Як распрацаваць эфектыўныя праграмы факультатыўных заняткаў? Якія адукацыйныя тэхналогіі прымяняць для факультатыўнага навучання? Як ацаніць іх выніковасць? Над гэтымі і шэрагам іншых пытанняў, звязаных з правядзеннем факультатываў, разважалі педагогі Дрыбіншчыны.
Як паведаміла загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любоў Тарасенка, удзельнікамі мерапрыемства сталі спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму, намеснікі дырэктараў па вучэбнай і выхаваўчай рабоце мясцовых школ, педагогі розных вучэбных профіляў.
— Немалаважна, што на наш “Парад факультатыўных заняткаў” прыйшлі таксама бацькі навучэнцаў. Разам мы абмеркавалі формы, тэматычную накіраванасць і іншыя аспекты правядзення факультатываў, — адзначыла Любоў Васільеўна.
Паводле яе слоў, пералік факультатываў у навучальных установах раёна даволі разнастайны. У школах рэгулярна арганізоўваюцца заняткі прадметнай, агульнакультурнай, прафарыентацыйнай накіраванасці. Усе яны арыентаваны на задавальненне патрэб і запытаў навучэнцаў. У гэтым прысутныя на мерапрыемстве маглі пераканацца падчас інтэрактыўнай прэзентацыі факультатываў.
— Факультатыўныя заняткі сёння — адна з умоў павышэння якасці адукацыі. Гэтая форма ўрокаў дазваляе істотна актывізаваць пазнавальную актыўнасць вучняў, спрыяе развіццю іх здольнасцей. У ходзе мерапрыемства мы змаглі ўбачыць станоўчыя моманты і наяўныя недапрацоўкі ў арганізацыі факультатываў. У гэтым і заключаецца значнасць падобных метадычных сустрэч. Яны дапамагаюць нам убачыць, у якім ключы неабходна ўдасканальваць пэўны кірунак працы, — падкрэсліла Любоў Тарасенка.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.