Папоўняць кагорту “жураўлёў”

- 11:21Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі краіны Ігар Васільевіч Карпенка сустрэўся з фіналістамі конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2017”.

Нагадаем, што каля 30 тысяч настаўнікаў прыняло ўдзел у сёлетнім конкурсе. У фінал выйшлі 56 педагогаў. Сярод іх як настаўнікі, якія маюць другую кваліфікацыйную катэгорыю, так і настаўнікі-метадысты. Узроставая разбежка паміж удзельнікамі конкурсу вялікая: самаму малодшаму з канкурсантаў 25 гадоў, старэйшаму — 50.

Ужо на пачатку размовы Ігар Васільевіч адзначыў, што конкурс прафесійнага майстэрства з’яўляецца адным з яркіх і значных падзей у сістэме адукацыі. Ён выяўляе яркія таленты сярод беларускіх педагогаў, дазваляе настаўнікам дэманстраваць свой вопыт, выпрацоўваць новую практыку.

— У апошнія дні мне давялося працаваць у многіх рэгіёнах Беларусі, і не было ніводнага, дзе шчыра не пацікавіліся б, як праходзіць конкурс, — адзначыў І.В.Карпенка. — У цэлым мы стварылі грамадска-палітычны рэзананс для нашай сістэмы адукацыі. І гэта правільна, бо прафесія настаўніка творчая і патрабуе ад педагога кожны дзень, нягледзячы на асабістыя клопаты, заходзіць у клас, настроіўшыся на ўзаемаадносіны з дзецьмі, і рабіць сваю справу прафесійна.

У грамадстве зараз вядуцца шматлікія дыскусіі, што тычацца сістэмы адукацыі. Ігар Васільевіч прыгадаў апошнюю з іх, што была арганізавана ў інтэрнэце адносна неўласцівых функцый, якія выконвае настаўнік. У прыватнасці, можна ўбачыць заклікі накшталт “не прымушайце настаўніка хадзіць па дамах сваіх выхаванцаў”. На думку міністра адукацыі, у гэтым заключаецца важная сацыяльная функцыя педагога. “Не трэба хадзіць па дамах, а важна забяспечваць сацыяльную абарону дзіцяці, яго бяспеку. Калі настаўнік не ведае сваіх падапечных, чым жыве тое ці іншае дзіця, хто яго бацькі, у якім асяроддзі яно выхоўваецца, то ён ператвараецца проста ва ўрокадаўцу. Гэтага не павінна адбыцца. Абапіраючыся на ваш вопыт, на вашы веды, важна данесці гэта да педагагічнай грамадскасці”, — звярнуўся да педагогаў Ігар Васільевіч.

Міністр адукацыі выказаў фіналістам словы падзякі за ўдзел у конкурсе, павіншаваў з надыходзячым Днём настаўніка. “Я ўдзячны вам за тое, што вы прадэманстравалі свае самыя лепшыя прафесійныя і асобасныя якасці, за тое, што вы ўскалыхнулі Мінск — праводзілі ўрокі, майстар-класы. Нам варта як мага больш паказваць таленавітых, творчых настаўнікаў, якія кожны дзень робяць сваю адказную справу, не задумваючыся аб піярах і інфармацыйных пагрозах, — адзначыў міністр. — Жадаю вам удзячных вучняў, каб яны ішлі па жыцці з вашым імем і гаварылі, што ў іх былі добрыя педагогі, якія далі пуцёўку ў жыццё. Гэта самае дарагое для настаўніка”.

І.В.Карпенка выказаў спадзяванне, што і далей будзе сустракацца з педагогамі — удзельнікамі конкурсу, раіцца ў пытаннях, звязаных са зместам адукацыі, са стварэннем добрых, якасных падручнікаў і г.д.

Старшыня журы конкурсу рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў: самае галоўнае, што аб’ядноўвае фіналістаў конкурсу, — любоў да сваёй прафесіі. І на ўсіх конкурсных мерапрыемствах: на самапрэзентацыі, уроках і майстар-класах, у суперфінале — гэта адчувалася. Журы парадавала, што сярод канкурсантаў шмат прадаўжальнікаў педагагічных дынастый і ў педагогаў ужо ёсць паслядоўнікі.

Членам журы давялося няпроста: паміж канкурсантамі была вельмі малая разбежка ў балах і высокая канкурэнцыя.

На думку А.І.Жука, конкурс прафесійнага майстэрства мае некалькі знакавых момантаў. Па-першае, канкурсанты пасля выпрабаванняў сталі зусім іншымі людзьмі, як у сацыяльным, так і ў прафесійным плане, яны па-іншаму будуць асэнсоўваць клас і сябе ў ім. Па-другое, у іх наступае новы этап — этап распаўсюджвання вопыту, які стане прадметам уважлівага вывучэння. Аляксандр Іванавіч выказаў спадзяванне, што клуб “Крыштальны журавель” папоўніцца кагортай прафесіяналаў, якія прадэманструюць сваё майстэрства, прафесіяналізм і любоў да прафесіі і дзяцей.

— Сёння прэстыж педагагічнай прафесіі ў грамадстве расце. Яшчэ некалькі гадоў назад былі праблемы з паступленнем на педагагічныя спецыяльнасці, а зараз склалася зусім іншая сітуацыя: адкрываюцца педагагічныя класы, ва ўстановы вышэйшай адукацыі высокія прахадныя балы, конкурсы, — лічыць Аляксандр Іванавіч.

Сваімі думкамі наконт конкурсу падзяліліся і самі фіналісты. Па словах настаўніка гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 3 Оршы Андрэя Міхайлавіча Іванова, конкурс — гэта эмоцыі, уражанні, магчымасць набыць новых сяброў. Ён дазволіў пашырыць прафесійны кругагляд. Гэтыя спаборніцтвы прадугледжваюць наяўнасць пераможцаў. І кожны з канкурсантаў, нягледзячы ні на што, пераможца, і ўзнагарода яму — той найкаштоўнейшы вопыт, які ён набыў. Выхавальніцу дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 24 Маладзечна Таццяну Лявонаўну Апановіч конкурс пераканаў у тым, што выхавальнік упоравень можа стаяць з настаўнікам-прадметнікам і называцца педагогам.

Фіналісты конкурсу былі адзначаны падзякамі і граматамі Міністэрства адукацыі. Пераможцам прадметных намінацый міністр адукацыі ўручыў знак “Выдатнік адукацыі”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.