Больш за 1600 навучэнцаў і работнікаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі паўночнага рэгіёна прадставілі звыш 1400 выставачных экспанатаў у рамках абласнога агляду інавацыйнай, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
Тэматычныя экспазіцыі разгарнуліся на пляцоўках Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі і Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа.
— Вельмі прыемна бачыць выставы, дзе кожны экспанат сведчыць пра тое, што вобласці ўдалося захаваць і памножыць традыцыі, закладзеныя нашымі папярэднікамі, — пракаменціраваў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома. — Напэўна, самае галоўнае, што наша моладзь цікавіцца інавацыйнай работай і творчасцю. Вынікі выклікаюць шчырыя павагу, гонар, захапленне.
Натхняла і абуджала ўяўленне экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладной творчасці: эксклюзіўныя калекцыі адзення і фантазійныя прычоскі, вышыўка, вязанне, габелены, вырабы з лазы, дрэва, саломкі, керамікі, металу і шакаладу, разнастайныя цацкі, творы жывапісу, тэматычныя сталы, аўтарскія лялькі. Сярод экспанатаў найбольш прываблівалі гледачоў вырабы майстроў Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа. Але і ўзровень выканання работ шэрага іншых устаноў прафесійнай адукацыі варты самай высокай ацэнкі.
На выставе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці асабліва ўражвалі работы, якія выканалі майстры з Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага, Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага, Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага, Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжаў, Віцебскага дзяржпрафліцэя № 5 прыборабудавання, Высокскага дзяржпрафліцэя сельгасвытворчасці, Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа імя М.Ф.Шмырова і Ульскага дзяржпрафліцэя сельгасвытворчасці імя Л.М.Даватара. Як адзначыў Дзмітрый Хома, вялікую каштоўнасць уяўляюць экспанаты, разлічаныя на практычную запатрабаванасць, асабліва ў маштабах краіны, калі гэта дазволіць атрымаць адпаведны эканамічны эфект. Прафесійная падрыхтоўка, фарміраванне ў навучэнцаў свядомага выбару будучай спецыяльнасці і адказных адносін да яе, павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання — тыя пытанні, якія сёння маюць вялікае значэнне. Агляд інавацыйнай, тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дазваляе больш дакладна прааналізаваць эфектыўнасць і якасць работы ў гэтым кірунку, а таксама зрабіць адпаведныя высновы, параўнаўшы свой патэнцыял з прадстаўленым на рэспубліканскіх выставах.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.