“Паслухмяная” папера

- 15:40Дашкольная адукацыя

Назіраючы за дашкольнікамі, я заўважыла, што яны любяць гуляць з цацкамі, зробленымі сваімі рукамі. Напрыклад, улетку дзеці складваюць з паперы караблікі і пускаюць па вадзе, а зімой майструюць сняжынкі для ўпрыгожвання групы. Так у мяне з’явілася ідэя асвоіць з дзецьмі тэхналогію арыгамі, паколькі гэта даступна і цікава дзецям. Да таго ж заняткі арыгамі спрыяюць развіццю псіхічных працэсаў у дашкольнікаў, іх паспяховай падрыхтоўцы да школы. Для павышэння сваіх ведаў я дадаткова прайшла навучанне ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Арыгамі развівае ў маіх выхаванцаў здольнасць працаваць рукамі, у іх удасканальваецца дробная маторыка рук, дакладныя рухі пальцаў, развіваецца вакамер. Арыгамі спрыяе канцэнтрацыі ўвагі, таму што прымушае засяродзіцца на працэсе вырабу, каб атрымаць жаданы вынік. Арыгамі мае вялікае значэнне ў развіцці канструктыўнага мыслення дашкольнікаў, іх творчага ўяўлення, мастацкага густу; стымулюе і развіццё памяці, таму што дзіця, каб зрабіць цацку, павінна запомніць паслядоўнасць яе вырабу, прыёмы і спосабы складання. Арыгамі актывізуе разумовыя працэсы: падчас канструявання дзеці суадносяць наглядныя сімвалы са слоўнымі і пераводзяць іх значэнне ў практычную дзейнасць.
Тэхніка арыгамі ўдасканальвае працоўныя ўменні дашкольнікаў, фарміруе культуру працы; спрыяе стварэнню гульнявых сітуацый: склаўшы з паперы фігуркі жывёл, дзеці ўключаюцца ў гульню-драматызацыю па знаёмай казцы, становяцца казачнымі героямі, здзяйсняюць падарожжы… Акрамя таго, займаючыся з дзецьмі арыгамі, я заўважыла, што ў працэсе складання фігур яны знаёмяцца з асноўнымі геаметрычнымі паняццямі (вугал, квадрат, трохвугольнік і нш.), адначасова адбываецца ўзбагачэнне слоўніка спецыяльнымі тэрмінамі, дзеці лёгка арыентуюцца ў прасторы і на лісце паперы. Немалаважнае значэнне арыгамі і ў фарміраванні ўмення слухаць выхавальніка, успрымаць задачу і знаходзіць спосаб яе вырашэння.
Я пачынала займацца тэхналогіяй арыгамі з дзецьмі другой малодшай групы з другога паўгоддзя. Гатоўнасць дашкольніка да такіх заняткаў можна праверыць, прапанаваўшы яму сагнуць квадрат з паперы папалам “кніжкай” або “хусцінкай”. Калі ў дзіцяці ёсць цікавасць і жаданне складаць фігуркі, то можна працягваць заняткі, калі ж яно праяўляе нежаданне займацца, не спраўляецца з заданнем, то лепш адкласці заняткі на нейкі час. Цікавасць да заняткаў узрастае, калі дзецям зразумелы матыў: зрабіць кветку для мамы, цацку. Таму неабходна аб’яўляць дзецям не толькі мэту заняткаў — выраб канкрэтнай фігуркі, але і для чаго яна будзе зроблена.
Пачынаючы з першых заняткаў я арыентую дзяцей на дакладнасць выканання дзеянняў; звяртаю іх увагу на тое, што згібы трэба прагладжваць з намаганнем, інакш пры выкананні наступных дзеянняў папера не будзе “слухацца”, не загнецца як трэба, што пальчыкі могуць ператварацца ў “прасікі”; тлумачу дзецям, што працаваць трэба толькі на цвёрдай паверхні, на стале, і ні ў якім выпадку не на вісу, таму што папера можа падрацца і прыйдзецца ўсё складаць нанава. Пры вырабе фігурак з паперы я выкарыстоўваю агульнапрынятую тэхналогію. Нават дзяцей малодшага дашкольнага ўзросту я навучаю некаторым тэрмінам: вугал (называючы яго прасторавым размяшчэннем), старана, цэнтр, лінія, дыяганаль. У малодшым дашкольным узросце гэтыя паняцці назапашваюцца ў пасіўным слоўніку. На першых занятках я выкарыстоўваю звычайна такія прыёмы: на вуглах квадрата, якія будуць сумяшчацца, малюю кветку або матылька. Дашкольніку прапаноўваю акуратна ўзяць вугал, на якім намаляваны матылёк, і “пасадзіць” яго на кветку. Калі матылёк “сядзе на кветку”, для таго, каб ён “не адляцеў”, трэба пальчыкам левай рукі ўтрымліваць сумешчаныя вуглы, а пазногцем вялікага пальца левай рукі прагладзіць атрыманую складку. Такім чынам, дзіця асвойвае першы найважнейшы прыём складання квадрата па дыяганалі. Калі дзіця стамлялася, я часта выкарыстоўвала фізкультхвілінку: “Наши пальцы не ленились,// Над фигурою трудились. //Уголочки загибали // И немножечко устали.// Мы легонько их встряхнем,// Снова складывать начнем”.
Арыгамі — адзін з відаў дзіцячай дзейнасці, які развівае дакладнасць і каардынацыю рухаў і ўздзейнічае на інтэлектуальнае развіццё. Заняткі арыгамі дазваляюць дзецям задаволіць свае пазнавальныя інтарэсы. Арыгамі — цудоўны, цікавы занятак. Займайцеся арыгамі, яно спрыяе збліжэнню бацькоў і дзяцей з выхавальнікамі.

Наталля НЯВЕРАВА,
выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця
дзіцяці № 4 Магілёва.