Падрыхтаваць і выхаваць дастойную моладзь

- 9:00Калегіі, пасяджэнні

З асноўным дакладам на пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі выступіў кіраўнік ведамства Андрэй Іванец. Міністр адзначыў дасягненні сістэмы адукацыі 2021 года і агучыў шляхі далейшага развіцця.

У прыярытэце — выхаванне

У 2021 годзе работа ведамства і ўсёй сістэмы адукацыі была выбудавана ў адпаведнасці з даручэннямі кіраўніка дзяржавы і ўрада. Міністр падкрэсліў, што многае было зроблена, аднак праблем, якія стаяць перад сістэмай адукацыі і якія патрабуюць вырашэння, яшчэ дастаткова.

Міністр падкрэсліў, што найважнейшым напрамкам у сістэме адукацыі застаецца выхаваўчая работа. “Кіраўнік дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце адзначыў, што перад намі стаіць глабальная задача: знайсці і запоў­ніць усе прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Таму педагагічным калектывам трэба засяродзіцца на выхаванні грамадзянскасці, патрыятызму ў юных грамадзян, на фарміраванні ў іх гордасці за дасягненні роднай краіны, цікавасці і павагі да гістарычнага мінулага Беларусі, беражлівых адносін да традыцый свайго народа”, — сказаў Андрэй Іванец.

Вельмі карыснымі і сістэмнымі ў гэтым плане з’яўляюцца такія доўгатэрміновыя формы работы з дзецьмі і навучэнскай моладдзю, як грамадзянска-патрыятычны праект “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, рэспубліканская акцыя па вывучэнні малой радзімы “Я гэты край Радзімаю заву”, рэспуб­ліканскі конкурс “Нататкі юнага вандроўніка”; мерапрыемствы грамадзянскай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці, аб’яднаныя тэмай Вялікай Перамогі, і інш.

“Важную ролю ў рэалізацыі задач патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі мы адводзім пошукавым аб’яднанням навучэнцаў. Сёння іх 310 з ахопам больш за 4000 навучэнцаў. Работу ў гэтым кірунку варта працяг­нуць, як і дзейнасць па развіцці ваенна-патрыятычных клубаў, створаных на базе вайсковых часцей. У дзевяці ваенна-патрыятычных клубах, размешчаных на тэрыторыі вайсковых часцей Мінска, Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей, займаецца 450 навучэнцаў”, — паведаміў міністр.

Кіраўнік ведамства лічыць, што асаблівы імпульс выхаванню дзяцей і моладзі павінны надаць мерапрыемствы, прысвечаныя Году гістарычнай памяці. Тэматыка года павінна праходзіць праз кожны ўрок, кожную лекцыю або выхаваўчае мерапрыемства ў сістэме адукацыі. Але асаблівая роля тут адводзіцца дысцыплінам сацыяльна-гуманітарнага блока. 

Праектам новай канцэпцыі аптымізацыі зместу, структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі прадугледжана вывучэнне новай інтэграванай вучэбнай дысцыпліны “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”. “Яе змест дазволіць праз прызму гістарычнага кантэксту сфарміраваць цэласнае ўспрыманне беларускай дзяржаўнасці ва ўсіх яе праяўленнях. Акрамя таго, у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь арганізавана распрацоўка новай вучэбнай праграмы для ўсіх узроўняў асноўнай адукацыі па вучэбнай дысцыпліне “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа” і падрыхтоўка адпаведнага падручніка. Перакананы, што вывучэнне абноўленай вучэбнай дысцыпліны акажа значны ўплыў на фарміраванне ў навучэнцаў выверанай маральнай і грамадска-палітычнай пазіцыі ў адносінах да падзей і вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, фундаментальных каштоўнас­цей грамадства, захаванне гістарычнай памяці”, — сказаў міністр.

Галоўны крытэрый —аптымальнасць

Выхаванне падрастаючага пакалення пачынаецца з дзіцячага сада. Характарызуючы сістэму дашкольнай адукацыі, Андрэй Іванавіч звярнуў увагу на ўзнікаючыя пытанні па крокавай даступнасці.

Далейшай мадэрнізацыі і абнаўлення патрабуе матэрыяльна-тэхнічная база дашкольных устаноў адукацыі. Неабходна нарасціць дадатковыя месцы, у тым ліку за кошт будаўніцтва, рэканструкцыі і мадэрнізацыі дзіцячых садоў. Варта працягнуць (у рамках выканання Дзяржаўнай праграмы) закупку камп’ютарнай тэхнікі, інтэрактыўных панэлей (мультыбордаў), сродкаў навучання, надворнага і іншага абсталявання.

“Асобна хацеў бы спыніцца на пытанні функцыянавання прыватных дзіцячых садоў, якія часам па сваёй форме і змесце такімі не з’яўляюцца. Хто, чаму і ў якіх умовах там выхоўвае дзяцей? У праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ліцэнзаванні” ўключана норма, якая прадугледжвае ліцэнзаванне адукацыйнай дзейнасці ва ўстановах дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, што дасць магчымасць не дапусціць да адукацыйнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, якія не ў поўнай меры выканалі патрабаванні і ўмовы па бяспецы навучэнцаў. І пакуль ён не прыняты, такія ўстановы павінны знаходзіцца пад нашым пільным кантролем”, — зазначыў Андрэй Іванец.

Мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі працягваецца аптымізацыя сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. “Звяртаю ўвагу, што рашэнне аб ліквідацыі або рэарганізацыі ўстаноў адукацыі павінна прымацца з улікам перспектыў развіцця рэгіёна пасля вырашэння пытанняў, звязаных з падвозам навучэнцаў да месца вучобы і назад, далейшым працаўладкаваннем членаў педагагічнага калектыву”, — сказаў міністр.

Важныя пытанні для развіцця эканомікі — дапрафесійная падрыхтоўка і прафесійнае навучанне. Сёння ў 10—11 класах прафесійнай накіраванасці вучыцца больш за 10 тысяч навучэнцаў. Тут Андрэй Іванавіч яшчэ раз падкрэсліў, што профільнае навучанне павінна матываваць школьнікаў на атрыманне тых прафесій, якія запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі ў канкрэтным рэгіёне. Ідучы ў профільны 10 клас, вучань павінен ведаць сваю адукацыйную траекторыю пасля заканчэння сярэдняй школы. Для гэтага органы мясцовай выканаўчай улады павінны стварыць аптымальную адукацыйную сетку ў сваіх раёнах.

Падтрымка талентаў

У краіне наладжана сістэмная работа па пошуку і падтрымцы таленавітых школьнікаў і мола­дзі. Дзейнічае савет спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Развіццё школьнага алімпіяднага руху таксама з’яўляецца магутным фактарам выяўлення і станаўлення таленавітай моладзі.

У 2021 годзе ў міжнародных алімпіядах прынялі ўдзел 103 беларускія школьнікі, з якіх 89 узнагароджаны медалямі рознай вартасці. Больш за 1600 навучэнцаў прынялі ўдзел у заключным этапе рэспубліканкай алімпіяды па вучэбных прадметах. “Нам нельга страчваць тых, хто займае прызавыя месцы, і тых, хто прахо­дзіць доўгі шлях падрыхтоўкі і ўдзелу. Менавіта яны будуць студэнтамі нашых універсітэтаў і каледжаў. Мы значна недапрацоўваем у суправаджэнні адоранай моладзі на ўсіх узроўнях адукацыі”, — адзначыў міністр.

Новай формай уключэння адораных навучэнцаў у інтэлектуальна-пазнавальную дзейнасць з’яўляецца функцыянаванне Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Каб развіваць гэты напрамак, неабходна праяўляць вялікую зацікаўленасць ва ўмацаванні сувязей з вядучымі навукоўцамі НАН Беларусі. “Неабходна канчаткова выбудаваць сістэму работы па выяўленні і суправаджэнні адораных дзяцей і моладзі, у тым ліку праз дзейнасць рэгіянальных апорных устаноў адукацыі, саветаў маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі. Наспела неабходнасць стварэння навукова-адукацыйнага кластара па рабоце ўсіх устаноў адукацыі з адоранай моладдзю”, — лічыць Андрэй Іванец.

Увага інтэграванаму навучанню

Ва ўстановах адукацыі ідзе мэтанакіраваная работа па развіцці і ўдасканаленні інтэграванага навучання і выхавання асоб з АПФР, іх уключэнні ў сумесны са здаровымі аднагодкамі адукацыйны працэс, культурную, спартыўную, творчую дзейнасць. У 2022 го­дзе ў сферы спецыяльнай адукацыі пастаўлена задача працягнуць работу па набыцці спецыяльнага абсталявання і спецыялізаваных сродкаў навучання.

Сістэма адукацыі немагчыма без захавання і ўмацавання фізічнага здароўя навучэнцаў, выхавання адказнага стаўлення да яго. “Нягледзячы на пазітыўныя дасягненні ў развіцці школьнага і студэнцкага спорту, неабходна працягнуць работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, мадэрнізаваць наяўныя фізкультурна-спартыўныя збудаванні, абсталяваць іх сучасным спартыўным інвентаром”, — зазначыў кіраўнік галіновага ведамства.

Асаблівай увагі патрабуе пытанне арганізацыі харчавання навучэнцаў. Вядзецца пастаянны маніторынг за парадкам цэнаўтварэння, выкананнем дагавораў на пастаўку прадуктаў, выкананнем патрабаванняў санітарных норм і правіл. Павялічаны грашовыя нормы расходаў на харчаванне навучэнцаў ва ўстановах адукацыі. Але па-ранейшаму маюць месца парушэнні тэхналогіі гатавання страў, санітарных норм і правіл, не належным чынам арганізаваны вытворчы кантроль.

Кадры — па запыце эканомікі

Працягваецца працэс аптымізацыі сістэмы прафесійнай адукацыі. Вядзецца сістэматычная работа па абнаўленні вучэбных планаў і праграм, узмоцнена практычная накіраванасць навучання, выпускнікі забяспечваюцца першым працоўным месцам, вядзецца работа па аснашчэнні рэсурсных цэнтраў і пашырэнні сеткавага ўзаемадзеяння, карэкціруецца структура падрыхтоўкі кадраў.

У той жа час застаецца шэраг нявырашаных задач. Сярод іх міністр назваў недастатковую эфектыў­насць прыцягнення моладзі да выкладчыцкай і навукова-даследчай дзейнасці, недастатковы ўдзел арганізацый — заказчыкаў кадраў у абнаўленні зместу адукацыі, арганізацыі практычнай падрыхтоўкі студэнтаў, зніжэнне пазіцый асобных беларускіх устаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных рэйтынгах, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, невысокую прывабнасць ПТА і ССА як дзяржаўна значных узроўняў асноўнай адукацыі.

“З 2023 года павялічваюцца аб’ёмы мэтавай падрыхтоўкі, з’яўляецца магчымасць залічэння па выніках універсітэцкіх алімпіяд і многае іншае. Нам усім ужо цяпер неабходна распачынаць самую актыўную работу з будучымі абітурыентамі, каб мэтавы набор у 2023 годзе быў выкананы на 100%. Часу на разварушванне ў нас проста няма!” — адзначыў міністр.

Яшчэ адна праблема, вырашэнне якой за рэктарамі, — умацаванне кадравага складу ўніверсітэтаў. Ужо прымаюцца меры па амаладжэнні і павышэнні прафесійнага ўзроўню прафесарска-выкладчыцкага складу, але відавочна, што гэтых намаганняў недастаткова. Ва ўніверсітэтах усё яшчэ назіраюцца пэўныя цяжкасці, звязаныя з прыцягненнем і замацаваннем маладых навукоўцаў, якія так патрэбны на выкладчыцкай рабоце.

У 2021 годзе выкананы план прыёму ў аспірантуру і дактарантуру. Важна, каб гэтая падрыхтоўка мела вынік — абарону дысертацый. Патрэбны не проста прапрацаваныя тэмы, а новыя методыкі, новая прадукцыя, прарыўныя тэхналогіі. І, зразумела, таленавітыя выкладчыкі — кандыдаты і дактары навук. “Звяртаю ўвагу, што кіраўнікам універсітэцкіх навуковых школ неабходна мець прадуманы план дзеянняў на перспектыву з улікам рэгіянальнага развіцця і канкрэтных прадпрыемстваў, дзе іх навуковыя распрацоўкі маглі б атры­маць рэальнае ўкараненне і больш важкі камерцыйны вынік”, — звярнуўся да прадстаўнікоў вышэйшай школы міністр.

Што тычыцца фінансавання галіны, то ў 2021 годзе працягвалася работа па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў адукацыі. Былі прыняты пастановы Міністэрства адукацыі па надбаўках ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Удакладнілі парадак устанаўлення надбавак маладым спецыялістам. Вызначана надбаўка выхавальнікам дашкольнай адукацыі і памочнікам выхавальніка.

З 1 студзеня 2022 года з,явілася надбаўка класным кіраўнікам, куратарам груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў памеры 100% базавай стаўкі.

“Чарговы навучальны год перайшоў свой пікавы рубеж. Якім будзе вынік засваення сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў, разумовага (маральнага і інтэлектуальнага) і фізічнага выхавання, пакажуць летняя сесія і выпускныя экзамены. Найлепшы вынік той, калі ў нашых вучняў будзе фарміравацца мара, выяўленая словамі: “Хачу ўмець, хачу падзяліцца тым, што ўмею”, а не “Хачу мець”, характэрнымі для нашага сучаснага жыцця.

Веру, што пераважная большасць педагогаў здольна не толькі падрыхтаваць і выхаваць дастойную моладзь, але і быць сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы: і ў працы, і ў жыцці, і ў грамадскай дзейнасці”, — падсумаваў сваё выступленне міністр адукацыі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.