Пагутарым пра жыццё

- 11:52Навіны рэгіёнаў

У новым годзе педагогі працягваюць радаваць сваімі перамогамі і поспехамі. Так, прыемныя звесткі прыйшлі ад аргкамітэта Усерасійскага конкурсу вучэбна-метадычных матэрыялаў па рускай мове сярод педагогаў і бібліятэкараў, студэнтаў педагагічных каледжаў і УВА: настаўніца Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна Іна Рычардаўна Віннік узнагароджана дыпломам пераможцы II ступені.

Конкурс праводзіўся Асацыяцыяй настаўнікаў літаратуры і рускай мовы і Маскоўскім педагагічным дзяржаўным універсітэтам і прапанаваў прадставіць канспекты і сцэнарыі ўрочных і пазаўрочных заняткаў у 5 намінацыях. У якасці ўрочных заняткаў на конкурс можна было заяўляць нестандартныя ўрокі рускай мовы — урокі-праекты, урокі-канферэнцыі, урокі — дзелавыя гульні, урокі-віктарыны, урокі-тэлемасты. У якасці пазаўрочных заняткаў маглі быць прадстаўлены квесты, канферэнцыі, дыспуты, дзелавыя і моўныя гульні, моўныя святы па тэмах, якія выходзяць за межы школьнай праграмы.
Іна Рычардаўна Віннік на конкурс у намінацыі “Мова — маўленне — камунікацыя” прадставіла канспект пазакласнага мерапрыемства для дзяцей старэйшага школьнага ўзросту “Пагутарым пра жыццё”. Мерапрыемства будуецца па тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо і накіраванна на ўсведамленне падлеткамі каштоўнасці жыцця. У канву мерапрыемства лагічна ўключаны ўрыўкі з твораў сусветна вядомых аўтараў Г.Г.Маркеса, Х.Л.Борхеса, І.Буніна, Ф.Крывіна, працуючы з якімі, дзеці думаюць і разважаюць пра тое, што жыццё — неверагодны дар чалавеку, радавацца яму можна ў любым узросце. Таксама ў мерапрыемстве прадстаўлены аўтарскі трэнінг “Лінія паміж дабром і злом”.

Такая перамога — цудоўны пачатак года для творчага педагога. Упэўнены, і працяг яго будзе не менш плённым.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва настаўніцы.