Паспяховы настаўнік — паспяховыя вучні

- 14:34Навіны рэгіёнаў

Першы стэнд, які бачыш на сцяне калідора Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, прысвечаны настаўнікам, якія самі вучыліся тут. Такіх настаўнікаў 16, амаль палова педагагічнага калектыву. Алена Генрыхаўна Карвель пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка таксама вярнулася ў родную школу і ўжо трэці год выкладае фізіку і інфарматыку.

У сваёй педагагічнай дзейнасці стварае спрыяльныя ўмовы для самаўдасканалення і развіцця кожнага асобна ўзятага навучэнца, далучэння яго да актыўнай пазнавальнай дзейнасці. Выкарыстанне ІКТ у вучэбным працэсе робіць заняткі Алены Генрыхаўны займальнымі і прыцягальнымі, дазваляе актывізаваць пазнавальныя здольнасці навучэнцаў.

Яна ўпэўнена, што настаўнік павінен увесь час развіваць свае прафесійныя якасці, павышаць адукацыйны ўзровень, бо паспяховы настаўнік — паспяховыя вучні. Дар’я Пясляк, цяпер вучаніца 9 класа, у лютым 2017 года на высокім узроўні прадставіла сваю дзейнасць на V навукова-практычнай канферэнцыі “Фізіка вакол нас” і атрымала дыплом ІІ ступені за лепшы даклад. Паспяховы ўдзел Дар’і Пясляк, Канстанціна Пятровіча, Яніны Мацкевіч у VІІІ вучэбна-даследчай канферэнцыі, арганізатарам якой выступіў Ашмянскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, таксама прынёс вучням Алены Генрыхаўны заслужаныя ўзнагароды: сертыфікаты і ўзнагароды ад Ашмянскай раённай арганізацыі “Белая Русь”. Дыпломам ІІІ ступені адзначана на раённай навукова-практычнай канферэнцыі работа Канстанціна Пятровіча “Даследаванне часу астывання кубка з гарачымі вадкасцямі”. Дарэчы, работа была праведзена ў школьнай сталовай.

Педагагічнае крэда Алены Генрыхаўны — “Каб мець права вучыць, трэба вучыцца самому”. Як пацвярджэнне гэтага — шматлікія перамогі самой настаўніцы. Больш за 300 работ было прадстаўлена на І Адкрыты конкурс метадычных распрацовак настаўнікаў фізікі “Народны падручнік. Фізіка: 7 клас”, які ў кастрычніку мінулага года праводзіў адукацыйны партал е.School.by. Сярод 5 аўтараў-пераможцаў — Алена Генрыхаўна. Яе конкурсная работа “Лабараторная работа: вызначэнне цаны дзялення шкалы прыбора” адзначана дыпломам І ступені. У лістападзе настаўніца прымала ўдзел у Міжнароднай спецыялізаванай навукова-тэхнічнай выставе-форуме “Інфармацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”. Дыплом удзельнікаў у паўфінале ІІ Рэспубліканскага конкурсу праектаў “Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу” стаў для А.Г.Карвель і яе вучняў — дзевяцікласніка Максіма Пятровіча і васьмікласніка Канстанціна Пятровіча — чарговым дасягненнем. Для павышэння адукацыйнага ўзроўню прайшла навучанне па курсе “Метад праектаў” з серыі тэматычных трэнінгаў у Intel “Элементы”, што паспрыяла стварэнню сеткавага праекта “Юны вучоны”. Настаўніца з задавальненнем дзеліцца набытымі ведамі з педагогамі ўстановы па рабоце з інтэрактыўнай дошкай і стварэнні прадметных блогаў.

Педагагічная дзейнасць маладой настаўніцы, яе поспехі ў навучанні і выхаванні навучэнцаў адзначаны Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама.

Жанна ЯНЦЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Гудагайскай сярэдняй школы Астравецкага раёна.