Прафесійная арыентацыя школьнікаў — гэта не асобная галіна работы школы, а цэлая сістэма ўздзеяння вопытных педагогаў на навучэнцаў падчас урокаў і пазакласнай работы, накіраваная на падрыхтоўку вучняў да выбару прафесій з улікам іх асабістых інтарэсаў.
У пачатковай школе фарміруецца станоўчае стаўленне да працы, раскрываецца яе важнасць і неабходнасць для грамадства, фарміруецца патрэба быць карысным людзям. На гэтай стадыі ствараецца пэўная наглядная аснова, на якой грунтуецца далейшае развіццё прафесійнай самасвядомасці. Для малодшага школьніка характэрны высокі ўзровень дапытлівасці, ён эмацыянальна рэагуе на ўсё новае, лёгка падвяргаецца ўплыву знешніх абставін, з жаданнем выконвае працоўныя даручэнні, імкнецца да актыўнай дзейнасці. Такім чынам, чым шырэй і глыбей ажыццяўляецца на гэтым этапе падрыхтоўка да працы і выбару прафесіі, тым больш эфектыўны працэс прафесійнага вызначэння дзяцей у старэйшым узросце.
Менавіта таму ў нашай школе праводзіўся тэматычны тыдзень прафарыентацыі “У свеце прафесій”. У яго рамках былі арганізаваны шматлікія мерапрыемствы. Настаўнікі правялі для вучняў класныя і інфармацыйныя гадзіны, гульні, конкурсы.
Так, пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Ксеніі Салодкінай вучні паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў. Яны не проста малявалі, а праводзілі даследчую работу, расказвалі аб прафесіях. Прадстаўляючы свае ідэі на паперы, дзеці праявілі творчасць і талент. Пасля заканчэння мерапрыемства была арганізавана выстава іх работ, якая цяпер упрыгожвае актавую залу школы.
Выхавальнік групы прадоўжанага дня Наталля Шалаева арганізавала для навучэнцаў круглы стол на тэму “Калі я вырасту, то стану”. Да пачатку мерапрыемства дзецям было даручана выканаць дамашняе заданне — падрыхтаваць і прадставіць невялікі праект на тэму “Прафесіі ў маёй сям’і”, з якім усе справіліся на “выдатна”. У ходзе абмеркавання хлопчыкі і дзяўчынкі працавалі ў парах, выконваючы розныя творчыя заданні. Слухаючы аповед педагога пра рэдкія прафесіі, навучэнцы даведаліся шмат новага і цікавага. Асабліва ім спадабалася фізкультхвілінка, дзе трэба было паказаць на работніка пэўнай прафесіі пантаміму.
Псіхолаг нашай школы Вольга Макштарова правяла для дзяцей гульню “На што патраціць жыццё”, дыферэнцыравана-дыягнастычны апытальнік з мэтай вывучэння прафесійных схільнасцей вучняў, а таксама асветніцкую гульню “У свеце прафесій”. Не засталіся ў баку ад прафарыентацыйнага тыдня і класныя кіраўнікі. Педагогі Вольга Шавялёва, Галіна Лісіцына і Наталля Малуціна ў шосты школьны дзень разам з дзецьмі ў гульнявой форме разважалі аб важнасці і значнасці ўсіх прафесій.
Нашы навучэнцы актыўна прымалі ўдзел у кожным тэматычным мерапрыемстве. Увогуле, падчас прафарыентацыйнага тыдня яны атрымалі шмат карысных ведаў, якія ў будучым несумненна паспрыяюць іх свядомаму прафесійнаму самавызначэнню.
Таццяна ХНЫКАВА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце пачатковай школы Чэрыкава.