені, накіраваны менавіта на вырашэнне гэтай праблемы.

— Практыка паказвае, што самастойнае пражыванне маладых людзей, якія былі пазбаўлены магчымасці выхоўвацца ў сям’і, — доўгі і няпросты працэс, — адзначыла начальнік аддзела сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гомельскага аблвыканкама Наталля Суздалева. — Ім даволі цяжка вучыцца самастойнасці, складана займацца арганізацыяй быту, размяркоўваць грошы на розныя патрэбы, таму многія вяртаюцца назад у інтэрнат.

Для такіх дзяцей няпростай аказваецца і працоўная дзейнасць. У асноўным яны вучацца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Здавалася б, атрымліваюць прафесію, могуць працаваць і самастойна зарабляць грошы, але зноў жа ёсць праблема: многім цяжка ўтрымацца на рабочым месцы і будаваць узаемаадносіны з калектывам. Гэта значыць, выходзячы з-пад апекі дзяржавы, маладыя людзі адчуваюць цяжкасці далейшага жыццеўладкавання. Пры гэтым аналіз паказвае, што сацыяльная адаптацыя выпускнікоў прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу складваецца больш паспяхова.

— Выпускнікі ўстаноў для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, павінны быць гатовы да самастойнага жыцця і ў першую чаргу да працоўнай дзейнасці раней, чым дзеці з сем’яў, — лічыць Алена Валашыненка. — Калі многія маладыя людзі, адчуваючы, што не гатовы да самастойнага жыцця, могуць вярнуцца ў бацькоўскі дом, то выпускнікі школ-інтэрнатаў такой магчымасці пазбаўлены.

Найважнейшай задачай новага праекта з’яўляецца сацыялізацыя ў грамадстве людзей з асаблівымі патрэбамі, прыняцце іх у мясцовых суполках, фарміраванне пазітыўнай грамадскай думкі. Яшчэ адзін важны момант, якому будзе ўдзелена ўвага падчас рэалізацыі праекта, — гэта садзейнічанне ва ўдасканаленні прафесійных навыкаў спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі-сіротамі і дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку апекуноў, прыёмных бацькоў, патранатных выхавальнікаў, тым больш што станоўчых прыкладаў у вобласці хапае. Добрым прыкладам падрыхтоўкі да самастойнага жыцця і адаптацыі ў грамадстве выпускнікоў можа быць Гомельскі дзіцячы дом, супрацоўнікі якога стараюцца максімальна наблізіць сваіх выхаванцаў да паўнацэннага жыцця, якое магло б быць у іх, калі б яны выхоўваліся ў сям’і. Нядаўна ў дзіцячым доме адкрылася аддзяленне постынтэрнатнай адаптацыі, дзе маладыя людзі атрымліваюць неабходныя навыкі штодзённага самастойнага жыцця. Цікавай формай з’яўляецца і так званая школа незалежнага пражывання. Зараз падобныя школы пачынаюць функцыяваць у Журавіцкім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў і ў Дуянаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Спецыяльныя кабінеты, абсталяваныя бытавой тэхнікай і мэбляй, дазволяць жыхарам інтэрнатаў самастойна гатаваць ежу і абслугоўваць сябе.

Рэалізацыя праекта “Падрыхтоўка да самастойнага жыцця дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і маладых інвалідаў, якія маюць асаблівасці развіцця” дае надзею, што ў хуткім часе многія праблемы такіх людзей застануцца ў мінулым. У якасці апорных абазначаны абласны цэнтр, Гомельскі і Рагачоўскі раёны. Атрыманыя вынікі будуць прааналізаваны і рэкамендаваны для выкарыстання ва ўсіх рэгіёнах вобласці.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.