Панарама вопыту: трансляцыя інавацыйнай педагагічнай практыкі

- 14:40Навіны рэгіёнаў

Атрымаць поспех у сучасным свеце без самаадукацыі немагчыма, таксама немагчымы без яе фарміраванне правільнага светаўспрымання і арыентацыя ў нашым пастаянна зменлівым свеце. Чалавек павінен умець творча вырашаць навуковыя, вытворчыя і грамадскія задачы, самастойна крытычна думаць, выпрацоўваць і адстойваць свой пункт гледжання, паважаючы пры гэтым меркаванні іншых людзей, а для гэтага неабходна сістэматычна і бесперапынна папаўняць і абнаўляць свае веды.

Адным са значных кірункаў у дзейнасці ўстаноў адукацыі з’яўляецца трансляцыя эфектыўнага педагагічнага вопыту праз удзел у конкурсах метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, метадычных форумах, канферэнцыях, фестывалях, семінарах, панарамах вопыту.

З мэтай удасканалення прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у працэсе рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання метадалагічнай культуры вучняў у адукацыйным працэсе” ў сярэдняй школе № 2 Горак адбылася панарама вопыту па тэме “Практычныя аспекты фарміравання метадалагічнай культуры вучняў у адукацыйным працэсе”.

У мерапрыемстве прынялi ўдзел 25 педагагічных работнікаў з 7 устаноў адукацыі, якія рэалізуюць рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання метадалагічнай культуры вучняў у адукацыйным працэсе”, а таксама Алена Аляксандраўна Навумава, загадчыца Горацкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, Алена Іванаўна Снапкова, загадчыца кафедры педагогікі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова, кандыдат педагагічных навук, дацэнт, навуковы кансультант інавацыйнага праекта, Дзіна Уладзіміраўна Лусцянкова, метадыст аддзела педагагічных інавацый Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Мерапрыемства пачалося з экскурсіі па школе і майстар-класаў у рамках выставы творчасці навучэнцаў пад кіраўніцтвам настаўнікаў працоўнага навучання Святланы Міхайлаўны Харламавай і Паўла Аляксандравіча Фамічова. У актавай зале ўдзельнікі семінара мелі магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі выставы метадычных матэрыялаў у рамках інавацыйнай дзейнасці.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 2 Горак Таццяна Мікалаеўна Бязносава пазнаёміла ўдзельнікаў панарамы вопыту з асаблівасцямі работы ўстановы адукацыі ў інавацыйнай дзейнасці, прэзентавала вопыт работы педагагічнага калектыву па фарміраванні метадалагічнай культуры навучэнцаў. У сваю чаргу прысутныя мелі магчымасць задаць пытанні па эфектыўнасці прапанаваных распрацовак, пазнаёміцца з матэрыяламі работы.

Практычныя аспекты фарміравання метадалагічнай культуры ва ўрочнай дзейнасці былі прадстаўлены настаўнікамі-прадметнікамі.

Настаўнікі матэматыкі Кацярына Сяргееўна Казлова і Таццяна Віктараўна Чапуркіна правялі ўрокі ў 11 і 8 класах па тэмах “Лагарыфмічныя няроўнасці”, “Прамежкі знакапастаянства квадратычнай функцыі”. Настаўнік інфарматыкі Герман Яўгенавіч Куляшоў даў адкрыты ўрок “Прымяненне стандартных функцый” у 10 класе, у 7 класе настаўнік фізікі Валянцін Міхайлавіч Пірожнік правёў урок па тэме “Складанне сіл. Раўна­дзейная сіла”. У 9-х класах прадэманстравалі ўрокі настаўніца англійскай мовы Наталля Мікалаеўна Бугаёва па тэме “Кліматычныя асаблівасці ЗША”, настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Анатольеўна Хітрук па тэме “М.Ю.Лермантаў. Раман “Герой нашага часу”.

Майстар-клас “Роля сацыяльнага партнёрства ў фарміраванні асобасных кампетэнцый настаўніка” правяла намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Таццяна Мікалаеўна Бязносава. Работа з аўдыторыяй была накіравана на дыялог і ўзаемадзеянне.

Пры падвядзенні вынікаў мерапрыемства былі адзначаны высокі ўзровень арганізацыі панарамы вопыту, якасная падрыхтоўка адкрытых урокаў, стварэнне ўмоў для павышэння прафесійна-педагагічнай культуры ўдзельнікаў.

Адукацыйная прастора ўстановы адукацыі разві­ваецца і ўдасканальваецца. Даступ­насць, якасць, супрацоўніцтва і эфектыўнасць — асноўныя прыярытэты работы педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 2 Горак.

Таццяна БЯЗНОСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Горак.