Пашыраць алімпійскую адукацыю ў школах

- 11:27Спартыўныя падзеі

У зале алімпійскай славы прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ў Брэсцкай вобласці адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў абласнога агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па алімпійскай адукацыі сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і школьных клубаў “Юны алімпіец” у мінулым навучальным годзе. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці і ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. 

— Мэта спаборніцтва — актывізацыя работы ў рамках існуючай Праграмы развіцця алімпійскай адукацыі, заахвочванне найбольш актыўных яе ўдзельнікаў, прапаганда алімпійскіх відаў спорту сярод моладзі і далейшае развіццё алімпійскага руху, — расказала дырэктар прадстаўніцтва НАК Беларусі ў Брэсцкай вобласці А.Л.Белаконенка. — Брэстчына з’яўляецца адзіным рэгіёнам у краіне, дзе алімпійская адукацыя ўкараняецца на аснове распрацаванай праграмы. Нядаўна была прынята новая Праграма развіцця алімпійскай адукацыі на 2017—2020 гады. Акрамя таго, толькі на Брэстчыне праводзіцца абласны злёт клубаў “Юны алімпіец”, які сёлета прайшоў дзявяты раз. Задача праграмы — павышаць алімпійскую дасведчанасць, пашыраць спартыўны кругагляд моладзі, далучаць яе да актыўных заняткаў спортам.

Абласны агляд-конкурс па алімпійскай адукацыі праводзіцца штогод сярод аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў і школьных клубаў “Юны алімпіец”. Мерапрыемствы, якія сёлета праходзілі ва ўстановах адукацыі пад эгідай прадстаўніцтва, былі прысвечаны 25-гадоваму юбілею Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі і Алімпійскім гульням. Клубаўцы ўдзельнічалі ў 5 творчых конкурсах, арганізоўвалі алімпійскія ўрокі, тэматычныя брэйн-рынгі, алімпійскія дні і тыдні, экскурсіі па спартыўных аб’ектах.

Па словах А.Л.Белаконенка, алімпійская адукацыя ўжо даўно і трывала ўвайшла ў школьную праграму. Дух алімпізму прысутнічае не толькі на спартыўных пляцоўках, але і на ўроках гісторыі, замежнай мовы і літаратуры. У алімпійскі адукацыйны працэс разам з творчымі конкурсамі ўключаны амаль усе школьныя прадметы і пазакласныя заняткі. Адукацыя і спорт звязаны непарыўна, бо ад школы залежыць, якія дзеці прыйдуць ім займацца.

На мерапрыемства былі запрошаны старшыні лепшых школьных клубаў “Юны алімпіец” і кіраўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, якія паказалі высокія дасягненні ў рабоце па арганізацыі алімпійскай адукацыі.

Па выніках мінулага навучальнага года лепшыя клубы “Юны алімпіец” дзейнічалі ў гімназіі Іванава (кіраўнік А.М.Бенда, намеснік Л.Ф.Кабрынец), Першамайскім яслях-садзе — сярэдняй школе Бярозаўскага раёна (кіраўнік А.М.Іваноўская, намеснік У.М.Астапенка), Мірскай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна (кіраўнік Н.М.Праневіч, намеснік А.І.Скіпар) і гімназіі № 2 Баранавіч (кіраўнік А.М.Дабрачынская, намеснік Н.Л.Хітрык). Лепш за ўсё работу па алімпійскай адукацыі ў мінулым навучальным годзе арганізавалі аддзелы адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага (начальнік Р.М.Сыса), Бярозаўскага (начальнік Т.П.Бранько) і Баранавіцкага (начальнік М.Г.Гапко) райвыканкамаў, а таксама Баранавіцкага гарвыканкама (начальнік А.С.Салавей).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.