Парад педагагічных талентаў

- 10:37Адукацыйная прастора

Каля 400 педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі Гродзеншчыны прынялі ўдзел у абласным фестывалі педагагічнага майстэрства “Крок у будучыню”, які прайшоў у Гродне.

Арганізавалі яго галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Сёлета, а праходзіць фестываль другі раз, ён сабраў удзельнікаў дыстанцыйна. У анлайн-фармаце яны абмеркавалі пытанні экалагічнага выхавання дзяцей дашкольнага ўзросту, абмяняліся цікавым вопытам, прадставілі свае творчыя метадычныя распрацоўкі. Эфектыўнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў форуму стала магчымым дзякуючы створанай супрацоўнікамі ГрАІРА анлайн-пляцоўцы.

— Нягледзячы на маладосць, гэты форум стаў добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае педагогаў дашкольнай адукацыі, — адзначыла ў прывітальным слове да ўдзельнікаў мерапрыемства рэктар Гро­дзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Фестываль упершыню прахо­дзіць у дыстанцыйным фармаце, і ў віртуальнай зале прысутнічае небывалая коль­касць удзельнікаў — амаль 400 спецыялістаў у галіне адукацыі, якія прадстаўляюць больш за 200 арганізацый: установы дашкольнай адукацыі, вучэбна-педагагічныя комплексы, органы мясцовага самакіравання, установы дадатковай адукацыі дарослых. Фестываль — гэта яркая па­дзея, дэманстрацыя лепшых прафесійных дасягненняў, агляд педагагічных ідэй і прадстаўленне педагогаў, якія іх рэалізуюць. Фестываль — гэта парад педагагічных талентаў і пачынаючых спецыялістаў. Ён накіраваны на развіццё прасторы для прафесійнага росту педагогаў дашкольнай адукацыі, на іх падрыхтоўку да ўдзелу ў праектах, на са­дзейнічанне ўкараненню сучасных інавацыйных педагагічных ідэй у прафесійнай практыцы.

У праграме фестывалю — самыя розныя выставы і конкурсы, майстар-класы і блогі, сайты і метадычныя распрацоўкі, відэаматэрыялы і электронныя сродкі навучання. Такі фармат прадаставіў шырокія магчымасці для папулярызацыі педагагічнай культуры дашкольнай адукацыі.

Ад імя галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Анжаліка Кухта:

— Зараджаецца добрая традыцыя правядзення маштабнага педагагічнага форуму, які аб’ядноўвае таленавітых неабыякавых спецыялістаў сістэмы дашкольнай адукацыі Гродзеншчыны. Падобныя форумы з’яўляюцца ўнікальнай камунікатыўнай пляцоўкай, якая дазваляе абмяркоўваць самыя надзённыя праблемы дашкольнай адукацыі. Думаю, што прадукцыйнасць і эфектыў­насць фестывалю будуць залежаць не толькі ад якасці яго зместу і арганізацыі, але і ад гатоўнасці ўдзельнікаў да прафесійнага росту і самаразвіцця, зацікаўленасці ў якасных зменах ва ўласнай прафесійнай дзейнасці ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

У рамках фестывалю прайшла інтэрактыўная выстава дапаможнікаў і матэрыялаў “ЭКАленд”, дзе былі прадстаўлены 93 экспанаты. Гэта гульні, цацкі, гульнявыя і дыдактычныя дапаможнікі і матэрыялы. Педагогі выкарыстоўваюць іх у адукацыйным працэсе для выхавання ў дашкольнікаў асноў экалагічнай культуры.

Па выніках анлайн-галасавання інтэрактыўнай выставы “ЭКАленд” больш за ўсіх галасоў набралі і занялі першае месца гульнявыя і дыдактычныя дапаможнікі “Прыроду вывучаем” намесніка загадчыка ясляў-сада № 13 Смаргоні Таццяны Васілеўскай. На 2-м месцы — дыдактычная гульня “Поры года” выхавальніцы Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Навагрудскага раёна Алы Гірыс, на 3-м — дыдактычная гульня “Экалагічны глобус” настаўніка-дэфектолага ясляў-сада № 38 Ліды Наталлі Дзегцярэвіч.

У метадычным калейдаскопе “Мая педагагічная знаходка” ўдзельнікі азнаёміліся з метадычнымі матэрыяламі па розных напрамках прафесійнай дзейнасці. Вызначаны лепшыя матэрыялы. Перамогу атрымала “Кішэнная экалогія” выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 26 Ліды Наталлі Грынчанка і Алены Каспяровіч. На 2-м месцы — блог педагога-псіхолага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 58 Гродна Жанны Філон, а на 3-м — электронны вучэбны модуль “Экалагічная пазнай-ка” для дзяцей 4—5 гадоў выхавальніцы дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 2 Воранава Марыны Саўчанка.

У панараме вопыту “Гуляем, назіраем і прыроду вывучаем” прынялі ўдзел 38 устаноў адукацыі, якія сталі пераможцамі абласнога конкурсу “Арганізацыя экалагічнай сцяжынкі на тэрыторыі ўстановы дашкольнай адукацыі”. У выніку дыпломам I ступені ўзнагароджаны сярод гарадскіх устаноў — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Ліды і сярод сельскіх — Гезгалаўскі яслі-сад Дзятлаўскага раёна. На 2-м месцы — дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Дзятлава, яслі-сад № 37 Ліды і яслі-сад вёскі Пагародна Воранаўскага раёна. На 3-м месцы — яслі-сад № 6 Смаргоні, яслі-сад № 3 Навагрудка і Сольскі яслі-сад Смаргонскага раёна.

У намінацыі “Лепшая метадычная распрацоўка арганізацыі пазнавальнай практычнай дзейнасці выхаванцаў на экалагічнай сцяжынцы” перамаглі яслі-сад № 102 Гродна і Лунненскі дзіцячы сад Мастоўскага раёна. Лепшую відэапрэзентацыю экалагічнай сцяжынкі прадставіў яслі-сад № 4 Шчучына, лепшы пашпарт экалагічнай сцяжынкі — яслі-сад № 4 Зэльвы і яслі-сад № 2 Воранава.

Дашкольныя ўстановы вобласці, якія рэалізуюць адукацыйны праект “Зялёныя школы”, прадставілі свае ідэі і метадычныя распрацоўкі на ЭКАпартале “Сучасныя падыходы да экалагічнай адукацыі дзяцей дашкольнага ўзросту”.

Удзельнікі фестывалю з цікавасцю і нецярпеннем чакалі вызначэння пераможцаў конкурсу экалагічных праектаў, у якім прынялі ўдзел педагогі дашкольнай адукацыі з усіх рэгіёнаў Гродзеншчыны. На разгляд экспертнай камісіі паступіў 31 педагагічны праект. Тэматыка самая разнастайная: рэсурсазберажэнне, абыходжанне з адходамі, стварэнне эколага-развіццёвага прадметна-прасторавага асяроддзя ва ўстанове дашкольнай адукацыі, узаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў, рэалізацыя задач адукацыйнай галіны “Дзіця і прырода”.

Перамогу атрымаў экалагічны праект “Вучымся берагчы электраэнергію” загадчыцы ясляў-сада № 101 Гродна Жанны Казловіч. На 2-м месцы — праект “Фарміраванне асноў экалагічнай культуры дзяцей дашкольнага ўзросту пры дапамозе выкарыстання прадметна-прасторавага модуля “ЮнЭк”, аўтары якога — выхавальнікі ясляў-сада № 12 Навагрудка Вольга Маркевіч і Марыя Фалевіч. 3-е месца заняў праект “Зялёная аптэка” выхавальніцы дашкольнай адукацыі ясляў-сада № 7 Ашмян Валянціны Садоўскай.

Як адзначылі арганізатары, усе ўдзельнікі праявілі ініцыятыву, нестандартны, творчы падыход да вырашэння праблем экалагічнай адукацыі дашкольнікаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Кацярыны САЗАНОВІЧ.