Паспець за 6 дзён

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

Установы вышэйшай адукацыі пачалі прыём дакументаў

12 ліпеня пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. У гэты дзень першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш наведаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Для абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэтную форму навучання, падача дакументаў будзе ажыццяўляцца з 12 па 17 ліпеня (для выпускнікоў педкласаў, што абралі педагагічныя спецыяльнасці, — з 12 па 14 ліпеня). Прыём дакументаў на платную форму ў залежнасці ад спецыяльнасці будзе доўжыцца: да 31 ліпеня (у сілавыя ўстановы), па 2 жніўня (у творчыя ўстановы), па 4 жніўня (у іншыя ўстановы адукацыі).

Асобна звяртаем увагу, што 18 ліпеня ва ўстановах адукацыі пачнуцца ўступныя выпрабаванні па творчасці, фізічнай культуры, а таксама для выпускнікоў каледжаў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання. Усе экзамены для абітурыентаў арганізаваны ў адну сесію. Гэта значыць, што ўсе асобы — і тыя, хто паступае за кошт бюджэту, і тыя, хто жадае вучыцца на платнай аснове, — павінны падаць дакументы да 17 ліпеня.

Сёлета ва ўстановы вышэйшай адукацыі краіны за кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць 27,2 тысячы чалавек (летась — 27,9 тысячы): 22,2 тысячы — на дзённую форму і 5 тысяч — на завочную. План прыёму на ўмовах аплаты: 31 тысяча чалавек (летась — 34,8 тысячы): 14,8 тысячы — на дзённую форму, 16,2 тысячы — на завочную. Такім чынам, плануецца, што сёлета ва ўстановы вышэйшай адукацыі будзе залічана 58,2 тысячы чалавек.

— Уступная кампанія адпрацавана да дробязей, — заўважыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш. — Для ўстаноў адукацыі гэта звыклая праца, але для кожнага асобнага абітурыента ўсё адбываецца ўпершыню. Мы заўсёды, праводзячы нарады з адказнымі сакратарамі прыёмных камісій, звяртаем увагу на гэты момант.

У БДПУ імя Максіма Танка ўчора з самай раніцы было надзвычай мнагалюдна. Таму, нягледзячы на тое, што прыёмная камісія пачынае работу а 9-й гадзіне, кансультаванне абітурыентаў аб парадку дзеянняў пачалося значна раней.

Асаблівасць сёлетняй прыёмнай кампаніі ў тым, што выпускнікі педкласаў будуць залічвацца на педагагічныя спецыяльнасці без іспытаў. Умовай з’яўляецца наяўнасць у дакуменце аб адукацыі адзнак не ніжэйшых за 7 балаў па ўсіх вучэбных прадметах і адзнак не ніжэйшых за 8 балаў па вучэбных прадметах, якія адпавядаюць прадметам профільных выпрабаванняў. Акрамя таго, выпускнікам трэба мець рэкамендацыю педсавета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі, і прайсці субяседаванне ва ўніверсітэце. Апошняе праводзіцца з мэтай выяўлення асобасных, дзелавых якасцей, здольнасцей і матывацыі абітурыента да атрымання педагагічнай спецыяльнасці.

— Сёлета мы набіраем абітурыентаў на 800 бюджэтных і 500 платных месцаў, — паведаміў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Я думаю, што мы не толькі выканаем план прыёму, але і якасць падрыхтоўкі абітурыентаў павысіцца. Спадзяюся, што выпускнікі педагагічных класаў, якія прыйдуць ва ўніверсітэт, зрабілі свядомы прафесійны выбар і ў будучыні стануць сапраўднымі настаўнікамі.

Як і ў мінулыя гады, без іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці могуць паступаць таксама медалісты, выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія маюць дыплом з адзнакай, пераможцы абласных алімпіяд па вучэбных прадметах, вызначаных прадметам першага профільнага іспыту (пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі).

У выпадку, калі пасля залічэння на бюджэтную форму ва ўстановах адукацыі застануцца вакантныя месцы, на іх будзе абвешчаны дадатковы набор. Пры гэтым зніжэнне парогавых значэнняў прахадных балаў ва ўсе ўстановы (акрамя МУС) па ўсіх вучэбных прадметах не прадугледжана.

Пералік дакументаў, якія асабіста прадстаўляюцца абітурыентам у прыёмную камісію ўстановы вышэйшай адукацыі: пасведчанне асобы, заява, дакумент аб адукацыі, на падставе якога абітурыент паступае, сертыфікаты ЦТ, медыцынская даведка аб магчымасці навучання па адпаведным профілі (форма 1 здр /  у-10), дакументы, якія пацвярджаюць ільготы, фотаздымкі (іх форму і колькасць устанаўліваюць установы адукацыі).

Нагадаем, што прыёмныя камісіі ўстаноў адукацыі працуюць з панядзелка па суботу з 9 да 18 гадзін.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота аўтара.