Памяць кожнага з нас

- 10:56Навіны рэгіёнаў

У музеі школы № 8 Навагрудка сабраны багаты матэрыял аб гісторыі горада і навучальнай установы, славутых земляках. Больш за 600 экспанатаў складаюць яго экспазіцыі, якія на працягу дзесяцігоддзяў рупліва збіралі настаўнікі і вучні. І сярод іх выдзяляецца раздзел, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне і гісторыі халакосту на Навагрудчыне. Аб вывучэнні гэтай тэмы мы гутарым з дырэктарам сярэдняй школы № 8 Навагрудка Аксанай Гарэлік.

— Аксана Генадзьеўна, Навагрудчына падчас вайны стала месцам пакут і месцам гераізму людзей розных нацыянальнасцей, аб чым сённяшняе пакаленне дзяцей можа даведацца і ў сценах школьнага музея. Калі вы сталі займацца тэмай халакосту?

— Я прывяду словы Іегуда Баўэра, якія сталі дэвізам польска-беларускага дакументальна-адукацыйнага праекта па вывучэнні яўрэйскай спадчыны: “Засваенне ўрокаў халакосту неабходна дзеля таго, каб мы і нашы дзеці ніколі не сталі ахвярамі, ніколі не сталі катамі, ніколі не сталі абыякавымі назіральнікамі чужых трагедый”. Праект, у якім мы ўдзельнічалі ў 2011 годзе, зацікавіў тым, што кранаў і тэму гісторыі Навагрудка, дзе да вайны жыла вялікая яўрэйская абшчына, дзе дзейнічаў партызанскі атрад братоў Бельскіх.

— Якія даследаванні праводзіліся ў межах гэтага праекта?

— Кіраўнік музея Жанна Яўгеньеўна Нягода, якая з’яўлялася каардынатарам праекта, разам з вучнямі правяла даследаванні па вывучэнні гісторыі заснавання Навагрудскай яўрэйскай абшчыны, халакосту на тэрыторыі СССР, дзейнасці яўрэйскага супраціўлення на Навагрудчыне і партызанскага атрада братоў Бельскіх. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі праекта былі вучні Антон Ермакоў, Юлія Кавальчук, Віялета Паўловіч, Хрысціна Занько, Валянцін Лі.

За гэты час школьны музей наведалі сваякі Т.Бельскага (малодшы брат Аран Бельскі і дачка Асаэля Бельскага Асаэла, якая падарыла школьнаму музею кнігу Пітэра Дафі “Браты Бельскія”), а таксама сваякі яўрэяў, якія нарадзіліся ў час вайны на Навагрудчыне, дзеці і ўнукі яўрэяў, якія працавалі ў нямецкім шпіталі, што змяшчаўся ў будынку нашай школы. Пасля візіту гасцей з Ізраіля перапіска вялася з сям’ёй Флейшман, якія перадалі ў наш музей тору ў памяць аб Хаіме-Ісэры Яфэ (бацьку Перлы), які нарадзіўся ў Навагрудку ў 1922 годзе.

Дзякуючы праведзенай рабоце школьны музей папоўніўся такімі экспанатамі, як дакументы аб генацыдзе фашыстаў, дыскамі з яўрэйскай музыкай беларускіх кампазітараў, з фотаздымкамі “Памяць кожнага з нас”, вучэбнымі матэрыяламі “Вывучэнне яўрэйскай спадчыны Беларусі”, кнігай успамінаў “Як мы перажылі халакост” Джэка Кагана і Доўа Когена.

— Са студзеня 2017 года школа ўдзельнічае ў новым міжнародным праекце. Раскажыце аб ім.

— Дзякуючы былому дырэктару Навагрудскага краязнаўчага музея Тамары Вяршыцкай, якая з’яўляецца адным з даследчыкаў яўрэйскага супраціўлення, мы сталі ўдзельнічаць у міжнародным праекце “Гімн яўрэйскіх партызан”. Гэты праект накіраваны на абмен фактамі мясцовай гісторыі, асабліва звязанай з яўрэйскай гісторыяй, паміж школамі ў Аўстраліі, Паўднёвай Афрыцы, Літве, Украіне і Малдове. З нашага боку праект каардынуе настаўніца англійскай мовы Алена Уладзіміраўна Штэпа-Траццяк. Найбольш актыўныя яго ўдзельнікі — вучні 9—11 класаў. Яны прынялі ўдзел у анлайн-канферэнцыі, дзе прэзентавалі відэаролік аб нашай школе і камандзе, якая будзе рэалізоўваць праект.

— На вашу думку, чаму важна ўключаць дзяцей у такую даследчую работу, што дае яна сённяшняму маладому пакаленню?

— Без ведання ўсіх старонак гісторыі роднай зямлі, без павагі да продкаў немагчыма выхаваць адказнага грамадзяніна. Гісторыя нашага горада шматгранная, і адна з гэтых граней належыць яўрэйскаму народу. Пярвічная арганізацыя БРСМ школы з 2010 года носіць імя Тувіі Бельскага, які арганізаваў на Навагрудчыне партызанскі атрад і выратаваў ад немінучай гібелі 1200 чалавек.

Нашы старшакласнікі імкнуцца аднавіць і захаваць памяць пра людзей, дзякуючы якім мы сёння жывём у мірнай краіне. Адным з элементаў захавання такой памяці стане песня, якую яны развучваюць у гэтыя дні. Гэта яўрэйская партызанская песня “Ніколі не кажы, што гэта апошні шлях!”. Яна была таксама вядома як “Гімн яўрэйскіх партызан” і напісана маладым віленскім паэтам Хіршам Глікам на мелодыю песні савецкага яўрэйскага кампазітара Дзмітрыя Пакраса “То не хмары — навальнічныя аблокі”. Песня з’явілася ў 1942 годзе і хутка распаўсюдзілася па іншых гета і лагерах, а пасля паўстання ў варшаўскім гета стала афіцыйным гімнам віленскага падполля. Для ўдзелу ў праекце песня была перакладзена на беларускую мову “Ты не кажы, што гэта дзень апошні твой” Аляксеем Жбанавым, бардам, перакладчыкам песень з ідзіш на беларускую мову.

— Дзякуй за размову, Аксана Генадзьеўна, і за тую работу, якую вы ведзяце ў школе па патрыятычным выхаванні дзяцей.

— Мы спадзяёмся, што дзейнасць у межах новага праекта дазволіць нам падняць гэтую работу на новы ўзровень і папоўніць экспазіцыю школьнага музей, прысвечаную падзеям Вялікай Айчыннай вайны.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.