Сцэнарый першага ўрока ў Дзень ведаў для пачатковых класаў
Мэты:
1. Паглыбляць веды вучняў аб Беларусі: яе гістарычным мінулым, ваенным ліхалецці, знакамітых мясцінах, вядомых людзях, прамысловасці і сучаснасці роднага краю.
2. Стварыць умовы для развіцця звязнага маўлення, памяці, увагі, навыкаў самастойнай работы і работы ў групе.
3. Садзейнічаць выхаванню патрыятызму, пачуцця павагі і гордасці за знакамітых суайчыннікаў, пачуцця калектывізму.
Ход урока
1. Арганізацыйны момант
Фарбуе верасень лісты ў асенні колер,
Сышліся зноў і я, і ты ў роднай школе.
З днём ведаў шчыра віншуем мы вас
І на урок запрашаем усіх у клас.
2. Паведамленне тэмы і мэт урока
Наш першы ўрачысты ўрок прысвечаны тэме “Нам мір завешчана берагчы!”. На ўроку мы даведаемся пра гістарычнае мінулае Беларусі, вядомыя мясціны, знакамітых людзей, сучасны выгляд нашай Радзімы.
3. Уступная гутарка
Сёння на ўроку мы запрашаем вас у падарожжа на машыне часу. А ці ведаеце вы, што такое машына часу і як яна працуе?
Наша машына часу незвычайная, яна выдае нам не год, а пэўны прыпынак. І яна не рухаецца далей да таго часу, пакуль вы не папрацуеце і не даведаецеся што-небудзь новае. Але наша машына не пачне працаваць, пакуль вы не выканаеце пэўныя рухі: 4 павароты налева-направа; 4 прысяданні; 4 крокі на месцы;4 разы заплюшчыць вочы; 4 разы паварочаць галавой.
4. Вывучэнне тэмы ўрока
Вось наша машына часу. На ёй мы будзем вандраваць па нашай краіне. Але спачатку раскажыце, што вы памятаеце пра сваю Радзіму.
Віктарына
1. Як называецца наша Радзіма?
2. Хто Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь?
3. Колькі абласцей у Беларусі?
4. Якіх суседзяў Беларусі вы памятаеце?
5. Якая сталіца Беларусі?
6. Па якіх прыметах мы адрозніваем нашу краіну сярод іншых?
7. Якія дзяржаўныя сімвалы вы ведаеце?
8. Як называецца галоўная песня краіны?
9. У якім раёне вы пражываеце?
10. Па якім адрасе размешчана ваша школа?
1 прыпынак — “Знакамітыя мясціны Беларусі”
Лідскі замак быў пабудаваны 700 гадоў назад. Вельмі часта ён разбураўся. З аднаго боку быў глыбокі роў, з другога — возера. Цяпер гэты замак рамантуецца.
Мірскі замак — адзін з найцікавейшых замкаў. Гавораць, што ён злучаны падземным ходам з
Нясвіжскім замкам. Цяпер там працуе гасцініца, рэстаран. Можна прыехаць сюды і адпачыць.
Нясвіжскі замак упершыню ўпамінаецца ў ХІІІ стагоддзі (800 гадоў назад). Замак быў акружаны ровам, а ўнутры быў двор. Цяпер гэта комплекс для адпачынку.
Увогуле, пра кожны замак можна гаварыць бясконца. Куды цікавей убачыць усё на свае вочы.
Замкаў і палацаў на тэрыторыі Беларусі вельмі шмат. І для таго каб разгледзець кожны з іх, аднаго ўрока мала. Будзем з імі знаёміцца на працягу навучальнага года. А ў якіх замках былі вы? Што можаце пра іх расказаць?
2 прыпынак — “Беларусь ваенная”
Прэзентацыя
Кожны з вас ведае, што ў гісторыі Беларусі былі такія жудасныя часы, калі людзі баяліся адно аднаго, галадалі, не чулі спеваў птушак, не атрымлівалі задавальнення ад хараства прыроды, а бачылі разбураныя гарады, спаленыя хаты, людскія слёзы, скрываўленыя палі, чулі жудасныя крыкі… Хто здагадаўся, у якія гады гэта было? Што вы ведаеце пра Вялікую Айчынную вайну?
У гады вайны разам з дарослымі з ворагамі змагаліся і дзеці. Яны вельмі рана сталелі. Пра подзвігі дзяцей можна даведацца, прачытаўшы кнігу “Ніколі не забудзем”.
Для таго каб людзі помнілі пра гераічныя подзвігі нашых суайчыннікаў, у кожным горадзе, у кожнай вёсцы ўстаноўлены помнікі і абеліскі.
А як вы ўшаноўваеце памяць людзей, якія змагаліся за светлую будучыню сваёй Радзімы?
3 прыпынак — “Славутыя імёны Беларусі”
Гульня “Чацвёрты лішні”
Вучням прапаноўваюцца карткі з заданнем, дзе трэба выбраць “лішняга” і растлумачыць, чым гэтая асоба вядома. Вучні працуюць у групах.
Ксенія Русіновіч, Паліна Лазовік, Францыск Скарына, Мікіта Банцэвіч.
Ефрасіння Полацкая, Ксенія Аўсянік, Аляксей Аўгусціновіч, Дзмітрый Жых.
Павел Болтач, Кірыл Уласевіч, Якуб Колас, Аляксандра Мацко.
Ксенія Піваварчык, Янка Купала, Дар’я Страхель, Вікторыя Аўсянік.
Дар’я Сёмуха, Мацвей Хоміч, Пётр Клімук, Таццяна Лабейка.
Януш Абрыцкі, Ангеліна Сёмуха, Руслан Акуновіч, Дар’я Домрачава.
Увогуле, людзей, якія праславілі нашу краіну, шмат. На працягу многіх урокаў мы будзем знаёміцца з іх імёнамі і іх укладам у развіццё нашай Радзімы.
4 прыпынак — “Беларусь прамысловая”
Што азначае паняцце “прамысловасць”? Што вырабляюць у нашай краіне?
Загадкі
Аб ім мы марылі даўно.
У дом прыехала кіно.
У разетку падключаецца —
Мультфільмы пачынаюцца. (Тэлевізар.)
Не світка, а сшыта.
Не куст, а з лісточкамі.
Маленькага росту.
Хто яе знае, той розум мае. (Кніга.)
Было жоўтым, стала зялёным,
Сонца пацалавала —
Зноў жоўтым стала. (Жыта.)
Адкрываю скрынку я —
Выпаўзла з яе змяя.
А змяя грымучая і яшчэ паўзучая.
Пастаралася змяя — хата чыстая мая. (Пыласос.)
Урадзіўся ён высокі,
Шаўкавісты, сінявокі.
Апранае нас здавён…
Здагадайцеся, хто ён. (Лён.)
Уранні з гаража выходзіць
І грузы розныя развозіць.
Ён гэтае рабіць прывык,
Бо нездарма ж ён… (Грузавік.)
Названую прадукцыю, і не толькі, вырабляюць заводы і фабрыкі нашай краіны. Гэта і адзенне, і абутак, і малочныя вырабы, і цукар, і многае іншае, што так неабходна для жыцця чалавека. Беларуская прадукцыя карыстаецца попытам не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і за яе межамі. А як вы думаеце, хто працуе на фабрыках і заводах?
5 прыпынак — “Беларусь сучасная”
Прэзентацыя “Было — стала”
(Спачатку паказваюцца фотаздымкі, на якіх адлюстравана мінулае нашай краіны, пасля — сучасныя. Дзеці назіраюць за тым, што змянілася за многія гады.)
Як вы думаеце, ці заўсёды наша Радзіма была такая ж прыгожая, як цяпер?
5. Абагульненне
На гэтым наша падарожжа па Беларусі заканчваецца. Што новага вы даведаліся? Што ўспомнілі? А цяпер звернемся да тэмы ўрока. Адкажыце на пытанне: навошта нам берагчы мір і чаму нам гэта завешчана?
Галоўнае багацце любой краіны — гэта людзі. Дзякуючы нашым продкам, іх працы, на працягу многіх стагоддзяў Беларусь аднаўлялася і квітнела. Толькі дзякуючы знакамітым людзям, нашу Радзіму ведаюць далёка за яе межамі. Каб гэтая праца не была дарэмнай, мы ўсе павінны шанаваць нашу спадчыну, захоўваць мір на Зямлі як самую вялікую каштоўнасць, быць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны і пакінуць у спадчыну нашым нашчадкам такую ж прыгожую, квітнеючую краіну.
6. Вынік
Кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: што я зраблю сёння для сваёй Радзімы, як пражыву год, каб не было сорамна ні мне, ні маёй сям’і? (Дзеці выказваюць свае думкі.)
Гучыць песня Анжалікі Агурбаш “Ясная, светлая”.
Ала ЛАЗОВІК,
Наталля ГУЛЕЦКАЯ,
настаўніцы пачатковых класаў
Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці.