Паэтыка правільных рашэнняў

Мікалай Вараб’ёў прызнаецца, што ў матэматыку прыйшоў па шчаслівым збегу акалічнасцей. Ён доўгі час рыхтаваўся паступаць у медыцынскі інстытут, але з-за таго, што змяніўся пералік экзаменаў, падаў дакументы на фізіка-матэматычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (зараз ВДУ імя П.М.Машэрава). Так каралева навук матэматыка займела аднаго з самых выбітных алгебраістаў сучаснасці, заснавальніка навукова-педагагічнай школы па тэорыі класаў Фіцінга і яе прымяненні ў тэорыі груп.

Ужо на 4 курсе Мікалай Вараб’ёў заняўся малавядомай на той час тэорыяй французскага матэматыка Галуа. Як сёння прызнаецца вучоны, напачатку яму было проста цікава выпрабаваць сябе: ці можа студэнт адужаць такі ўзровень? Нечакана работа захапіла. Вынікі даследавання па прымяненні тэорыі Галуа да рашэння ўраўненняў у радыкалах сталі асновай першай сур’ёзнай навуковай работы, якая атрымала дыплом І ступені на рэспубліканскім конкурсе, а потым была залічана ў якасці рэферата пры паступленні ў аспірантуру.

Пасля інстытута Мікалай Цімафеевіч працаваў у сельскай школе, служыў у арміі. Пазней па запрашэнні навуковага кіраўніка Мікалая Ягоравіча Бальшакова вярнуўся на родны факультэт. Праз год вырашыў паступаць у аспірантуру ў Мінску. Але ўвосень, калі быў са студэнтамі “на бульбе”, яго тэрмінова выклікалі на факультэт: “Табой цікавяцца ў Гомельскім універсітэце, паедзеш?”

— Гомель славіўся школай знакамітага акадэміка Сяргея Антонавіча Чуніхіна, — гаворыць Мікалай Цімафеевіч. — Ён узрасціў маладога доктара навук, якому на той час было 36 гадоў, — майго навуковага кіраўніка ў аспірантуры Леаніда Аляксандравіча Шамяткова. Каб трапіць да яго, давялося вытрымаць конкурс 3 чалавекі на месца.

Аспірантуру па спецыяльнасці “Матэматычная логіка, алгебра і тэорыя лікаў” Мікалай Вараб’ёў скончыў з прадстаўленнем кандыдацкай дысертацыі. Вярнуўся ў Віцебск на кафедру алгебры і методыкі выкладання матэматыкі (быў тады самым маладым у інстытуце кандыдатам навук). Паступова стаў развіваць свой напрамак у навуцы, да чаго ў Гомелі спачатку паставіліся даволі скептычна, бо чакалася, што вучоны будзе працягваць традыцыі гэтай алгебраічнай школы.

Увагу Мікалая Цімафеевіча прыцягнула тэорыя класаў Фіцінга. Ёсць у сусветнай навуцы такі цікавы зборнік — “Каураўскі сшытак”. Там сабраны адкрытыя — на гэты час не рэшаныя — матэматычныя праблемы. Мікалаю Вараб’ёву ўдалося рашыць чатыры з іх поўнасцю і адну часткова — да канца пакуль што не атрымліваецца.

Навуковая дзейнасць Мікалая Цімафеевіча непарыўна звязана з педагагічнай. Гэта цудоўны лектар, магчымасць займацца ў якога студэнты ўспрымаюць як каштоўнасць, аўтар дзясяткаў публікацый у вядучых навуковых выданнях Беларусі і замежжа. У многіх, напрыклад, у Mathematical Reviews і Zentralblatt fur Mathematik, з’яўляецца рэцэнзентам. Ён аўтар і ўкладальнік шэрага вучэбна-метадычных дапаможнікаў для вышэйшай і агульнаадукацыйнай школы.

Кафедра з’яўлялася базавай у краіне па стварэнні цыкла падручнікаў, дыдактычных матэрыялаў і праграм для школ і класаў з паглыбленым вывучэннем матэматыкі. Мікалай Цімафеевіч Вараб’ёў разам з К.А.Ананчанкам і Г.М.Пятроўскім падрыхтавалі серыю школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па алгебры, алгебры і пачатках аналізу для 8—11 класаў з паглыбленым вывучэннем матэматыкі на дзвюх мовах. Дарэчы, па іх сёння займаюцца навучэнцы Ліцэя БДУ.

На кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі, якую ўзначальвае вучоны, сёння дзейнічаюць магістратура і аспірантура, навуковы семінар, гурткі для студэнтаў, філіял кафедры адкрыты ў гімназіі № 1 Віцебска. Калектыў і асабіста кіраўнік удзяляюць велізарную ўвагу даследчай рабоце навучэнцаў і маладзёжнай навуцы. Мікалай Вараб’ёў перакананы, што пераважная большасць людзей мае матэматычныя здольнасці, развіццё якіх залежыць ад розных жыццёвых умоў.

Стэрэатып, маўляў, матэматыка выключае эмоцыі і з’яўляецца даволі нудным заняткам, Мікалай Цімафеевіч лічыць не вартай увагі недарэчнасцю. Хіба можна шмат працаваць над вырашэннем праблемы, нарэшце знайсці яго і не адчуць ніякіх эмоцый? І няважна, гэта задача са школьнай праграмы ці навуковая праблема, над якой гадамі ламалі галаву вучоныя свету. Для аўтара рашэння гэта ні з чым не параўнальны трыумф, момант ісціны, які потым хочацца паўтарыць.

Сям’я Вараб’ёвых — матэматычная. Жонка вучонага Святлана — таксама выпускніца фізіка-матэматычнага факультэта. Сыны Мікалай і Сяргей — матэматыкі. Мікалай Мікалаевіч — доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. Яго дысертацыя ў 2014 годзе была адзначана Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй як лепшая ў сваёй навуковай галіне. Дыплом аднаму з самых маладых у краіне дактароў навук уручаў кіраўнік дзяржавы. Сяргей Мікалаевіч — кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт.

А калі гаварыць пра вялікую сям’ю даследчыкаў-алгебраістаў, якую заснаваў Мікалай Цімафеевіч, — адзіная на прасторы СНД навукова-педагагічная школа па тэорыі класаў Фіцінга і яе прымяненні ў тэорыі груп сёння прадстаўлена цэлым сузор’ем выдатных вучоных. Расказваючы пра поспехі сваіх вучняў, Мікалай Цімафеевіч дасціпна заўважае: “Радуюць і ў навуцы, і ў плане кар’ернага росту, але часам даводзіцца сварыцца — забіраюць вучоных на адміністраванне!” Зрэшты, калі настаўнік гаворыць пра сваю першую вучаніцу дэкана факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ Алену Мікалаеўну Залескую, двух намеснікаў дэкана і траіх загадчыкаў кафедраў, таксама вучняў (зараз яшчэ аднаго забіраюць на загадванне), іншых сваіх гадаванцаў, у яго голасе адчуваецца гонар.

Кафедра падтрымлівае цесныя навуковыя сувязі з універсітэтамі і навуковымі цэнтрамі блізкага і далёкага замежжа. Мікалай Цімафеевіч неаднойчы працаваў у вядучых акадэмічных інстытутах Кітая, быў запрошаны прафесарам у Цюбінгенскі ўніверсітэт (Германія), Наварскі ўніверсітэт (Іспанія) і іншыя вядомыя еўрапейскія навуковыя ўстановы. Знакамітыя замежныя матэматыкі таксама частыя госці ў Віцебску. Так, у ВДУ чытаў лекцыі калега Мікалая Вараб’ёва, яго добры знаёмы па міжнародных канферэнцыях, прафесар Пенсільванскага ўніверсітэта (ЗША) Францішак Марка. Дарэчы, дэкан факультэта Алена Залеская была на стажыроўцы ў Пенсільваніі і вярнулася з цвёрдай упэўненасцю: па ўзроўні вышэйшай матэматычнай адукацыі мы ў ліку лідараў.

— Матэматыка вельмі блізкая да мастацтва, — пераконвае Мікалай Вараб’ёў. — Да музыкі, безумоўна: тэорыя груп нават выкарыстоўваецца пры складанні праграм для напісання музычных твораў. Камп’ютар, канечне, не заменіць кампазітара, але можа здорава дапамагчы ў рабоце. Матэматыка вельмі блізкая да жывапісу, архітэктуры, скульптуры, дзе гармонія аб’ядноўвае формы, аб’ёмы і фарбы. Да паэзіі: фармулёўкі рашэнняў бываюць не менш прыгожымі і вытанчанымі, чым вершаваныя радкі. А з’явіцца памылка — гармонія парушыцца, захапленне і адчуванне судакранання з сапраўдным цудам знікне. Адшукаеш яе, выправіш — і радасць вяртаецца ўдвая.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *