Палёт у будучыню

- 10:07Культура

24 сакавіка ў Мінскім аэраклубе ДТСААФ сабраліся касманаўты і астранаўты з Расіі, ЗША, Францыі, Германіі. Яны наведалі фінал нацыянальнага адбору Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка FAI Young Artists Contest — 2018, які арганізоўвае Міжнародная федэрацыя авіяцыйнага спорту. У гэтым годзе тэма фіналу — “Палёт у будучыню”. Удзельнікам прапанавалі ўявіць, якім будуць лятальныя апараты праз дзясяткі і сотні гадоў.

Конкурс FAI Young Artists Contest — 2018 праводзіцца трыццаты раз. Дзякуючы Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту, ужо другі год запар удзельнічаць у спаборніцтве могуць і юныя таленты з Беларусі.

У конкурсе прымалі ўдзел дзеці і моладзь ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў. Пераможцаў выбіралі ў трох узроставых катэгорыях: 7—10, 11—14 і 15—18 гадоў. Усяго было пададзена каля 1500 работ з усіх куткоў краіны. Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту ў фінал выбрала 45 лепшых. У фінале ў кожнай узроставай катэгорыі вызначыліся па тры пераможцы. 9 лепшых малюнкаў будуць адпраўлены ў Лазану (Швейцарыя). Пераможцаў выбіралі касманаўт Алег Навіцкі, пілот верталёта і самалёта Аляксей Мачанскі, дырэктар адной з камерцыйных кампаній Святлана Шэўлік, тэлевядучая Святлана Бароўская, а таксама гімнастка Любоў Чаркашына.

На мерапрыемстве было мнагалюдна: усе хацелі паглядзець, якой уяўляюць будучыню юныя таленты, даведацца імёны пераможцаў і пазнаёміцца з касманаўтамі і астранаўтамі. На выставе можна было ўбачыць малюнак школьнага аўтобуса, які лятае, нябесны аўтамабіль, лятаючыя кабіны для сустрэчы світання; паназіраць за спаборніцтвам паміж лятальнай талеркай і самалётам Ан-2 і яшчэ шмат чаго цікавага.

У ангары прысутным прапаноўвалі зрабіць аквагрым, а таксама сфатаграфавацца каля верталёта, самалёта, паглядзець, як працуюць радыёкіруемыя квадракоптары. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі фотаздымкі касманаўтаў з розных краін свету з аўтографамі. Пераможцам уручылі сертыфікаты на палёты на самалёце і верталёце, скачок з парашутам, а таксама лятальныя дроны.

Напрыканцы свята для фіналістаў была арганізавана экскурсія на самалёце і верталёце.

Дар’я ЦАУНЯ.
Фота прадастаўлена камунікацыйным агенцтвам PR Vision.