Паліна Гардзіевіч з сярэдняй школы № 1 Клімавіч: «Стварэнне праектаў развівае самастойнасць і крэатыўнасць дзяцей»

- 14:17Первое рабочее место

Не проста даваць веды, а фарміраваць асобу навучэнцаў. У гэтым бачыць сваю галоўную задачу настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Клімавіч Паліна Гардзіевіч, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

У  прафесію Паліна Артураўна прыйшла свядома, яшчэ з дзіцячых гадоў яна бачыла сябе настаўніцай: 

— На мяне моцна паўплываў прыклад маці. Можна сказаць, што прафесія дасталася ў спадчыну. Сядзела на апошніх партах на маміных уроках, па вечарах дапамагала ёй з праверкай сшыткаў. Бачыла, як матуля ўкладае душу ў кожнага вучня. Менавіта гэта натхніла на працяг сямейнай справы.

Юнацкае памкненне Паліна Артураўна рэалізавала. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і маладым педагогам вярнулася на малую радзіму ў Клімавіцкі раён.

— Выкладаць прыехала ў родную школу. І зараз добра памятаю свой самы першы ўрок. Было і хваляванне, і няўпэўненасць. Але ўсё гэта прайшло, калі ўбачыла ціка­васць у вачах вучняў, заўважыла ўсмешкі. Тады пераканалася, што з прафесіяй не памылілася і знаходжуся на сваім месцы, — падзялілася Паліна Гар­дзіевіч.

Сёння за плячыма Паліны Артураўны амаль два гады працоўнага стажу. За гэты перыяд яна не толькі прайшла прафесійнае станаўленне, але і выпрацавала дзейсную сістэму навучання дзяцей англійскай мове.

— Імкнуся данесці да навучэнцаў, што англійская мова — інструмент зносін паміж людзьмі з розных краін. Каб зацікавіць прадметам, паказваю, як мова працуе ў рэальным жыцці. Разам мы слухаем песні, абмяркоўваем фільмы, вядзём ролевыя дыялогі. Важнай з’яўляецца атмасфера ў класе. Ствараю сітуацыі поспеху для вучняў, даю ім магчымасць праявіць сябе, напаўняю ўрокі інтэрактыўнымі заданнямі. Ды і ў цэлым заняткі імкнуся праводзіць захапляльна, пастаянна знахо­джуся ў творчым пошуку. Кіруюся ў рабоце прынцыпам “запалі сябе і зможаш запаліць іншых”, — паведаміла педагог.

На ўроках англійскай мовы рэгулярна праводжу паралелі з гісторыяй, культурай і традыцыямі Беларусі. Гордасць за сваю краіну прывіваю навучэнцам і на пазакласных мерапрыемствах.

Сярод прафесійных арыенціраў Паліны Гардзіевіч — наладжванне супрацоўніцтва, кантакту і даверлівых адносін з навучэнцамі. Яна ўпэўнена: настаўнік — не той, хто вучыць, а той, з кім хочацца вучыцца.

— У цэнтры маіх урокаў — жывое, актыўнае ўзаемадзеянне, а не завучванне правіл для адзнакі. Вучням неабходна адчу­ваць, што педагог не над, а побач з імі. Заўсёды ўлічваю здольнасці дзяцей, шукаю ключ да іх сэрцаў. Так паміж намі ўзнікае паразуменне, а гэта самы эфектыўны спосаб дасягнення высокай вучэбнай паспяховасці, — запэўніла Паліна Артураўна.

Заняткі педагог будуе на сумяшчэнні традыцыйных і сучасных адукацыйных методык. Шырока прымяняе камунікатыўны падыход, гульнявыя тэхналогіі, праектны метад, лічбавыя інструменты і сэрвісы.

— Інтэрв’ю, дэбаты, дыялогі вучаць навучэнцаў размаўляць на замежнай мове: выказваць меркаванне, задаваць пытанні, аргументаваць пазіцыю. Квесты, моўныя віктарыны, гульні робяць урокі яркімі і эмацыянальна насычанымі. Стварэнне праектаў развівае самастойнасць, адказнасць і крэатыўнасць дзяцей, — патлумачыла Паліна Артураўна.

Асаблівую ўвагу педагог удзяляе выкарыстанню выхаваўчага патэнцыялу заняткаў. Праз вывучэнне англійскай мовы знаёміць вучняў з сусветнай культурай, гутарыць з імі пра чалавечыя і грамадзянскія каштоўнасці:

— Навучаючы, уношу ўклад у фарміраванне дзіцячай асобы. Акцэнт раблю на патрыятычным выхаванні.

У ліку прафесійных прыярытэтаў Паліны Гардзіевіч — работа з адоранымі дзецьмі. Здольнасці вучняў яна раскрывае праз індывідуальнае суправаджэнне.

— Для таленавітых навучэнцаў распрацоўваю персанальную адукацыйную траекторыю, якая нярэдка выходзіць за рамкі школьнай праграмы. Рыхтую іх да ўдзелу ў алімпіядным руху. Раблю гэта гарманічна, без перагрузак, захоўваючы ў дзяцей матывацыю і радасць пазнання. Вынікі адпаведныя: вучні ўжо бралі дыпломы на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды, — адзначыла настаўніца.

Знакавыя дасягненні ёсць і ў самой Паліны Артураўны. Летась яна перамагла ў раённым конкурсе “Прызванне — педагог”:

— У найбліжэйшых планах — удасканаленне прафесійнага майстэрства. Хочацца вырасці ў методыцы выкладання, паглы­біць кампетэнцыі ў псіхалогіі і лічбавых тэхналогіях. Адчуваю, што гэта цалкам магчыма.  Адміністрацыя школы адкрыта да ініцыятыў, стварае камфортныя ўмовы для творчасці і росту. А наш педагагічны калектыў — сапраўдная каманда аднадумцаў, у якой усе падтрымліваюць адно аднаго. У такім асяроддзі задумы абавязкова рэалізуюцца.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара