У педагагічную прафесію выхавальніца ясляў-сада № 551 Мінска Тамара Міхайлаўна Юрча прыйшла не адразу. Пасля школы паступіла ў політэхнічны інстытут, але давялося кінуць вучобу, ніяк не даваўся “супрамат”. Выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. Прывяла першага ў дашкольную ўстанову і ўладкавалася сама памочнікам выхавальніка. Работу сумяшчала з навучаннем у Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага. З таго часу прайшло больш за 30 гадоў, якія Тамара Міхайлаўна прысвяціла любімай прафесіі.
“Нарадзілася я ў мнагадзетнай сям’і, нас было пяцёра, я — самая малодшая, — гаворыць Тамара Міхайлаўна. — Старэйшыя браты і сёстры стваралі сем’і і час ад часу “падкідвалі” мне пляменнікаў на выхаванне. Праводзіць час з малымі, гуляць з імі мне вельмі падабалася. Менавіта ў нашай вялікай сям’і зарадзілася любоў да маленькіх дзяцей. У яслі-сад № 551 Мінска я ўладкавалася з моманту адкрыцця ўстановы, як і мая напарніца Людміла Уладзіміраўна Грыб, з якой мы і дагэтуль працуем разам. Вялікі дзякуй ёй і нізкі паклон за падтрымку, за яе сяброўскае плячо, якое я заўсёды адчувала, за ўплыў, які яна аказала на мяне як на педагога і чалавека. Словы ўдзячнасці і загадчыцы ўстановы Людміле Альбінаўне Вярэніч, пад кіраўніцтвам якой калектыў працуе з 2002 года.
За што я люблю сваю работу? З дзецьмі адразу бачны вынік педагагічных намаганняў, прайшоў дзень — і ўжо нешта памянялася. Ідзеш на работу і не ведаеш, што цябе чакае, настолькі ўсё непрадказальна і непаўторна ў нашай краіне дзяцінства. Выхавальніку трэба хаця б крышку глядзець на свет дзіцячымі наіўнымі вачыма, каб лепш адчуваць і разумець сваіх выхаванцаў, размаўляць з імі на адной мове. З іншага боку, працуючы ў дзіцячым садзе, трэба несці вялікую адказнасць за жыццё і здароўе дзяцей, памятаць, што іх бацькі даверылі табе самае дарагое.
Не важна, кім стануць мае выхаванцы ў будучыні, якую прафесію выберуць. Галоўнае, каб яны былі добрымі людзьмі. Калі сустракаю свайго выпускніка, ужо дарослага чалавека, як жа я радуюся, калі пазнаю ў ім свайго маленькага свавольніка, па тым поглядзе, які раней у яго быў, па той жа ўсмешцы, якой ён адорвае мяне. І гэта дарагога каштуе”.
У 2000 годзе Тамары Юрча і яе напарніцы даверылі працаваць у групе для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Вялікую дапамогу ў карэкцыйнай рабоце па выпраўленні маўленчых парушэнняў дзяцей ім аказвае настаўнік-дэфектолаг сада Алена Эдуардаўна Менх. Як няпроста падабраць ключык да кожнага дзіцяці! У групу часам прыходзяць дзеці, якія не ўмеюць размаўляць, узаемадзейнічаць з астатнімі дзецьмі і дарослымі ім цяжка. Бацькі разумеюць іх па асобных гуках. У дзяцей з маўленчымі парушэннямі назіраюцца праблемы з канцэнтрацыяй увагі, каардынацыяй, дробнай маторыкай. Педагогам трэба паклапаціцца аб тым, каб стварыць такія ўмовы, каб дзіцяці захацелася размаўляць, падштурхнуць яго да размовы, да выказвання сваіх думак. Трэба зацікавіць выхаванца сумеснай дзейнасцю, цікавай гульнёй, падтрымаць, калі нешта не атрымліваецца: “Сёння не атрымалася, але ж ты малайчына, так стараўся! Наступны раз усё абавязкова атрымаецца!”. І малыш пачынае верыць у сябе. Па меркаванні Тамары Міхайлаўны, галоўны прынцып работы педагога — дапамагчы кожнаму дзіцяці раскрыць сябе, паверыць у сябе, самарэалізавацца. Хваліць трэба не агулам усіх дзяцей, а называць кожнага па імені, адзначаючы дасягненне кожнага, нават калі яно, на першы погляд, нязначнае. Выпускнікі спецыяльнай групы ідуць, як правіла, у масавыя школы, у большасці з іх маўленчыя парушэнні выпраўляюцца, выходзяць на норму.
У 2018 годзе Тамара Міхайлаўна абагульніла вопыт работы па тэме “Дыдактычная гульня як сродак фарміравання часовых уяўленняў у дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту”. Педагог прымала ўдзел у Міжнародным некамерцыйным конкурсе метадычных распрацовак “Інавацыя ў навучанні і выхаванні — 2018”, у гэтым жа годзе ўдзельнічала ў Міжнародным конкурсе аўтарскіх метадычных распрацовак у дашкольнай педагогіцы “Мастацтва выхавання” і прайшла ў фінал. Тамара Юрча з’яўляецца актыўным удзельнікам раённых метадычных аб’яднанняў, на якіх дзеліцца вопытам сваёй работы па ўкараненні ў адукацыйны працэс педагагічных інавацый. Назапашаны педагогам вопыт дазволіў яслям-саду № 551 Мінска з поспехам удзельнічаць у гарадскіх і раённых конкурсах і дасягнуць наступных вынікаў: 3-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе “Формула саду — 2016” у намінацыі “Камяністы сад”, 1-е месца ў гарадскім фестывалі па асновах бяспекі жыццядзейнасці сярод устаноў дашкольнай адукацыі “Бяспечнае дзяцінства — 2016”, 1-е месца ў раённым конкурсе на лепшы праект па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Формула саду — 2018” у намінацыі “Манахромны кветнік” .
Тамара Міхайлаўна пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх справах калектыву і творчых мерапрыемствах, аказвае дапамогу і падтрымку маладым калегам, карыстаецца вялікай павагай і аўтарытэтам сярод бацькоў.
“Узаемаадносіны з бацькамі падтрымліваю заўсёды добразычлівыя, — адзначае Тамара Міхайлаўна. — Сустракаю іх кожную раніцу і ўвечары з усмешкай, адказваю на іх пытанні. Нюансы могуць узнікаць розныя, але самае галоўнае, на мой погляд, не дапусціць канфлікт, папярэдзіць яго. Калі, напрыклад, раблю заўвагу бацькам аб няправільным учынку іх дзіцяці, у той жа час знайду і за што пахваліць малыша. І з калегамі імкнуся захоўваць добрыя адносіны, не пераносіць дзелавыя рознагалоссі ў сферу асабістых сімпатый або антыпатый. Калі ў мяне ўзнікла ўласнае меркаванне наконт рабочага пытання, абмяркоўваю яго з калегамі, заручаюся іх падтрымкай, раптам я не маю рацыі”.
Педагогу трэба быць стрэсаўстойлівым, каб супрацьстаяць штодзённым прафесійным цяжкасцям. Спраўляцца са стрэсам Тамары Міхайлаўне дапамагае фізічная нагрузка, прагулкі на свежым паветры. Пераключыцца і настроіцца на добры лад дазваляюць антыстрэсавыя расфарбоўкі, разгадванне крыжаванак, вязанне. Педагог занята самаадукацыяй, вучыцца на курсах павышэння кваліфікацыі для таго, каб разнастаіць метады навучання сваіх выхаванцаў, удзельнічае ў конкурсах і цікавых праектах, якія рэалізоўваюцца ў садзе. Зараз, напрыклад, Тамара Юрча плануе асвоіць і ўкараніць у сваю дзейнасць ІКТ. На яе думку, разнастайнасць інтарэсаў і жыццёвая актыўнасць здольны папярэдзіць прафесійнае выгаранне. А значыць, наперадзе чакаюць яшчэ доўгія гады руплівай педагагічнай працы на радасць сабе і дзецям.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.