Патрымаць у руках чароўны гляк можна ў этнаграфічным кутку Ружанскай сярэдняй школы

- 16:08Новости

Ружаны славяцца не толькі знакамітым палацавым комплексам, але і так званай ружанскай керамікай. З яе ўзорамі можна азнаёміцца ў школьнай этнаграфічнай экспазіцыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У кабінеце беларускай мовы і літаратуры Ружанскай сярэдняй школы імя Казіміра Марача Пружанскага раёна вучні наглядна знаёмяцца з прадметамі побыту, якімі карысталіся іх продкі і пра якія ідзе гаворка ў творах класікаў нашай літаратуры. У вялікай колькасці ў кабінеце прадстаўлены бандарныя, тканыя вырабы, але больш за ўсё ганчарных — самых розных памераў, самых розных назваў і самых розных адценняў аранжавага і зялёнага колераў. Візітоўкай жа мясцовых ганчароў быў глянцава-чорны задымлены посуд.

Як паведаміла кіраўнік этнаграфічнага кутка настаўніца беларускай мовы і літаратуры Наталля Міхайлаўна Шэпырова, незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў Ружанах працавала каля 60 майстроў, была нават свая ганчарная вуліца (цяперашняя Чкалава). Сёння, на жаль, сакрэты, якімі валодалі мясцовыя ганчары, амаль страчаны. І толькі ў музеях можна ўбачыць прыклады ружанскай керамікі.

— Усе збаны, глякі, гаршкі, гладышы, якія прадстаўлены ў экспазіцыі, збіраліся пад кіраўніцтвам маёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Антонаўны Шамяцюк. Разам з ёй калекцыю папаўнялі Вера Фёдараўна Навумік і Валянціна Аляксандраўна Неткачава. Нягледзячы на тое, што ў школе не музей, а толькі этнаграфічны куток, гэта не перашкаджае нам дасягаць мэт і задач па выхаванні юнага патрыёта і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Настаўнікамі распрацаваны цікавыя экскурсіі, якія праводзяць вучні нашай школы. Музейны куток з’яўляецца выхаваўчай прасторай. Тут мы ладзім вечарыны, круглыя сталы, розныя мерапрыемствы. Важна дакрануцца да нашай спадчыны не толькі рукамі, але ў першую чаргу душой і сэрцам, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Настаўнікі спадзяюцца, што ў Ружанах некалі зноў закруціцца ганчарнае кола. Пакуль жа з шэдэўрамі мясцовай керамікі можна азнаёміцца толькі ў музеях. Вырабы ружанскіх ганчароў захоўваюцца ў Пружанах, Брэсце, Мінску і нават Берліне з Парыжам. Але я параіў бы прыехаць непасрэдна ў Ружаны. У школе для вас з радасцю правядуць экскурсію па этнаграфічнай экспазіцыі. Тут вы нават зможаце патрымаць у руках чароўны гляк.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара