Папярэдзіць злачынства — у сілах кожнага з нас

- 15:58Апошнія запісы, Рознае, Сацыяльны ракурс

Штогод у Беларусі каля 6 тысяч дзяцей становяцца ахвярамі злачынстваў. Але гэта — толькі зарэгістраваныя выпадкі. Насілле таго ці іншага віду ў адносінах да дзяцей мае вельмі высокую ступень латэнтнасці. На самай справе такіх выпадкаў значна больш. Як дабіцца большага выяўлення? Якая ў гэтым роля школы? Як працаваць з дзецьмі, якія пацярпелі ад розных відаў насілля? Пра ўсё гэта ішла гаворка на V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Бяспечная Беларусь і Садружнасць для дзяцей”, якая праходзіла ў Мінску. Выступленні на канферэнцыі айчынных і замежных экспертаў — з Расіі, Кыргызстана, Грузіі, Літвы, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, ЗША — закранулі розныя аспекты абароны правоў дзяцей: перспектывы ўкаранення Адзінай мадэлі абароны дзяцей, фарміраванне культуры ненасілля ў грамадстве, укараненне новых тэхналогій правядзення следчых дзеянняў з удзелам непаўналетніх і падтрымка дзяцей — ахвяр насілля на стадыі судовага працэсу. 

Выпадкаў сексуальнага насілля ў адносінах да дзяцей стала больш?

Гаворачы пра насілле ў адносінах да дзяцей, спецыялісты, як правіла, маюць на ўвазе і дзеянні крымінальнага характару, і пагарджанне інтарэсамі дзяцей. Апошнім часам усё большая ўвага ўдзяляецца тэме сексуальнага насілля ў адносінах да непаўналетніх. Усё часцей сродкі масавай інфармацыі, як айчынныя, так і замежныя, паведамляюць пра такія выпадкі. Дзякуючы гэтаму, у грамадстве паступова фарміруецца думка, што ў апошнія гады такіх здарэнняў становіцца ўсё больш. Здавалася б, гэта пацвярджае і статыстыка. Так, калі ў 2008 годзе было зарэгістравана 248 злачынстваў, звязаных з сексуальнымі дзеяннямі ў адносінах да непаўналетніх, то ў 2013 годзе — ужо 389. Але не ўсё так адназначна.
Як адзначыў старшыня праўлення МГА “Разуменне” член камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Андрэй Маханько, усплёск выпадкаў у 2013 годзе — гэта рост выяўлення і паляпшэнне вынікаў расследавання, вынік плённай работы праваахоўных органаў і стварэнне дружалюбных да дзяцей умоў для допыту. Іншымі словамі, па гэтых лічбах нельга адназначна судзіць, павялічылася колькасць выпадкаў насілля ў адносінах да дзяцей ці не. Людзі сталі больш давяраць органам правапарадку і часцей паведамляць пра дрэннае абыходжанне з дзецьмі. У сваю чаргу міліцыя і Следчы камітэт часцей прыцягваюць псіхолагаў для правядзення апытання. Дзеці перасталі баяцца, сталі даваць паказанні, якія могуць быць пакладзены ў аснову крымінальных спраў.
— На самай справе, гэта вялікі прарыў, што адбыўся рост выяўленых выпадкаў сексуальнага насілля над дзецьмі, — адзначыў Андрэй Маханько. — Аднак выяўленыя выпадкі насілля над дзецьмі — гэта толькі вяршыня айсберга. Латэнтнасць злачынстваў у гэтай сферы вельмі высокая. Прычым, у процівагу грамадскай думкі, у роўнай ступені пакутуюць ад гэтых злачынстваў і дзяўчынкі, і хлопчыкі.
Зрэшты, такая сітуацыя характэрна не толькі для нашай краіны. Тыя ж тэндэнцыі адзначаюцца і ў Расійскай Федэрацыі. Як расказала кансультант Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і ЮНІСЕФ, урач-педыятр, кандыдат медыцынскіх навук з Санкт-Пецярбурга Марына Земляных, па даных Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі, у 2012 і 2013 гадах адзначаны рост колькасці зваротаў і выяўленых сексуальных злачынстваў у адносінах да дзяцей у 2 разы.

Бяспека дзяцей супраць рэпутацыі ўстановы

Гаворачы пра іншыя віды злачынстваў у адносінах да дзяцей, спецыялісты розных краін, у тым ліку і айчынныя, называюць забойствы, катаванне, нанясенне калецтваў.
— Гэта далёка не ўвесь спіс, — гаворыць Андрэй Міхайлавіч Маханько. — У шматлікіх выпадках насілле над дзецьмі не крыміналізуецца нашым заканадаўствам. Няма ўсеагульнай забароны на фізічнае пакаранне дзяцей. У выніку часам у якасці дысцыплінарнай практыкі выкарыстоўваюцца катаванне, звязванне, прыпяканне, лупцаванне рознымі прадметамі… Прыцягнуць чалавека да адказнасці за такое ў нас немагчыма, бо дзіця не атрымлівае цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Дапамагчы папярэдзіць такія адносіны — у сілах кожнага з нас, упэўнены спецыялісты. Артыкул 9 “Права на недатыкальнасць асобы, абарону ад эксплуатацыі і гвалту” Закона Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” загадвае кожнаму з нас, каму стала вядома пра факты жорсткага абыходжання, фізічнага або псіхічнага насілля ў адносiнах да дзiцяцi, што ўяўляюць пагрозу яго здароўю і развіццю, неадкладна паведаміць у кампетэнтны дзяржаўны орган. “Мы звяртаемся да нашых грамадзян, каб яны патэлефанавалі ў міліцыю, калі разумеюць, што за сцяной дзіця плача не з-за таго, што мама не купіла чарговую цацку, а таму, што яно не ела некалькі дзён ці яго збіваюць, — падкрэсліў Андрэй Міхайлавіч. — Па законе дзіця можа звярнуцца за абаронай у дзяржорганы самастойна толькі пры дасягненні 14-гадовага ўзросту. Таму малодшая група дзяцей абаронена слабей”.
Асаблівая роля ў прадухіленні ці выяўленні выпадкаў жорсткіх адносін і насілля ў адносінах да дзяцей — у кіраўнікоў устаноў адукацыі.
— Мы не павінны гаварыць пра рэпутацыю ўстановы, калі ідзе гаворка аб насіллі ў адносінах да дзяцей. На першым месцы павінны быць пытанні бяспекі дзяцей, нават калі нейкія выпадкі і не ўпісваюцца ў рамкі намаляванага вобраза “ідэальнай установы” ці “ідэальнага грамадства”, — падкрэсліў спецыяліст. — Выдатна, што выяўляюцца сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Але варта прыглядацца і да звычайных, на першы погляд, сем’яў, дзе таксама могуць быць жорсткія адносіны да дзіцяці. Важную ролю тут магла б адыграць незалежная пазіцыя сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. Сёння ж гэтая служба знаходзіцца ў падпарадкаванні кіраўніка школы, у выніку яна не заўсёды працуе на інтарэсы дзіцяці, а найперш — установы. Мэтазгодна было б вывесці гэтую службу за рамкі школы, каб яна падпарадкоўвалася раённаму аддзелу адукацыі ці сацыяльна-педагагічнаму цэнтру. Гэта таксама пэўны рэсурс выяўлення насілля. Перадумова таго, каб дзеці давяралі псіхолагу, а сацыяльны педагог найперш абараняў інтарэсы дзяцей.

Рэсурс прадухілення, выяўлення і рэабілітацыі

Праблемы насілля ў адносінах да дзяцей не павінны замоўчвацца на дзяржаўным узроўні. Калі грамадства пачынае гаварыць пра такую праблему — гэта ўжо дасягненне. У Беларусі ў напрамку стварэння бяспечнага свету для дзяцей таксама зроблена нямала. Так, усё большае распаўсюджванне атрымлівае работа пакояў апытання, дружалюбных да дзяцей, дзе праводзяцца следчыя дзеянні з дзецьмі, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля. Гэта дапамагае пазбегнуць другаснай псіхалагічнай траўматызацыі дзіцяці пры правядзенні расследавання сексуальных злачынстваў у адносінах да іх.
Апраўдвае сябе і створаная агульнанацыянальная лінія дапамогі дзецям, якая працуе ў краіне з 2011 года. Гэты рэсурс дапамогі дзецям, якія пакутуюць ад жорсткіх адносін ці насілля, укараняецца ў Беларусі на аснове міжнароднага вопыту.
Сёння сусветная глабальная сетка ліній дапамогі дзецям налічвае 178 членаў са 143 краін (у тым ліку і Беларусі). Гэтая міжнародная арганізацыя была створана ў 2003 годзе. І летась, дарэчы, падводзіліся вынікі работы за 10 гадоў. Паводле атрыманых даных, за гэты перыяд больш як 140 млн дзяцей па ўсім свеце скарысталіся паслугамі ліній дапамогі.
— Атрымліваецца, што кожныя 2-3 секунды ў свеце на лінію дапамогі тэлефануе дзіця, каб расказаць аб сваёй праблеме. Насілле і жорсткасць ва ўсім свеце на першым месцы сярод прычын, па якіх часцей за ўсё звяртаюцца дзеці на лінію дапамогі, — расказаў падчас канферэнцыі дырэктар праграм Міжнароднай арганізацыі дзіцячых ліній дапамогі Томас Мюлер (Нідэрланды).
У Беларусі, дзякуючы інфармацыі, якая распаўсюджваецца ва ўстановах адукацыі, аховы здароўя, больш дзяцей даведалася пра існаванне гэтай лініі дапамогі і звяртаецца сюды.
— У ліпені 2011 года, калі лінія толькі пачала працаваць, працягласць размоў за месяц склала 400 хвілін. У студзені 2014 года — ужо 1100 хвілін, — расказаў Андрэй Маханько. — Пры гэтым каля 60% зваротаў — званкі дзяцей, каля 40% — дарослых (бацькоў, спецыялістаў, якія працуюць з дзецьмі). Часцей за ўсё непаўналетнія звяртаюцца па дапамогу, калі ў іх узнікаюць праблемы з бацькамі. На другім месцы выпадкі, калі не складваюцца адносіны ў дзіцячых калектывах, перажыванні першага кахання. Важна і тое, што кожны год спецыялістам лініі дапамогі ўдаецца прадухіліць да 8 спроб суіцыду.
Варта адзначыць, што толькі размовай спецыялістаў з непаўналетнімі вырашэнне праблемы, з якой звяртаюцца на лінію, не завяршаецца. У выпадку канфліктных адносін дзяцей далей можа ісці зварот у навучальную ўстанову для ўрэгулявання сітуацыі. Калі адзначаецца крымінальны характар праблемы, накіроўваецца зварот у праваахоўныя органы, магчыма і проста адсочванне сітуацыі. У любым выпадку спецыялістам важна правільна вызначыць сітуацыю, бо часам здараюцца і тэлефанаванні па зусім нязначных праблемах, але і такія звароты павінны стаць для спецыя-лістаў своеасаблівым званочкам. Нават калі з дробнымі праблемамі дзіця звяртаецца да чужога чалавека, а не шукае дапамогі ў родных, напэўна, ёсць праблемы ва ўзаемаадносінах у сям’і, школе.
Разам з тым лінія дапамогі можа быць не толькі рэсурсам прадухілення і выяўлення жорсткіх адносін да дзяцей, пагарджання іх інтарэсамі, але і своеасаблівым рэсурсам па рэабілітацыі дзяцей, якія пацярпелі ад тых ці іншых відаў злачынстваў.
— Мы арыентуем і работнікаў устаноў адукацыі тэлефанаваць на лінію, — адзначыў Андрэй Генадзьевіч Саладоўнікаў, дырэктар праекта “Цэнтр садзейнічання пошуку дзяцей, якія зніклі і эксплуатуюцца” міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне”. — Там працуюць высокакваліфікаваныя крызісныя псіхолагі, дзіцячыя і падлеткавыя псіхатэрапеўты і псіхолагі, якія могуць даць кансультацыю для выбудоўвання лініі паводзін з дзіцем, якое пацярпела ад насілля.
Дарэчы, асаблівасць канферэнцыі гэтага года — увага менавіта да тэмы лячэння і рэабілітацыі дзяцей, якія пацярпелі ад насілля.
— Тэлефоны даверу працуюць эфектыўна, пакоі для апытання, дружалюбныя да дзяцей, працуюць ва ўсіх абласных цэнтрах. А вось рэабілітацыя і лячэнне дзяцей, якія пацярпелі ад насілля, пакуль што наладжана не на належным узроўні, — адзначыў А.Маханько. — Гэта, дарэчы, было адзначана Генеральнай пракуратурай у мінулым годзе па выніках тэматычнай праверкі. У прыватнасці, было адзначана, што ў нас няма сістэмы комплекснага лячэння дзяцей, якія пацярпелі ад сексуальнага насілля. Міністэрства аховы здароўя пачало прыкладаць намаганні па стварэнні такой сістэмы.
Значнай падзеяй у гэтым напрамку павінна стаць стварэнне цэнтра абароны дзяцей на базе 4-й гарадской дзіцячай бальніцы сталіцы. Плануецца, што 1 чэрвеня адбудзецца афіцыйнае адкрыццё гэтага цэнтра.

 

Наталля ІЛЬІНА.