Прадстаўнікі 19 педагагічных дынастый Брэстчыны з’ехаліся на чарговы абласны злёт, арганізаваны абкамам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы абласнога ўпраўлення адукацыі. Мерапрыемства праходзіла ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці ў фармаце салодкага стала і музычна-гульнявых конкурсаў.
— Радуе, што ў настаўніцкую прафесію па-ранейшаму ідуць па поклічы сэрца і надоўга застаюцца ў ёй, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. — Прэстыж педагагічнай дзейнасці трымаецца на прафесіяналах і энтузіястах, якія шчыра любяць дзяцей і не ўяўляюць жыццё без школы. Важна, каб на змену старэйшаму пакаленню настаўнікаў прыходзіла таленавітая і неабыякавая моладзь. Прыемна, што на Брэстчыне шмат сем’яў, якія з пакалення ў пакаленне даюць сістэме адукацыі педагогаў.
— Сёння ў вобласці пражывае 172 педагагічныя дынастыі, кожная з якіх складаецца не менш як з чатырох пакаленняў настаўнікаў, — заўважыў старшыня абкама галіновага прафсаюза В.А.Харытановіч. — Агульны педагагічны стаж некаторых дынастый дасягае 400—500 гадоў. У кожным пакаленні шмат цікавых і годных людзей, якімі ганарыцца сістэма адукацыі Брэстчыны.
Падчас мерапрыемства можна было пазнаёміцца з прадстаўнікамі розных пакаленняў дынастый Дынько — Трафімавых, Яўціхавых — Пузікавых, Клімковых, Атліванавых, Крэсцьянінавых, Грыгор’евых, Савеня, Войнаш, Пунтус, Кукса — Керазь, Кавалевіч, Шашэнька, Вышынскіх, Коўшык, Буцько, Ніканчук, Шчэлак, Шамяцюк, Капітанавых і Строкач. А расказаць ім ёсць пра што, бо за плячыма багаты жыццёвы і прафесійны вопыт. Ветэраны педагагічнай працы ахвотна дзяліліся ўспамінамі і адказвалі на розныя пытанні: “Ці не расчараваліся ў прафесіі настаўніка?”, “Хто паўплываў на выбар прафесіі?”, “Які прадмет быў самым любімым і нелюбімым у школе?”, “Ці памятаеце першы ўрок і першага настаўніка?”, “Ці павінен педагог быць артыстам?”, “Якім павінен быць ідэальны вучань?” і інш.
На працягу сустрэчы прагучала шмат цёплых слоў, прысвечаных настаўніцкай прафесіі. Нягледзячы на паважны ўзрост, многія педагогі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці, ахвотна дзеляцца каштоўным вопытам, даюць карысныя парады моладзі. З настаўніцкай прафесіяй развітацца немагчыма. Былых настаўнікаў не бывае.
Падчас злёту начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук і старшыня абкама галіновага прафсаюза В.А.Харытановіч уручылі прадстаўнікам дынастый грашовыя сертыфікаты, пажадаўшы сталым педагогам моцнага здароўя, а маладым — поспехаў у прафесійным станаўленні.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Васіля КАРПІНЧЫКА.