Падзяліліся майстэрствам на міжнародным узроўні

- 10:27Дашкольная адукацыя

Два дыпломы ІІ ступені прывезлі прадстаўнікі Брэстчыны з ІІ Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без межаў”, які праводзіўся ў Санкт-Пецярбургу з мэтай павышэння прафесійнай кампетэнтнасці і майстэрства кіраўнікоў і педагогаў з краін СНД і замежных краін.

— Конкурс праходзіў на працягу паўгода ў тры этапы, — расказала намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 4 Ганцавіч С.І.Багрова. — Для конкурсу “Навошта я прыходжу да дзяцей?” мы знялі відэаролік, у якім была прэзентавана мая работа ў суправаджэнні ўласных вершаў. Відэаролік атрымаў максімальную ацэнку і быў адзначаны журы за яркасць, творчы падыход, раскрыццё тэмы, змястоўнасць, рэжысуру, арыгінальнасць і культуру афармлення. На конкурс творчых работ “Цікавы тыдзень!” быў прэзентаваны падрабязны тэматычны план узаемадзеяння з сацыяльнымі партнёрамі, які ўключаў вялікую колькасць цікавых мерапрыемстваў. У нашай установе наладжана эфектыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі, што істотна павышае ўзровень арганізацыі і аснашчэння адукацыйнага працэсу, а таксама аўтарытэт ясляў-сада сярод іншых устаноў адукацыі раёна. Вялікую дапамогу ў выкананні заданняў другога конкурснага этапу аказалі раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму, філіял “Ганцавіцкі КПД” КУП “Брэстжылбуд”, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, раённая цэнтралізаваная клубная сістэма, гарадскі Дом культуры, раённая дзіцячая бібліятэка, РАУС, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і мясцовы храм. Дзякуючы сумесным намаганням, другая работа таксама атрымала максімальную ацэнку.

Для конкурсу сацыяльных акцый “Сардэчна запрашаем!” былі распрацаваны, праведзены і прэзентаваны дабрачынная пераднавагодняя акцыя “Дзеці — дзецям”, акцыі “Дзякуй салдатам вайны за мірнае неба краіны!” і “Ад сэрца да сэрца”. Акрамя ўдзелу ў трох асноўных конкурсных этапах, С.І.Багрова выступіла на міжнароднай канферэнцыі “Этнакультурнае выхаванне дашкольнікаў” з дакладам, прысвечаным далучэнню дашкольнікаў да культурных і духоўных каштоўнасцей беларускага народа сродкамі музейнай педагогікі, прэзентавала на конкурс творчых работ і выступленняў выхаванцаў “Планета Зямля — агульны дом для людзей” відэаролік “Мы рэсурсы беражом — эканомна мы жывём!”, створаны з удзелам настаўніка-дэфектолага Ю.С.Багровай і выхаванцаў спецыяльнай групы сярэдняга ўзросту для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У “Майстэрні майстроў” С.І.Багрова правяла майстар-клас “Адаптацыйная група “Усмешка” (аўтарскі праект).

Трэба адзначыць, што па выніках мінулагодняга І Міжнароднага конкурсу прафесійнага майстэрства спецыялістаў дашкольных адукацыйных арганізацый “Майстэрства без межаў” загадчыца ясляў-сада № 4 Ганцавіч Л.І.Гарагляд была адзначана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “Лепшы загадчык”. Сёлета ўстанова адукацыі ўдзельнічала ў намінацыі “Лепшы намеснік загадчыка”. С.І.Багрова вельмі ўдзячна калегам за вялікую падтрымку і дапамогу ў падрыхтоўцы да конкурсу. Калектыў ясляў-сада — гэта працавітая, творчая і згуртаваная каманда аднадумцаў. Дзякуючы зладжанай рабоце ўсіх супрацоўнікаў і падтрымцы бацькоў дзяцей, дашкольная ўстанова з 2011 да 2015 года займала 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі, летась — 2-е.

Загадчыца ясляў-сада № 9 Пружан А.А.Кот атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Лепшы загадчык”. Для конкурсу “Навошта я прыходжу да дзяцей?” яна падрыхтавала прэзентацыю, дзе расказала пра свой прафесійны шлях ад выхавальніка да загадчыцы. У конкурсе “Цікавы тыдзень!” быў паказаны праект “Ты і я, і мы з табой”, рэалізаваны разам з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, а ў конкурсе “Сардэчна запрашаем!” былі прэзентаваны акцыі “Увага — дарога!”, “Дзень дабрыні” і “Рабі дабро”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.