Пасеяць зерне цікавасці

- 11:16Актуально, На парадку дня

Стаўкі педагогаў­-арганізатараў павінны займаць тыя настаўнікі, якія будуць задавальняць патрэбы і дзяцей, і бацькоў.

На гэтым падчас сустрэчы з настаўнікамі Дзяржынскага раёна, якая была арганізавана ў сярэдняй школе № 1 Фаніпаля, зрабіў акцэнт міністр адукацыі Андрэй Іванец. 

У размове з педагогамі кіраўнік ведамства закрануў пытанне арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці і факультатыўных заняткаў: “У кожнай установе адукацыі, згодна са штатным раскладам, ёсць стаўка педагога-арганізатара, — нагадаў А.Іванец. — Гэтыя стаўкі павінны быць запоўнены. Трэба, каб іх займалі тыя педагогі, якія будуць задавальняць патрэбы і дзяцей, і бацькоў. Дарэчы, часта гэтыя патрэбы вельмі простыя, але на іх мы звяртаем мала ўвагі. Сёння мы шмат гаворым пра беларускую мову, традыцыі і гістарычна-культурную спадчыну. Думаю, калі прапануем дзецям факультатыў па беларускай мове або адпаведны дадатковы гурток, ён будзе карыстацца вялікай папулярнасцю. Безумоўна, весці факультатывы па прадметах павінны настаўнікі, якія іх выкладаюць”.

Профільнае міністэрства будзе ўдзяляць шмат увагі павышэнню кваліфікацыі педагогаў у рабоце з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Гэта тычыцца не толькі настаўнікаў-ла­га­педаў, дэфектолагаў, але і настаўнікаў-прадметнікаў, выкладчыкаў пачатковых класаў.

“Міністэрства адукацыі, Мі­ністэрства аховы здароўя і Мі­ністэрства працы і сацыяльнай абароны падпісалі вялікую і сур’ёзную дарожную карту, — паведаміў А.Іванец. — Гэта фактычнае суправаджэнне дзіцяці ад нараджэння да яго станаўлення ў дарослым жыцці. Кожны настаўнік-прадметнік, кожны настаўнік пачатковых класаў павінны валодаць базавымі кампетэнцыямі і навыкамі работы з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

Падчас размовы з педагогамі таксама была закранута тэма тэхнічнай творчасці. 

“Трэба ствараць рэсурсныя цэнтры і міжшкольныя факультатывы з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, каб дзіця, якое захапляецца фізікай, матэматыкай, інфарматыкай, магло лепш азнаё­міцца з адпаведным напрамкам”, — сказаў міністр адукацыі.

Трэба ствараць рэсурсныя цэнтры і міжшкольныя факультатывы з сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, каб дзіця, якое захапляецца фізікай, матэматыкай, інфарматыкай, магло лепш азнаёміцца з адпаведным напрамкам.

Не так даўно Міністэрства адукацыі заключыла пагадненне з Міністэрствам культуры аб адзіным бясплатным дні для наведвання музеяў краіны. Гэта тычыцца навучэнцаў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю,  прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спе­цыяльную адукацыю.

“Для навучэнцаў арганізуецца бясплатнае экскурсійнае суправаджэнне па пастаянных і часовых экспазіцыях, — зазначыў Андрэй Іванец. — Такім днём вызначана апошняя серада месяца. У выхаваўчым кірунку павінна быць сістэмная і эфектыўная работа. Нам належыць зарадзіць зерне цікавасці ў дзяцей падчас наведвання музеяў. Навучэнцы павінны быць дапытлівымі, разумець важнасць музейных экспазіцый. Што тычыцца работы школьных музеяў, то яны не павінны быць статычнымі, закрывацца на ключ. Кожнаму навучэнцу трэба даць магчымасць правесці экскурсію. Гэта дазволіць не толькі ўцягнуць дзяцей у музейную дзейнасць, але і абу­дзіць ціка­васць да нашай гісторыі, выха­ваць павагу да таго, што сёння ёсць у нашай краіне”.

Закранаючы тэму адукацыйнага працэсу, міністр звярнуў увагу на тое, што ў рабоце педагога не павінна быць фармалізму. 

“Трэба часцей сустракацца з бацькамі навучэнцаў, цікавіцца, як яны ажыццяўляюць выхаванне, таму што ў адукацыйным працэсе павінна быць ўзаемадзеянне”, — упэўнены А.Іванец.

Пасля размовы з педагогамі міністр адукацыі азнаёміўся з сістэмай арганізацыі дадатковых заняткаў і гурткоў у школе, а таксама наведаў Дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Дзяржынскага раёна.

Наталля САХНО.
Фота аўтара.