Памяць пра паэта — у надзейных руках і чуллівых сэрцах

- 17:10Культура

На мінулым тыдні споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі. Юбілей быў адзначаны шэрагам святочных падзей: у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры была адкрыта выстава, прысвечаная паэту, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусціла ў абарот паштовы канверт з арыгінальнай маркай “100 гадоў з дня нараджэння Пімена Панчанкі” і інш. Эпіцэнтрам панчанкаўскага свята стала сталічная сярэдняя школа № 199, у сценах якой месціцца адзіны ў Беларусі Літаратурны музей Пімена Панчанкі.

Адкрыты ў 2003 годдзе з ініцыятывы настаўніцы беларускай літаратуры Яніны Іванаўны Плашчынскай і першага дырэктара мінскай сярэдняй школы № 199 Сяргея Пятровіча Стрэнкоўскага (цяпер працуе першым прарэктарам Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі), Літаратурны музей Пімена Панчанкі сёння ведаюць у культурніцкіх колах Беларусі нароўні з іншымі літаратурнымі і літаратурна-мемарыяльнымі музеямі нашых класікаў. Фактычна толькі тут, у гэтай адукацыйнай установе па сталічнай вуліцы Панчанкі, 32, сабраны ў такой вялікай колькасці рэчы і прадметы, якія акружалі Пімена Панчанку пры яго жыцці: хатні пісьмовы стол з друкаркай “Эрыкай” (дарэчы, яна і сёння спраўна працуе) і тэлефонам, мэбля, адзенне, рознага кшталту канцылярскія прадметы, шкло, посуд, прыборы, грампласцінкі. Вялікую каштоўнасць маюць артэфакты, звязаныя непасрэдна з творчасцю народнага паэта: прыжыццёвыя друкаваныя выданні, рукапісы, брашуры, аўтографы, газеты, дакументы, а таксама ўзнагароды, сярод якіх ордэн Айчыннай вайны, медалі, памятныя значкі, дыпломы і граматы. У свой час школьнаму музею (хоць па сваім рэальным статусе Літаратурны музей Пімена Панчанкі ў 199-й школе даўно вырас са школьнага музея ў нашым трывіяльным уяўленні) іх ласкава перадалі сваякі паэта, найперш асабіста яго жонка Зоя Кірылаўна.

Сёння фонды музея налічваюць больш за тысячу музейных прадметаў, для правядзення экскурсій з ліку навучэнцаў падрыхтаваны спецыяльныя групы экскурсаводаў, а на ўвагу з боку наведвальнікаў музею скардзіцца не выпадае — толькі за апошнія тры гады яго наведалі больш за пяць тысяч чалавек, у тым ліку замежнікаў. Як, зрэшты, не выпадае скардзіцца і на ўвагу з боку афіцыйнага куратара ў выглядзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, якое 27 чэрвеня 2017 года прысвоіла музею статус “народны”.

А 23 жніўня, якраз у дзень нараджэння паэта, з нагоды юбілею творцы ў 199-й школе было арганізавана маштабнае мерапрыемства, у рамках якога для шаноўных гасцей школьнікі правялі экскурсіі па музеі, у калідоры разгарнулася выстава вучнёўскіх мастацкіх работ, друкаваных выданняў і артыкулаў пра дзейнасць музея (прыемна, што там знайшлося месца і нумарам “Настаўніцкай газеты”), адбыўся філарманічны канцэрт. Сваім гонарам наведаць школу і музей у гэты дзень палічылі старшыня адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Арцём Мікалаевіч Цуран і яго намеснік Наталля Варленаўна Праскурава, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Вячаслававіч Мілаванаў і Віталь Рыгоравіч Місявец, дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Святлана Іванаўна Цабкала, начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Уладзіміраўна Чупрыс, першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргей Пятровіч Стрэнкоўскі, сваякі паэта, кіраўнікі музеяў і бібліятэк горада, пісьменнікі. У кожнага з іх знаходзіліся падчас урачыстай часткі мерапрыемства цёплыя словы ў адрас школы, музея і, безумоўна, самога паэта, а таксама каштоўныя падарункі, якія на сцэне актавай залы школы прымала дырэктар Галіна Аркадзьеўна Філіпёнак. Асабліва запомнілася пранікнёнае выступленне вядомага пісьменніка галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка” Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага, які сфармуляваў самы каштоўны ўрок, які даў Пімен Емяльянавіч нашчадкам: “Ён сваім асабістым жыццём паказаў, як мы павінны жыць у сваім жыццёвым раі, як даражыць кожным днём, як сябраваць, як падтрымліваць адно аднаго, як да слёз любіць нашу зямлю, нашу мову, нашу культуру і нашу гісторыю”. А дзейнасць Літаратурнага музея Пімена Панчанкі, руплівасць адміністрацыі, настаўнікаў і вучняў 199-й сталічнай сярэдняй школы — гэта нагляднае сведчанне таго, што народны паэт сёння жыве паўнацэнным і яркім жыццём пасля жыцця. Спадчына Пімена Емяльянавіча, памяць пра яго ў надзейных руках і чуллівых сэрцах.

Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да магілы народнага паэта Беларусі — яго любімых сініх касачоў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.