Паказалі прафмайстэрства

- 9:20World Skills

Беларуска-расійскія конкурсы прафесійнага майстэрства па трох кампетэнцыях прайшлі ў Магілёве. Спаборніцтвы сталі адным з этапаў падрыхтоўкі да чэмпіянату WorldSkils International, які ў хуткім часе адбудзецца ў Шанхаі.

Удзел у конкурсах прынялі студэнты Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій і Маскоў­скага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання імя К.Р.Разумоўскага. Спаборніцтвы былі арганізаваны ў рамках плённага супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі.

— Арганізацыя падобных конкурсаў вельмі важная, бо гэта дазваляе студэнтам у сяброўскай і здаровай канкурэнтнай абстаноўцы паказаць сябе і паглядзець на ступень падрыхтоўкі іншых удзельнікаў. Такі фармат дапамагае набыць неабходны вопыт і рухацца наперад у прафесійным плане, каб потым паказаць у Кітаі дастойныя вынікі, — адзначыла прарэктар па выхаваўчай рабоце БДУТ нацыянальны эксперт WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” В.У.Мацыкава.

Прафесійныя спаборніцтвы прахо­дзілі па кампетэнцыях “Рэстаранны сэр­віс”, “Кулінарнае мастацтва”, “Хлебапячэнне”. Прапанаваныя канкурсантам заданні адрозніваліся пэўнай складанасцю. Напрыклад, удзельнікам кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” неабходна было згатаваць агароднінны крэм-суп, гарачую страву з птушкі і дэсерт з выкарыстаннем гарбуза і ігліцы. У якасці skill-тэста яны гатавалі амлет па-французску.

— Да задання прыкладаўся інгрэдыентны ліст, дзе быў указаны дазволены да выкарыстання спіс прадуктаў. Яны былі адзіныя для ўсіх, але вынікі атрымаліся розныя. Канкурсанты паказалі дастаткова высокі ўзровень кулінарнага майстэрства, прадэманстравалі валоданне новымі спосабамі апрацоўкі прадуктаў. Усе стравы адрозніваліся гармоніяй смаку, а таксама крэатыўным і інавацыйным падыходам да дэкарыравання і падачы, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Паводле яе слоў, годна справіліся з заданнямі і астатнія ўдзельнікі. У кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” канкурсанты спаборнічалі ў віртуознасці абслугоўвання, гатаванні кактэйляў, распрацоўвалі рэцэпт аўтарскага фламбе. І ўсё гэта — у рэальных умовах на базе аднаго з магілёўскіх рэстаранаў. А заданнем для кампетэнцыі “Хлеба­пячэнне” было стварэнне арт-кампазіцыі на тэму “Легенды і міфы народаў свету”.

Вызначаючы лепшых, кампетэнтнае журы ўлічвала і работу канкурсантаў у працэсе выканання заданняў, і канчатковы вынік. Па ўсіх крытэрыях у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” пераможцам стаў студэнт Маскоўскага ўніверсітэта тэхналогій і кіравання імя К.Р.Разумоўскага Іскандар Слаеў, які ўжо з’яўляецца чэмпіёнам WorldSkils International. У кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” перамогу таксама атрымаў студэнт маскоўскага ўніверсітэта Нізамідзін Нішанбаеў. А вось у кампетэнцыі “Хлебапячэнне” вызначыліся студэнткі Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юлія Рашкевіч і Арына Падгорная. Усе пераможцы і прызёры конкурсаў былі адзначаны ганаровымі дыпломамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена БДУТ.