Паспяховыя практыкі: як навучэнцы і педагогі Клайшанскай базавай школы прапагандуюць здаровы лад жыцця

- 9:00Главная, Образование

Навучэнцы і педагогі Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна вядуць здаровы лад жыцця і прапагандуюць яго сярод іншых устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Сябруюць са спортам

Абласны цэнтр эфектыўных педагагічных практык “Установа адукацыі як эфектыўна дзеючы цэнтр па фарміраванні культуры здаровага ладу жыцця ва ўмовах сельскай мясцовасці” працуе ў Клайшанскай школе са студзеня 2024 года. Невыпадкова менавіта гэтая ўстанова адукацыі была выбрана ў якасці абласнога цэнтра. На базе школы дзейнічаў раённы цэнтр па фізічнай культуры і спорце. У 2017—2020 гадах установа рэалізоўвала інавацыйны праект па фарміраванні рухальнай культуры. Шмат вопыту запазычана з праектнай дзейнасці, толькі цяпер акцэнт зроблены на здаровым ладзе жыцця. Нават эмблема школы, распрацаваная навучэнкай 9 класа Валерыяй Бальцэвіч, адлюстроўвае прыхільнасць да здаровага ладу жыцця.

— Школа заўсёды славілася сваімі спартыўнымі перамогамі, шмат гадоў запар займала прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе, таму здаровы лад жыцця стаў нашым вядучым кірункам, — расказала дырэктар Клайшанскай базавай школы Алена Іосіфаўна Мікша. — Невялікая ўстанова адукацыі ў сельскай мясцовасці, дзе вучацца 56 дзяцей з вёскі Клайшы і аграгарадка Гіркі, працуюць 16 педагогаў, стала сапраўдным цэнтрам сацыякультурнага жыцця. Побач няма іншых стадыёнаў ці спартзалы, таму на нашай базе займаюцца не толькі дзеці, але і дарослыя.

Уваходзячы на тэрыторыю школы, адразу разумееш, што трапіў ва ўстанову, дзе сябруюць са спортам. На фасадзе будынка можна ўбачыць банер з фотаздымкамі спартыўных мерапрыемстваў, пераможцаў. Футбольны мяч, зроблены рукамі настаўніцы фізічнай культуры і здароўя Ірыны Чаславаўны Вараноўскай, упрыгожыў школьны двор. Тут жа зона “Гульні на асфальце”, шахматны стол, лаўкі для адпачынку і іншыя лакацыі для цікавага правядзення вольнага часу на перапынках і пасля ўрокаў. Калі заходзіш у будынак, прыцягвае ўвагу ай-стопер у выглядзе сэр­ца, які заклікае весці здаровы лад жыцця.

Валанцёры ЗЛЖ

Трэці год у школе дзейнічае атрад “Валанцёры здаровага ладу жыцця”. Увахо­дзяць у яго васьмікласнікі, якія займаюцца з іншымі падлеткамі па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”. Яны прапаноўваюць новыя формы правядзення вольнага часу, вядуць інфармацыйную дзейнасць. Менавіта валанцёры прапанавалі зрабіць і паставіць у фае школы ай-стопер. Два гады назад валанцёры выступілі ініцыятарамі стварэння зоны “Гульні на асфальце”. Гэта быццам звычайныя класікі, лабірынты, гульні з кубікам, але дзецям вельмі падабаецца. Падчас перапынкаў ніхто не сядзіць з тэлефонам, усе на свежым паветры.

Юлія Матоніс тры гады займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Дзяўчынка прызналася, што ёй падабаецца праводзіць заняткі са сваімі аднагодкамі. Яна і сама прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, для яе гэта правільнае харчаванне і заняткі спортам.

— Мы, валанцёры здаровага ладу жыцця, хочам дапамагчы іншым усвядоміць адказнасць за сваё здароўе, — адзначыла Юлія Матоніс. — Дзейнасць нашага атрада будуецца па трох напрамках: работа валанцёраў-інструктараў роўнага навучання, арганізацыя актыўнага вольнага часу для ўсіх навучэнцаў, інфармацыйная дзей­насць. У сваёй рабоце мы выкарыстоўваем пераносную дошку KVILT. На замацаваных на ёй стыкерах школьнікі пішуць свае думкі, прымаюць удзел у квілт-акцыях, калі трэба адказаць на пытанне, што для іх значыць здаровы лад жыцця. Я хачу дапоўніць гэты квілт выдатнай ідэяй, якая называецца “Ад 1 да 9”. Каб весці здаровы лад жыцця, трэба кожны дзень прытрымлівацца наступных правіл: адны заняткі спортам, 2 гадзіны без тэлефона перад сном, 3 прыёмы ежы і 3 міні-перакусы, 4 міні-перапынкі на адпачынак, 5 штук агародніны або садавіны, 6 мінут медытацыі, 7 шклянак вады, 8 гадзін сну і 9 тысяч крокаў. Мы, валанцёры здаровага ладу жыцця, жадаем усім здароўя.

Валанцёры працуюць не толькі ў сваёй школе, але і выязджаюць у іншыя. Так, апошнім часам пабывалі ў Паляцкішскай базавай і Радунскай сярэдняй школах. Ёсць запрашэнні на правядзенне валанцёрамі заняткаў ад іншых устаноў адукацыі Воранаўскага раёна, так што такая практыка будзе прадоўжана.

Раз у чвэрць праводзяцца тыдні здаровага ладу жыцця. Кожны дзень прысвечаны аднаму складніку паняцця “здароўе”. Вынікі тыдня ЗЛЖ, як і іншых мерапрыемстваў, знаходзяць адлюстраванне ў інтэрактыўнай газеце “Школьны пульс”. Яна выходзіць не толькі ў друкаваным выглядзе, але і па QR-кодзе вядзе на старонку
школьнага сайта.

Падлеткі супраць наркотыкаў

Калі дзейнасць валанцёраў-васьмікласнікаў накіравана на аўдыторыю падлеткаў, то дзевяцікласнікі маюць зносіны не толькі з аднагодкамі, але і з мясцовымі жыхарамі, часцей за ўсё з людзьмі пажылога ўзросту. Члены створанага на базе школы антынаркатычнага атрада “Выбар” не адзін год праводзяць мерапрыемствы па прафілактыцы шкодных звычак і залежнасцей як у школе з удзелам падлеткаў, так і на тэрыторыі вёскі з соцыумам. Яны раздаюць аднавяскоўцам буклеты, праводзяць розныя мерапрыемствы. І мясцовыя жыхары іх ужо ведаюць.

Інфармацыйны партал

Яшчэ адзін цікавы праект, рэалізаваны ў рамках абласнога рэсурснага цэнтра, — інфармацыйны партал пра дзіцячае здароўе. Гэта інтэрнэт-рэсурс, на якім размешчаны матэрыялы інфармацыйнага характару, арыентаваныя на падлеткаў.

У школьных калідорах пад столлю развешаны таблічкі — мабайлы. Яны рознага фармату, на кожным паверсе будынка свае. Ідэя запазычана з маркетынгу. Кожны мабайл з нейкай фразай утрымлівае QR-код, які і вядзе на дзіцячы інфармацыйны партал.

Т.С.Бярцэвіч і А.І.Мікша

— Напрыклад, на мабайле напісана “Арганізуй свой рэжым дня”, прычым усе фразы ў загадным ладзе і звернуты да дзяцей, — тлумачыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце кіраўнік абласнога цэнтра эфектыўных педагагічных практык Таццяна Станіславаўна Бярцэвіч. — Дзіця, калі зацікавіцца гэтай фразай, пераходзіць па QR-кодзе і трапляе на старонку школьнага блога з такой жа назвай. Там атрымлівае інфармацыю, што трэба зрабіць, каб прытрымлівацца рэжыму дня. Уся інфармацыя падабрана спецыяльна для дзяцей. Партал пастаянна папаўняецца новымі звесткамі.

На першым паверсе будынка школы змешчаны мабайлы пра фізічнае здароўе: сон, гігіену, ежу, як гуляць на свежым паветры альбо правільна засынаць ці займацца спортам. На другім паверсе, дзе займаюцца старшыя класы, зроблены акцэнт на інтэлектуальным здароўі. Мабайлы нагадваюць пра вучобу: “трэніруй мозг”, “вучы на па­мяць”, “чытай кнігі”. У зоне пачатковай школы яны ўжо пра эмацыянальнае здароўе: “гуляй”, “малюй”, “слухай музыку”. Ёсць таксама пра сацыяльнае здароўе: “май зносіны з блізкімі”, “шануй сяброўс­тва”, а таксама пра духоўнае здароўе. У школе не хапае паверхаў, каб размясціць іх, чарговыя павінны з’явіцца ўжо на лес­вічнай клетцы.

Футбольная фан-зона

У гэтым годзе ў педагогаў з’явілася яшчэ адна ідэя, якую тут жа рэалізавалі. Заўважыўшы, што дзеці вельмі любяць футбол, стварылі зону адпачынку, своеасаблівую футбольную фан-зону. На стэндзе — лепшыя спартсмены школы, пераможцы спаборніцтваў раённага ўзроўню. Тут жа фота футбольных каманд Воранаўшчыны і ўсёй Гродзенскай вобласці. Дзеці вельмі хочуць трапіць на гэты стэнд. Ёсць тут і пазнавальная выстава-гласарый футбольных тэрмінаў. Запатрабаваным стаў куток здароўя з прыборамі для вымярэння вагі, росту, ціску, а таксама су-джок з масажорамі. Школьнікі вельмі любяць праводзіць тут час, яны не толькі адпачываюць, але і папаўняюць свае веды ў галіне футбола.

Сенсорны калідор

У школе клапоцяцца пра тое, каб дзеці на перапынках не сядзелі ў тэлефонах, а рухаліся. Таму і стварылі розныя зоны, дзе можна адпачыць гуляючы. На кожным паверсе і нават на вуліцы стаяць сталы для гульні ў шашкі. Каля некаторых замест крэс­лаў — дыскі здароўя альбо фітболы. Падлеткі гуляюць у шашкі па прынцыпе гульні “Інфіт”, сумяшчаючы гульню і рух. Яны становяцца на дыскі здароўя, і калі адзін гулец робіць ход, іншы круціцца на дыску, і наадварот.

А для малодшых школьнікаў зрабілі сапраўдны сенсорны калідор з інтэрактыўнымі дарожкамі на падлозе. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя распрацаваў спецыяльную праграму. Таксама ў вольным доступе знаходзяцца незвычайныя трэнажоры — нейраскакалкі і джамперы. У пачатковым звяне выкарыстоўваюцца пальчыкавая і дыхальная гімнастыка, музыкатэрапія.

— Наш цэнтр эфектыўных педагагічных практык дзейнічае толькі паўгода, але за гэты час педагогі двойчы былі на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, прэзентавалі свой вопыт, — расказала дырэктар школы. — Плануем і далей працягваць работу па прапагандзе здаровага ладу жыцця, укараненні здароўезберагальных тэхналогій. Планаў шмат, мы толькі развіваемся ў гэтым кірунку.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара