Пасеяць любоў да высакароднай справы

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Мастацтва рэкламаваць саміх сябе — так можна назваць дзейнасць Лоеўскага педагагічнага каледжа ў кірунку прафарыентацыі.

Адміністрацыя, педагагічны калектыў і самі навучэнцы ўстановы прытрымліваюцца той думкі, што лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць, а таму самым дзейсным лічаць запрашаць школьнікаў у сцены каледжа. Тут для іх арганізоўваюць экскурсіі, удзел у майстар-класах, інтэлектуальных і забаўляльных мерапрыемствах, гутаркі з выкладчыкамі і будучымі настаўнікамі.

Педагагічны каледж арыентуецца ў першую чаргу на школьнікаў Лоеўскага і прылеглых раёнаў. У гэтым навучальным годзе ўстанову наведалі навучэнцы школ Брагінскага і Рэчыцкага раёнаў. А яшчэ будучыя педагогі арганізавалі цікавае, пазнавальнае мерапрыемства для маленькіх гімназістаў Лоеўскай раённай гімназіі. Работа з пачаткоўцамі — іх будучая прафесія, і такі вопыт будзе вельмі дарэчы. Разам з тым і малыя пранікнуцца настаўніцкай справай. Вядома, гэта якраз той узрост, калі можна на ўсё жыццё пасеяць у сэрцы дзіцяці любоў да высакароднай педагагічнай справы.

Вялікую работу разгарнулі ў каледжы і падчас зімовых канікул. План выхаваўчых мерапрыемстваў уключаў разнастайныя гульні, спаборніцтвы, майстар-класы, заняткі ў гуртках і клубах па аб’яднаннях, сур’ёзныя размовы на розныя тэмы з сацыяльным педагогам, выкладчыкамі дысцыплін і куратарамі груп. І ва ўсім гэтым галоўнымі героямі выступалі навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў.

А на мінулым тыдні ў каледжы прайшла прафесійная субота.

— Прафесійныя суботы ў апошні час сталі папулярным прафарыентацыйным мерапрыемствам, — гаворыць дырэктар каледжа Раіса Каляда. — Мы вырашылі, што і для нас яны будуць добрым дапаўненнем да той работы, якую мы праводзім у гэтым кірунку.

У суботні дзень для вучняў арганізавалі экскурсію па навучальнай установе, дзеці азнаёміліся з выставай дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа, наведалі музейныя пакоі “Спадчына” і “Этнаграфічны”, а пасля прынялі ўдзел у валанцёрскай акцыі “Давайце пазнаёмімся” і спаборнічалі ў інтэлектуальных гульнях.

Разыходзіцца хлопцы і дзяўчаты не спяшаліся. У многіх з’явіліся пытанні. Цікавіліся старшакласнікі ўсім: правіламі прыёму ва ўстанову, вучэбным працэсам, праходжаннем практыкі, размеркаваннем. Некаторыя прызналіся, што ўжо даўно вырашылі атрымліваць прафесію настаўніка ў педкаледжы, і былі вельмі рады магчымасці бліжэй азнаёміцца з яго жыццём і выкладчыкамі.