Парады псіхолага: як не ўпадаць у паніку з воклічамі: «Не паступіў ва ўніверсітэт, што рабіць, куды бегчы?»

- 15:30Абитуриент, Новости

Прыёмная кампанія ва УВА набліжаецца да завяршэння. На жаль, не ўсіх яна парадавала вынікамі. З-­за краху надзей і памкненняў непаступіўшыя юнакі і дзяўчаты рызыкуюць пагрузіцца ў стрэс. Не заўсёды належным чынам рэагуюць на гэтую навіну і бацькі.

Як справіцца з падобнымі цяжкасцямі, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала са спецыялістам-­псіхолагам намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Інстытута псіхалогіі БДПУ Валянцінай Саладухай.

Парады абітурыентам

— Для гэтага існуюць розныя псіхалагічныя тэхнікі. Апрабаваўшы іх, чалавек вызначае тую, што лепш за ўсё падыходзіць менавіта яму, — раіць Валянціна Валянцінаўна.

Дыхальныя практыкі дазваляюць справіцца з трывожнасцю, расслабіць цела, супакоіцца. Дыхаць трэба глыбока і мерна адным са спосабаў.

  1. Заплюшчыце вочы, павольна палічыце ад 1 да 10.
  2. Паменшыце колькасць удыхаў/выдыхаў да 6—7 за 60 секунд. Дыхайце павольна на працягу 10 мінут.
  3. Пасля глыбокага ўдыху зрабіце затрымку дыхання на 10 секунд, затым расцягніце выдых.
  4. Засяродзьцеся на самім акце дыхання. Візуалізуйце, як паветра рухаецца па дыхальных шляхах, запаўняе і вызваляе лёгкія.

Адной з найбольш эфектыўных дыхальных практык лічыцца тэхніка квад­рата. Яе сутнасць заключаецца ў тым, каб рабіць поўны цыкл за 16 секунд: па 4 секунды — на глыбокі ўдых, затрымку дыхання, выдых і затрымку дыхання. Можна ў думках маляваць квадрат і рухацца з вугла ў вугал па гадзіннікавай стрэлцы.

Самы эфектыўны спосаб зняць стрэс — навучыцца ім кіраваць.

Тэхнікі ўсвядомленасці дапамагаюць засяродзіцца, прыняць роўнае размяшчэнне духу, паменшыць узровень трывогі.

  1. На працягу мінуты назірайце за рухам секунднай стрэлкі.
  2. Завядзіце будзільнік на адвольны час. Пасля званка адкладзіце справы і адкажыце сабе на пытанні: “Дзе я? Што бачу і чую? Што адчуваю на ўзроўні цела, эмоцый?”.

Медытацыя. Гэта просты спосаб супакоіцца: зачыніцца ў ціхім пакоі і ўспомніць шчаслівыя моманты. Неабходна дэталёва прайграць сітуацыю ў памяці і адчуць пазітыўныя эмоцыі. Затым варта ў думках і словамі настроіць сябе на спакойны стан.

Прапрацоўка сцэнарыяў. Лягчэй перажыць складаныя моманты і пазбавіцца трывогі, заняўшыся прапісваннем сцэнарыяў развіцця падзей, памятаючы, што любую сітуацыю можна паправіць, пакуль чалавек жывы.

  • Вазьміце лісток паперы і падзяліце яго лініяй на дзве часткі.
  • З левага боку запішыце негатыўныя варыянты развіцця падзей (10—15 сцэнарыяў), з правага — свае дзеянні ў адказ.
  • На адваротным баку ліста пазначце пазітыўныя вынікі (10—15 сцэна­рыяў).

Дапамогуць зняць стрэс і любімыя захапленні, якія звычайна прыносяць станоўчыя эмоцыі.

Танец. Свабодныя рухі пад рытмічную музыку дазваляюць выплюхнуць перажыванні, пазбавіцца страхаў і нер­вовасці.

Душ. Вада — выдатны праваднік энергіі, які дапамагае лёгка зняць стрэс. Акрамя таго, стоячы пад душам, можна дазволіць думкам свабодна бегчы, што часта прыносіць дакладнае рашэнне.

Музыка. Класічныя мелодыі расслаб­ляюць, а любімыя песні прыводзяць да выкіду эндарфінаў, што спрыяе аднаўленню душэўнага балансу.

Водаратэрапія. Пахі можна выкарыстоўваць для барацьбы з вострым або хранічным стрэсам. Заспакаяльным дзеяннем валодаюць масла размарыну, чорнага кмену, апельсіна, лаванды, кедра, ладану.

Зносіны. Сустрэчы з сябрамі і блізкімі паляпшаюць эмацыянальны фон. Аповед аб праблеме — першы крок на шляху да яе вырашэння.

Смачная ежа. Заядаць няўдачы — дрэнная звычка. Але ў стрэсавай сітуацыі можна дазволіць сабе слабасць і з’есці любімы пачастунак.

Любаванне прыродай. Людзі, якія ўмеюць заўважыць прыгажосць, хутчэй аднаўляюцца пасля стрэсавых па­дзей. Расслабіцца дапаможа назіранне за птушкамі, прагулка па парку, проста знаходжанне на свежым паветры.

Карысныя справы і хобі. Заняць рукі, каб разгрузіць галаву — добрая ідэя. Дапаможа прыбіранне, мыццё
посуду, разбор адзення, маляванне, вязанне, шопінг.

Фізічныя практыкаванні. Паўга­дзінная трэніроўка здольна аднавіць эмацыянальны фон.

Бацькам на заметку

Фота аўтара

— Калі бацькі пачулі ад дзіцяці сумную навіну, што яно не здало ЦЭ/ЦТ або яму не хапіла балаў для паступлення, важна маральна падтрымаць падлетка і не спяшацца вінаваціць яго ў недастатковай стараннасці пры падрыхтоўцы, — лічыць В.В.Саладуха.

  • Удзяліце прыярытэтную ўвагу сваёй эмацыянальнай стабільнасці, перш чым вырашаць нейкія праблемы. Пазбягайце праецыравання на сына ці дачку гневу, віны або расчаравання за ўласныя няздзейсненыя мары. Не ўпадайце ў паніку з воклічамі: “Не паступіў ва ўніверсітэт, што рабіць, куды бегчы?”
  • Супакойцеся і пераканайцеся, што вы можаце пачаць размову з пазітыўным настроем. Выказвайце свае ўласныя пачуцці, выкарыстоўваючы сцвярджэнні, якія пачынаюцца з “Я”, а не “Мы”: “Я засмучаны”, “Я чакаў іншага выніку”. Гэта дазволіць дзіцяці зразумець вашы эмоцыі, не адчуваючы сябе загнаным у кут.
  • Адмоўцеся ад неадкладнага падвядзення вынікаў або пошуку прычын, якія прывялі да негатыўных наступстваў. Замест гэтага пацікаўцеся думкамі і жаданнямі дзіцяці адносна яго будучыні. Будзьце адкрытыя для альтэрнатыўных варыянтаў, не зацыклівайцеся на мінулым.
  • Прызнайце свой страх страціць кантроль, які часта прыводзіць да спроб маніпуляваць выбарам дзяцей. Не выкарыстоўвайце фразы, якія выклікаюць пачуццё віны: “Я цябе адзяваю і кармлю…”. Калі падлетак не паступіў ва УВА, яму самому трэба паклапаціцца пра тое, што рабіць далей. Паверце ў яго здольнасць выносіць урокі з сітуацыі і заахвочвайце самастойнасць.
  • Знайдзіце станоўчыя бакі, убачце сітуацыю пад іншым вуглом. Дарэчы, у некаторых краінах многія школьнікі свядома прапускаюць год пасля выпускнога. Гэты час — gap year — маладыя людзі імкнуцца правесці з карысцю: працуюць, падарожнічаюць, адпачываюць, дапамагаюць бацькам, заводзяць знаёмствы, шукаюць сябе. Калі надыходзіць час зноў падаваць дакументы, яны, пасталеўшы, адчуваюць адказ­насць, а не прымус.
  • Калі вынікі ЦЭ і ЦТ не дазваля­юць прабіцца ні ў адну жаданую УВА, год можна прысвяціць падрыхтоўцы да паступлення. Пры гэтым добра, калі дзіця выйдзе на работу і ўнясе ўклад у аплату рэпетытараў або пачне займацца сама­адукацыяй.

Хоць куды

Некаторыя маладыя людзі, не паступіўшы куды хацелася, адносяць дакументы туды, дзе хапае прахадных балаў.

— Выбіраць кірунак трэба свядома! Не з-за прыгожай назвы, не па пара­дзе сяброў або бацькоў, не для таго, каб проста паступіць. Калі абітурыента цікавіць пэўная спецыяльнасць або сфера, то, нават не маючы вялікіх здольнасцей, вучыцца ён будзе з жаданнем. І адваротная сітуацыя: самы таленавіты чалавек не стане добра вучыцца, калі яму гэта не цікава. Таму, паступаючы ва ўніверсітэт зыхо­дзячы з прынцыпу “ўсё роўна куды, абы на бюджэт”, абітурыенты рызыкуюць расчаравацца ў выбранай прафесіі і застацца без адукацыі, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Інстытута псіхалогіі БДПУ Валянціна Саладуха.

Што ж рабіць? Паспрабаваць паступіць на выбраную спецыяльнасць ва ўніверсітэт, размешчаны ў іншай вобласці. Шукаць альтэрнатыўны варыянт: падабраць блізкі профіль падрыхтоўкі, на які можна прайсці з наяўнымі вынікамі ЦЭ і ЦТ у іншы ўніверсітэт, або прапусціць адзін год, каб падрыхтавацца і зноў здаць экзамены. Іншы альтэрнатыўны варыянт: паступіць на падобную спецыяльнасць у каледж, а потым паступіць ва УВА на скарочаную форму навучання. Яшчэ адзін ва­рыянт — пайсці працаваць. Вызначыцца з выбарам прафесіі можа дапамагчы работа. Атрымліваючы вопыт у якой-небудзь сферы, чалавек разумее, што яму падабаецца, а што не. Паралельна можна рыхтавацца да пераздачы ЦТ або здачы новых экзаменаў. Памятайце, што для паступлення можна будзе выкарыстоўваць і леташнія вынікі.

Курс на адаптацыю

У новым для сябе статусе студэнта маладыя людзі могуць сутыкацца з пэўнымі псіхалагічнымі праблемамі, перажываючы перыяд адаптацыі да новых умоў жыцця, новага асяроддзя.

Па словах В.В.Саладухі, працэс прыстасавання студэнта-першакурсніка да новых умоў студэнцкага жыцця бывае розным. Адаптацыя фізіялагічная прадугледжвае прыстасаванне студэнта да змененых умоў жыцця і абумоўлена наступнымі цяжкасцямі: змяненне звыклага рытму, недахоп часу на самападрыхтоўку, патрабавальнасць выкладчыкаў, перагрузкі падчас вучэбнай дзейнасці і г.д. Адаптацыя будзе паспяховай, калі студэнт — аптыміст з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, пачуццём гумару, умее знаходзіць час для паўнавартаснага харчавання, сну, заняткаў спортам.

Прафесійная адаптацыя — гэта прыстасаванне да характару, зместу, умоў і арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, выпрацоўка навыкаў самастойнасці ў вучэбнай і навуковай рабоце. Сістэматычнае наведванне заняткаў, гутаркі з куратарам групы, сустрэчы з выкладчыкамі дапамогуць студэнту вызначыць ступень спецыфікі і характару атрыманай прафесіі. Таксама першакурснік зможа ўсвядоміць правільнасць выбару навучальнай установы і прафесіі. Задача прафесійнай адаптацыі заключаецца ў тым, каб было пастаяннае імкненне да ўдасканалення сваёй дзейнасці.

Сацыяльна-псіхалагічная адаптацыя мае на ўвазе як засваенне пэўных сацыяльных норм, правіл, так і фарміраванне асобасных якасцей, каштоўнасцей, абумоўленых новай сацыяльнай сітуацыяй. Агульнавядома, што паспяховасць сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі звязана з развіццём групы як калектыву. Ужо на першым годзе навучання група можа прайсці ўсе этапы развіцця, пачынаючы ад дыфузнага стану да ўзроўню калектыву. Паскарэнню працэсу адаптацыі студэнтаў да ўмоў новай навучальнай установы паспрыяе актывізацыя сяброўскіх зносін у групе. Важна, каб пытанням узаемадзеяння першакурснікаў адно з адным, з выкладчыкамі, вырашэнню асабістых праблем студэнтаў удзялялі значную ўвагу куратар групы, цьютары і кіраўніцтва факультэта.

 Марына КУНЯЎСКАЯ