Падзяка за геройскі ўчынак

- 10:49Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў першакурсніку Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 аўтамабілебудавання Віталю Цітову падзяку міністэрства за выратаванне хлопчыка, які тануў у Свіслачы.

Ігар Карпенка падзякаваў Віталю і ўручыў хлопцу памятны падарунак. Міністр адзначыў, што яму нярэдка даводзіцца ўзнагароджваць педагогаў, удзельнікаў алімпіяд, але гэты раз для яго асаблівы. “Просты хлопец з простай сям’і, які выбраў рабочую прафесію. Вось так, не задумваючыся, па-чалавечы здзейсніў геройскі ўчынак. Гэта прыклад для маладых людзей”, — падкрэсліў міністр. Ён адзначыў, што 15-гадовы ліцэіст яшчэ не адбыўся як прафесіянал, але ўжо адбыўся як чалавек і грамадзянін. У ліцэі хлопец вучыцца на электрагазазваршчыка — пайшоў па слядах бацькі.

Журналістам Віталь прызнаўся, што не чакаў такой увагі да свайго ўчынку. Прыгадвае, што ў той дзень не адразу ўбачыў хлопчыка, які тануў. “Часу думаць не было, усё здарылася вельмі хутка. Стала холадна, толькі калі вылез з вады. А адразу, як скочыў, холаду не адчуў”, — расказвае ён.

Аднагрупнікі на наступны дзень сустрэлі сябра апладысментамі. А для самога хлопца гэтая гісторыя стала ўжо асабістай: ён адсочвае, як сябе адчувае выратаваны хлопчык.

Як паведамлялася, 28 кастрычніка ў Свіслачы ў раёне вуліцы Даўмана ў Мінску ледзь не патануў дзевяцігадовы хлопчык. Да прыбыцця ратавальнікаў і хуткай дапамогі дзіця выцягнуў з вады Віталь Цітоў, які выпадкова праходзіў міма. Выратаваны быў перададзены брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі без дыхання і сэрцабіцця. Медыкі змаглі запусціць сэрца дзіцяці. Цяпер хлопчык знаходзіцца ў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы. Яго стан стабільны, цяжкі.

Міліцыя праводзіць праверку па факце здарэння. Апытаны сведкі і відавочцы. Міліцыянеры наведвалі месца жыхарства хлопчыка. Сям’я непаўналетняга знаходзіцца на кантролі ва ўстанове адукацыі. У абставінах здарэння разбіраецца і УСК па Мінску. Асаблівую ўвагу следчыя ўдзеляць прычынам і ўмовам, з-за якіх дзіця апынулася ў небяспечнай сітуацыі.

Фота Генадзія ЖЫНКОВА, БелТА.