Дзякуючы падтрымцы бізнес-інкубатара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, шмат цікавых студэнцкіх ідэй ператвараецца ў жыццё. Са снежня мінулага года тут пачалі рэалізоўваць валанцёрскі праект пад рабочай назвай “Па памятных мясцінах Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі”.

Ініцыятарам і каардынатарам праекта з’яўляецца студэнт 3 курса інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР член Прэзідыума Маладзёжнай палаты 5-га склікання пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў Дзмітрый Белакапытаў. Усё пачалося, калі ў адной з вёсак Міншчыны хлопец убачыў два помнікі, прысвечаныя ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Знакавыя месцы не былі закінуты, але відавочна патрабавалі большай увагі і аднаўлення.
— Я адразу падумаў пра тое, як шмат у нашай краіне падобных памятных месцаў, але, на жаль, пра многія мы амаль нічога не ведаем, — расказвае Дзмітрый. — Захацелася нагадаць усім пра наш гістарычны здабытак, які тычыцца такога важнага, гераічнага і адначасова трагічнага перыяду, як Вялікая Айчынная вайна. Ведаю, што дзеля гэтага робіцца многае, але, на мой погляд, існуе неабходнасць сістэматызаваць інфармацыю. Адзінай базы помнікаў у нашай краіне пакуль няма.
Было вырашана стварыць спецыяльную платформу — партал — і адлюстраваць на ім падобныя помнікі, якія месцяцца і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсачках. Гэта дасць магчымасць пазнаёміцца з усімі знакавымі месцамі, прысвечанымі Перамозе і тым, хто ваяваў за мірнае неба. На картах Google і “Яндэкс” ёсць пазнакі, але не больш. Паводле задумы, на новым партале будуць змешчаны не толькі назвы і каардынаты помнікаў, але і інфармацыя пра тое, якой асобе ці падзеі яны прысвечаны, у якім стане знаходзяцца, і, безумоўна, фотаздымкі. Таксама на сайце будзе прадугледжана магчымасць збору сродкаў на тое, каб аднавіць ці паправіць помнікі, якія таго патрабуюць.
Да добрай задумы ахвотна далучыліся яшчэ некалькі студэнтаў інжынерна-эканамічнага факультэта: Вадзім Керсноўскі, Вікторыя Скрыган і Кацярына Чэрнецава, а пазней — навучэнец 2 курса Мінскага радыётэхнічнага каледжа БДУІР Іван Мяцеж. З праектам яны “пастукаліся” ў дзверы бізнес-інкубатара, і экспертная камісія адобрыла пачынанне.
— Важна, што бізнес-інкубатар прымае самыя розныя праекты, у тым ліку і сацыяльныя, — разважае Дзмітрый Белакапытаў. — Безумоўна, задума павінна быць актуальнай і жыццяздольнай. Калі мы прэзентавалі экспертнай камісіі свой праект, атрымалі параду зрабіць партал паўнавартаснай краўдфандынгавай платформай (краўдфандынг — гэта сродак калектыўнага збору сродкаў, які набірае папулярнасць у беларусаў) і заняцца аднаўленнем помнікаў і гістарычных месцаў, якія тычацца не толькі Вялікай Айчыннай вайны. Магчыма, з цягам часу прыйдзем да гэтага. Пакуль жа было вырашана не адыходзіць ад выбранай тэматыкі.
Дарэчы, Дзмітрый ужо не ўпершыню супрацоўнічае з бізнес-інкубатарам. Летась ён паспяхова рэалізаваў тут свой праект па стварэнні мабільнага дадатку для Еўрапейскіх гульняў. Гэта быў цікавы і каштоўны вопыт. Малады чалавек пераканаўся: у бізнес-інкубатары можна атрымаць неабходныя кансультацыі спецыялістаў, што пазбаўляе многіх памылак з-за нявопытнасці і дапамагае хутчэй дасягнуць мэты. Таму зараз Дзмітрый не сумняваўся: трэба абавязкова ісці ў бізнес-інкубатар і пад яго крылом рэалізоўваць свой даволі буйны праект.
Агульнымі намаганнямі ўдзельнікі зрабілі ўжо нямала. Прыступілі да збору інфармацыі і фарміравання базы даных. Удасканальваюць макет сайта, каб ён быў максімальна зручным для карыстальнікаў. Але зрабіць трэба яшчэ вельмі многае. Для таго каб ахапіць усе без выключэння населеныя пункты Беларусі, студэнты будуць трымаць сувязь з прадстаўнікамі аблвыканкамаў.
Зараз сайт працуе ў тэставым рэжыме ў закрытым фармаце. Распрацоўшчыкі плануюць прымеркаваць запуск да 9 Мая. На партале адразу будзе ўказана статыстыка па колькасці запісаў, якія ёсць у базе даных. Паступова інфармацыя будзе дабаўляцца. Пра аднаўленне помнікаў, якое будзе весціся на сабраныя сродкі, будуць прадстаўлены справаздачы з указаннем сум, затрачаных на канкрэтныя работы, фотаздымкамі да і пасля.
— Маім прадзедам давялося ваяваць падчас Вялікай Айчыннай вайны, яны былі адзначаны ўзнагародамі, — гаворыць Дзмітрый Белакапытаў. — Ганаруся гэтым і хачу зрабіць асабісты ўклад у агульную справу памяці. Паколькі я студэнт тэхнічнага ўніверсітэта, то маю магчымасць сабраць вакол сябе людзей, якім гэта таксама цікава, і пакінуць добры след, прымяніўшы свае веды і ўменні для стварэння сучаснага партала. Думаю, ён прыцягне ўвагу моладзі да тэм гістарычнай спадчыны і захавання памятных месцаў.
Свой праект студэнты БДУІР прысвяцілі 75-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Аднак падкрэсліваюць, што ён не часовы, а разлічаны на доўгае жыццё. Магчыма, з цягам часу ён нават выйдзе за межы адной краіны.
Таццяна ШЫМКО.