Партнёрства ў інтарэсах дзіцяці

- 10:42Дашкольная адукацыя

Усвядомленае бацькоўства, выкарыстанне традыцыйных форм узаемадзеяння і анлайн-зносін у сетцы інтэрнэт з сем’ямі выхаванцаў, псіхолага-педагагічная асвета бацькоў, прыярытэтныя напрамкі медыцынскага суправаджэння выхаванцаў ва ўстановах дашкольнай адукацыі і ва ўмовах сямейнага выхавання — гэтыя і многія іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў семінара “Сучасныя падыходы да ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі і сям’і ў выхаванні дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту”, які прайшоў на базе Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і ясляў-сада № 1 Дзяржынска.

На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя нашай краіны, рэгіянальных упраўленняў адукацыі, устаноў дашкольнай адукацыі Рэспублікі Казахстан, вучоныя, загадчыкі і выхавальнікі ўстаноў адукацыі ўсіх рэгіёнаў нашай краіны. У рабоце семінара прынялі ўдзел начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Леанідаўна Давідовіч, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак, начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Анатольеўна Лёгкая, рэктар МАІРА Святлана Уладзіміраўна Сітнікава.

Сёння адной з прыярытэтных задач дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі з’яўляецца арганізацыя асобасна арыентаванага ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў, накіраванага на ўстанаўленне партнёрскіх адносін на аснове канструктыўнага дыялогу. Усё гэта непарыўна звязана з узрастаннем актыўнасці сем’яў у выхаванні і развіцці дзяцей, іх уключанасцю ў сучаснае адукацыйнае асяроддзе. Сям’я і ўстанова дашкольнай адукацыі ў роўнай ступені адказныя за ўмовы выхавання і развіцця асобы дзіцяці.

Разам з тым бацькі, становячыся ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і валодаючы кампетэнтнасцю ў сваёй прафесіі, часта не маюць педагагічнай адукацыі, высокага ўзроўню псіхолага-педагагічнай культуры. Для іх цяжкасці заключаюцца ў няведанні дзіцячай псіхалогіі, методык, сродкаў, мэт і задач адукацыі ў дашкольным узросце. Актуальная таксама праблема захавання і ўмацавання духоўных каштоўнасцей сям’і. Адзін з сучасных выклікаў дашкольнай адукацыі стварае і новая катэгорыя сем’яў — адукаваныя сем’і з высокімі чаканнямі ў адносінах да адукацыі сваіх дзяцей. Такія бацькі адносяцца да педагогаў з павагай, але крытычна, а іх дзейнасць расцэньваюць як аказанне паслугі, а не партнёрства ў інтарэсах дзіцяці. Рост колькасці такіх сем’яў стварае, з аднаго боку, новыя магчымасці для ўстановы дашкольнай адукацыі, з іншага — новыя патрабаванні да педагога.

Усе гэтыя змены патрабуюць пераасэнсавання зместу дзейнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі ў адносінах сям’і, пошуку эфектыўных падыходаў да сацыякультурна-педагагічнага партнёрства, якія дазваляюць улічыць актуальныя патрэбы бацькоў.

Па словах дэкана факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова Ірыны Анатольеўны Камаровай, асноўныя праблемы сямейнага выхавання звязаны з адсутнасцю ведаў і вопыту ўзаемадзеяння з дзецьмі ў большай часткі бацькоў, што тлумачыцца шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын. Так, змест адукацыі ў агульнаадукацыйнай школе, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах не арыентаваны на фарміраванне псіхолага-педагагічнай дасведчанасці маладых людзей як будучых бацькоў; выхаванне дзяцей у сям’і ажыццяўляецца на ўзроўні інтуіцыі і жыццёвага вопыту, які ёсць у старэйшага пакалення; адказнасць за выхаванне дзяцей ускладаецца бацькамі на адукацыйную ўстанову — сад ці школу.

Поспех супрацоўніцтва сям’і і дашкольнай установы залежыць ад узаемных установак, даверу адно да аднаго, усвядомленасці мэтанакіраванага ўздзеяння на дзіця. Аказваючы прафесійную дапамогу сям’і, дашкольная ўстанова пры гэтым павінна не падмяняць сям’ю, а дапаўняць яе. На думку І.А.Камаровай, плануючы задачы і напрамкі работы з сям’ёй, варта асаблівую ўвагу звярнуць на выхаванне павагі да дзяцінства і бацькоўства, павышэнне ўзроўню псіхолага-педагагічных ведаў і кампетэнтнасці бацькоў, агульнай культуры, а таксама прыцягненне бацькоў у адукацыйны працэс і кіраванне дашкольнай установай. У якасці ўмоў эфектыўнага ўзаемадзеяння дашкольнай адукацыйнай установы і сям’і могуць выступаць веданне сем’яў выхаванцаў, адкрытасць адукацыйнай установы, арыентацыя педагога на работу з бацькамі, прафесійная кампетэнтнасць спецыяліста, прыцягненне ўсіх членаў сям’і для работы ў групе і ўдзелу ў розных мерапрыемствах, уменне педагогаў выкарыстоўваць у рабоце з бацькамі разнастайныя формы супрацоўніцтва.

Згодна з апытаннем бацькоў, найбольш папулярнай і прымальнай формай узаемадзеяння сада і сям’і, нягледзячы на частыя крытычныя заўвагі за іх аднастайнасць, манатоннасць, адсутнасць дыялогу і інш., застаюцца бацькоўскія сходы. Па перакананні І.А.Камаровай, незалежна ад выбару форм работы з бацькамі (групавыя, індывідуальныя, наглядна-інфармацыйныя) кожная з іх мае як свае перавагі, так і некаторыя недахопы. Усе яны павінны быць актыўнымі і прадугледжваць узаемадзеянне спецыяліста з бацькамі, непасрэднае ўключэнне ўсіх членаў сям’і ў жывыя зносіны з мэтай павышэння ўзроўню спецыяльных ведаў і фарміравання педагагічнай культуры.

Адным з важных складнікаў у працэсе актыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй з’яўляецца развіццё педагагічнай рэфлексіі ў бацькоў — умення аналізаваць уласную выхаваўчую дзейнасць, крытычна ацэньваць яе, знаходзіць прычыны ўласных педагагічных памылак, неэфектыўнасць метадаў і прыёмаў педагагічнага ўздзеяння, якія выкарыстоўваюцца ў рабоце з дзецьмі, у адпаведнасці з іх індывідуальнымі і ўзроставымі асаблівасцямі ў канкрэтнай сітуацыі. Пра развіццё ў бацькоў рэфлексіўных якасцей у працэсе ўзаемадзеяння з установамі дашкольнай адукацыі расказала дацэнт кафедры дашкольнай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Зінаіда Раманаўна Жалезнякова.

У пытаннях узаемадзеяння з сям’ёй у рэгіянальных умовах важнае месца займае супрацоўніцтва ўстаноў дашкольнай адукацыі з установамі вышэйшай адукацыі, у якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка будучых спецыялістаў у галіне дашкольнай адукацыі. Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Баранавіч з’яўляецца філіялам кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адной з задач філіяла кафедры з’яўляецца аказанне дапамогі выхавальнікам дашкольнай адукацыі ў арганізацыі ўзаемадзеяння з бацькамі выхаванцаў. Аб гэтым расказала загадчык кафедры дашкольнай адукацыі і тэхналогій Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Рыгораўна Дубешка. Сістэма супрацоўніцтва кафедры і цэнтра рэалізоўваецца па такіх напрамках, як павышэнне педагагічнай, метадычнай, інфармацыйнай кампетэнтнасці выкладчыкаў, студэнтаў, выхавальнікаў і бацькоў выхаванцаў; павышэнне выхаваўчага патэнцыялу бацькоў, падтрымка іх упэўненасці ва ўласных педагагічных магчымасцях. Для фарміравання ў будучых выхавальнікаў дашкольнай адукацыі прафесійнай кампетэнтнасці ў пытаннях узаемадзеяння з сям’ёй выхаванцаў старшым выкладчыкам кафедры С.Кандрацюк распрацаваны змест спецкурса “Арганізацыя ўзаемадзеяння педагога з сям’ёй дашкольніка”.

Як заўважыла загадчык кафедры прыватных методык Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДПУ імя Максіма Танка Юлія Мікалаеўна Кіслякова, у сістэме павышэння кваліфікацыі акцэнт робіцца на тым, каб узброіць слухачоў канкрэтнымі метадамі і прыёмамі работы па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі і падтрымкі сям’і. “Павышаючы прафесійную кампетэнтнасць педагогаў, мы на месцах імкнёмся павысіць псіхолага-педагагічную культуру бацькоў. Выяўляючы адукацыйныя запыты сям’і, мы адначасова плануем дзейнасць усіх педагагічных работнікаў установы, а таксама дзейнасць з бацькамі”, — сказала Ю.М.Кіслякова.

Да сучасных тэндэнцый узаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі з сям’ёй адносіцца ўкараненне ІКТ, якія ўключаюць цэлы пералік інструментаў для камунікацый. Асабліва актуальны яны для педагогаў, якія шукаюць новыя нестандартныя метады яднання бацькоўскага калектыву, устанаўлення сяброўскай сувязі з сем’ямі сваіх выхаванцаў. Так, старонкі ўстановы дашкольнай адукацыі на “Фэйсбуку” ці ва “УКантакце” даюць нямала магчымасцей для камунікацыі паміж педагогамі і бацькамі выхаванцаў. У акаўнтах і групах можна абнаўляць статусы, размяшчаць навіны, анонсы, фотаздымкі, відэа. А доступ да гэтай інфармацыі мае адначасова неабмежаваная колькасць людзей. У апошні час пашыраюцца магчымасці анлайн-блогаў бацькоў ці педагогаў установы. Пры дапамозе апошніх бацькі і педагогі могуць вынесці на абмеркаванне новыя метады і прыёмы выхавання, новыя формы арганізацыі навучання дзяцей. Акаўнт у “Інстаграме” дае ўнікальныя магчымасці публікаваць фота, якія раскажуць пра жыццё групы ўстановы дашкольнай адукацыі намнога лепш за словы.

Улічваючы спецыфіку работы ўстановы ў сельскай мясцовасці, педагогі ясляў-сада вёскі Сумарокава Магілёўскага раёна актыўна выкарыстоўваюць ва ўзаемадзеянні з бацькамі розныя інтэрнэт-рэсурсы: афіцыйны сайт, сацыяльныя сеткі, “Вайбер”. Гэта, як заўважыла Алена Міхайлаўна Нятылька, загадчыца ясляў-сада, садзейнічае пашырэнню межаў установы дашкольнай адукацыі як сацыяльнага інстытута адукацыі і ўзбагачае змест сацыяльнага партнёрства. Акамя таго, партнёрскае ўзаемадзеянне з сем’ямі выхаванцаў рэалізоўваецца праз уключэнне бацькоў у адукацыйны працэс, прапаганду станоўчага вопыту сямейнага выхавання, стварэнне фотаальбома “Мая сям’я”, правядзенне дзён адкрытых дзвярэй для сем’яў выхаванцаў; афармленне стэнда “Нашы бацькі — наш гонар” , правядзенне сходаў, кансультацый у нетрадыцыйнай форме, арганізацыю работы клуба “Вячоркі за кубкам чаю”, пошту “Давер”.

Шматфункцыянальную сетку ўстаноў дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці прадставіла галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Ірына Уладзіміраўна Машкетава. Зараз у прысталічным рэгіёне дзейнічаюць 659 устаноў, якія рэалізоўваюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі (405 размешчаны ў сельскай мясцовасці, 254 — у гарадах), з іх 27 дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці, 13 санаторных устаноў дашкольнай адукацыі, 187 комплексаў “дзіцячы сад — школа”, 3 прыватныя ўстановы.

Сёння выкананне нарматыву забяспечанасці дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі выконваецца ва ўсіх раёнах, акрамя Мінскага, і складае 105,5% пры рэспубліканскім паказчыку 85%, у Мінскім раёне — 62,5% .

За кошт міграцыі насельніцтва і ў сувязі з актыўным будаўніцтвам жылля ў прысталічным рэгіёне, гарадах-спадарожніках адбылося павелічэнне колькасці насельніцтва. Як вынік — павялічыўся кантынгент дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэта прывяло да праблемы забяспечанасці месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі крокавай даступнасці ў мікрараёнах-новабудоўлях Маладзечна, Мар’інай Горкі, Стоўбцаў, Жодзіна і населеных пунктах Мінскага раёна. Агульная чарга тых, хто адчувае патрэбу ва ўладкаванні ў дашкольныя ўстановы, складае 3226 дзяцей. У сувязі з гэтым застаецца актуальнай работа па павелічэнні колькасці розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі на аснове запыту законных прадстаўнікоў.

На семінары падкрэслівалася, што сістэма павышэння кваліфікацыі Міншчыны накіравана на падтрымку прафесійнага развіцця педагогаў, прадугледжвае дыферэнцыраваны змест. Асаблівая ўвага ўдзяляецца асноўным кампетэнцыям, якімі павінны валодаць педагагічныя работнікі, што рэалізоўваюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі.

Як расказала старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі дашкольнай і пачатковай адукацыі МАІРА Алеся Валянцінаўна Елупахіна, у вучэбна-праграмнай дакументацыі павышэння кваліфікацыі педагогаў змест па праблеме ўзаемадзеяння ўстановы дашкольнай адукацыі з сям’ёй дыферэнцыраваны па модулях і ўключае пераважна практычныя заняткі: педагагічны модуль (павышэнне кампетэнтнасці па пытаннях арганізацыі супрацоўніцтва з сям’ёй, выкарыстання рэсурсаў анлайн-зносін у спалучэнні з традыцыйнымі формамі ўзаемадзеяння, сямейнага выхавання ў народнай педагогіцы беларусаў), сацыяльны модуль (павышэнне кампетэнтнасці па пытаннях аказання мэтанакіраванай, адраснай псіхолага-педагагічнай, сацыяльнай дапамогі бацькам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця), псіхалагічны модуль (накіраваны на фарміраванне псіхалагічнай культуры педагога ва ўзаемадзеянні з рознымі тыпамі сем’яў, бацькоў, павышэнне канфлікталагічнай кампетэнтнасці і г.д.), дыягнастычны модуль (асваенне слухачамі спосабаў адбору зместу, эфектыўных форм, метадаў і прыёмаў канструктыўнага ўзаемадзеяння з сям’ёй з улікам асаблівасцей іх кантынгенту, індывідуальных запытаў і патрэб).

Удзельнікі семінара пазнаёміліся з вопытам работы ўстаноў адукацыі Дзяржыншчыны. Сістэму ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з сям’ёй прадставілі педагогі ясляў-сада № 1 Дзяржынска. Гэта першая ў Мінскай вобласці дашкольная ўстанова з поўным дасканалым безбар’ерным асяроддзем. Умовы для выхаванцаў сада створаны найлепшыя: утульныя групы з сучасным гульнявым абсталяваннем, спартыўная зала і басейн, для творчага развіцця — музычная зала, для адпачынку — сенсорны пакой і пакой псіхалагічнай разгрузкі, для фарміравання пазнавальнай актыўнасці — смарт- і LEGO-цэнтр. Дашкольнікам прапанавана навучанне англійскай мове, харэаграфіі, ткацтву, гульні ў шахматы і шашкі. Таксама ў садзе працуюць медыцынскі блок і бацькоўскі пакой.

Вопыт арганізацыі работы па ўзаемадзеянні з сям’ёй прадставілі дашкольныя ўстановы краіны. Так, у яслях-садзе № 4 Нясвіжа створаны дзіцяча-бацькоўскі валанцёрскі атрад бацькоў “Сэрцайка”. Паводле слоў загадчыцы ўстановы Вольгі Іванаўны Пуляк, асноўнымі напрамкамі дзейнасці атрада з’яўляюцца прапаганда пазітыўнага бацькоўства, прыцягненне грамадскасці да праблем мужчынскага выхавання ў сям’і, узаемадзеянне з супрацоўнікамі Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна. Традыцыйным стала правядзенне тэматычных і дабрачынных акцый. Валанцёрскі атрад прыняў удзел у міні-праектах, рэалізаваных пад эгідай Чырвонага Крыжа: “Для таго каб убачыць вясёлку, трэба перажыць дождж” (накіраваны на супрацоўніцтва з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Нясвіжскага раёна), “За жыццё. Святасць мацярынства” (накіраваны на прапаганду пазітыўнага мацярынства).

***

Сучасная сацыякультурная сітуацыя абавязвае педагога па-новаму падыходзіць да канструявання педагагічнага ўзаемадзеяння з сям’ёй. Усвядомленая пазіцыя выхавальніка абумоўлівае неабходнасць рэалізацыі сістэмы ў выкарыстанні традыцыйных і пошуку новых форм супрацоўніцтва з бацькамі. Эфектыўнасць і выніковасць узаемадзеяння ўстаноў дашкольнай адукацыі і сям’і непасрэдна залежаць ад актыўнай пазіцыі педагогаў і бацькоў, іх агульнай зацікаўленасці ў паўнацэнным выхаванні і развіцці асобы дзіцяці.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.