Фарміраванне паважлівага стаўлення да спадчыны беларускага народа, захаванне гістарычнай памяці, выхаванне патрыёта краіны лейтматывам праходзіць у новым вучэбным дапаможніку для 10 класа “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”, які сёлета паступіў у школы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Выданне падрыхтавана аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам дэкана гістарычнага факультэта БДУ Аляксандра Каханоўскага.
Фота аўтара
Па словах Аляксандра Генадзьевіча, новы прадмет “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” дае магчымасць школьнікам больш наглядна вывучыць асноўныя тэндэнцыі сацыяльна-эканамічнага, палітычнага, культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа, выявіць асаблівасці развіцця грамадства і дзяржавы на тэрыторыі Беларусі, асноўныя напрамкі развіцця Беларусі ў кантэксце тых працэсаў, якія адбываліся ў іншых краінах і рэгіёнах, абапіраючыся на веды і ўменні, засвоеныя на ўроках гісторыі ў 5—9 класах.
— Вучэбны дапаможнік распрацоўваўся ў адпаведнасці з Канцэпцыяй школьнай гістарычнай адукацыі, у якой захаваны канцэнтрычны прынцып пабудовы, які прадугледжвае неаднаразовы зварот да адных і тых жа перыядаў гісторыі. Да нядаўняга часу дзесяцікласнікі вывучалі два прадметы — гісторыю Беларусі і сусветную гісторыю — паасобку. Напрыклад, гісторыя Беларусі вывучалася лінейна: ад старажытнасці да сучаснасці і часта без аглядкі на тыя працэсы, што адбываліся ў свеце. Так, у ранейшых дапаможніках часам можна было прачытаць, што ў ХІХ стагоддзі беларусы былі неадукаванымі, а сістэма адукацыі — недастаткова развітой і г.д. Калі ж мы паглядзім сусветны кантэкст, то можам бачыць, што мы не адставалі ў развіцці, а па некаторых напрамках нават пераўзыходзілі суседзяў. ХІХ стагоддзе называюць эрай пачатковай школы, значыць, не толькі ў нас, але і ўсюды ва Усходняй Еўропе ішло станаўленне сістэмы школьнай адукацыі. Такім чынам, інтэграваны курс дазваляе бачыць месца і значэнне нашай гісторыі ў кантэксце гісторыі іншых краін свету і найперш суседніх, — расказвае Аляксандр Каханоўскі. — І яшчэ, у гісторыі мы не павінны раз’ядноўваць людзей, даваць нагоду для непаразумення, варожасці, а павінны згуртоўваць іх у імя нашага сёння і будучыні. Мы маем багатую і ў той жа час найскладанейшую гісторыю, працэсы, якія не заўсёды былі простымі для нашага народа, але мы заўсёды мелі магчымасць для стваральнай працы, руху наперад.
У новым дапаможніку аб’ектам вывучэння з’яўляецца гісторыя Беларусі са старажытных часоў да канца ХVIII стагоддзя. Выданне складаецца з дзвюх частак і прызначана для вывучэння прадмета як на базавым (2 гадзіны на тыдзень), так і на павышаным (4 гадзіны на тыдзень) узроўні. Дарэчы, метадычныя рэкамендацыі для вывучэння прадмета на павышаным узроўні размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале.
Дапаможнік утрымлівае чатыры асноўныя раздзелы: “Станаўленне старажытных цывілізацый. Беларусь у дадзяржаўны перыяд”, “Свет у эпоху Ранняга і Высокага сярэднявечча. Першыя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі”, “Развіццё сусветных цывілізацый у Познім сярэднявеччы. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага”, “Беларусь і цывілізацыі свету ў перыяд ранняга Новага часу”. Кожны раздзел акрэслены храналагічна.
Асаблівы акцэнт зроблены на праблемна-тэарэтычным падыходзе, што прадугледжвае не механічнае паўтарэнне матэрыялу, а менавіта абагульненне і сістэматызацыю раней вывучанага, разгляд праблемных пытанняў, выяўленне адметнасцей, заканамернасцей і тэндэнцый гістарычнага працэсу на беларускіх землях у кантэксце сусветнай гісторыі. Задача настаўніка — максімальна наблізіць вучняў да разумення гістарычных прычынна-выніковых сувязей, навучыць тлумачыць іх. Для таго каб рэалізаваць названы падыход, у дапаможніку створаны эфектыўны метадычны апарат, што дазваляе ўводзіць метадалагічныя веды і вучыць старшакласнікаў як інтэрпрэтаваць гістарычныя падзеі, так і адрозніваць факты ад інтэрпрэтацыі, меркаванняў і ацэначных меркаванняў.
— Пры стварэнні вучэбнага дапаможніка для нас было важна, каб ён быў напісаны на даступнай, зразумелай для навучэнцаў мове, не супярэчыў лінейцы школьных падручнікаў для 5—9 класаў, а даваў цэльнае бачанне на новым узроўні гістарычнага шляху нашага народа і тых працэсаў, якія адбываліся ў свеце. Аўтары зыходзілі з думкі, што школьны падручнік не месца для навуковай дыскусіі, для рэалізацыі пэўных уласных навуковых ідэй і тэорый. Гэта тое, што павінна ў гістарычнай навуцы ўстаяцца. Таму імкнуліся даваць хрэстаматыйна вывераныя погляды, факты, пацверджаныя навуковымі даследаваннямі. Акрамя таго, зараз на першы план выходзіць уменне мысліць, аналізаваць, знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі. Мы імкнуліся падводзіць дзяцей да думкі ацэначнага характару і паказваць, чаму адбылася тая ці іншая падзея, якія мела наступствы, як была звязана з нашай краінай, — заўважае Аляксандр Генадзьевіч.
Разам з першаснымі курс прадугледжвае выкарыстанне другасных крыніц гістарычнай інфармацыі, у прыватнасці фрагментаў работ вучоных па розных праблемных пытаннях гістарычнай навукі. Акрамя таго, у адукацыйным працэсе прапануецца актыўна задзейнічаць міжпрадметныя сувязі, выкарыстоўваць заданні на тлумачэнне сувязі гісторыі з сучаснасцю: без гэтага нельга сфарміраваць функцыянальную адукаванасць школьнікаў.
— Сённяшняя моладзь сацыяльна актыўная, ініцыятыўная, але яна іншая. У маладых людзей іншае ўспрыманне інфармацыі, яны часам акцэнтуюць увагу зусім на іншых рэчах. Мы вельмі хацелі іх зацікавіць прадметам. Спадзяюся, нам удалося гэта зрабіць. Важна, каб навучэнцы разумелі, што мы маем дастойную краіну з багатай гісторыяй, якая заслугоўвае ўвагі і павагі. А калі мы самі паважаем нашу гісторыю — паважаюць нас. Школьны падручнік — гэта адна з цаглінак, якая нацэлена менавіта на гэта, — адзначае А.Каханоўскі.
У складзе аўтарскага калектыву дапаможніка для 10 класа “Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі” — гісторыкі-навукоўцы А.Каханоўскі, У.Кошалеў, С.Цемушаў, С.Ходзін, В.Белазаровіч, С.Чарапко, Я.Рыер, М.Мацюшэўская, настаўнікі-практыкі І.Бернат, Д.Субоціна, Т.Сурконт.
Вучэбны дапаможнік прайшоў апрабацыю ў 14 школах краіны. Падчас яе ішло актыўнае абмеркаванне матэрыялу, была наладжана зваротная сувязь як ад настаўнікаў, якія праводзілі ўрокі па новым дапаможніку, так і ад навучэнцаў. Акрамя таго, ва ўсіх рэгіёнах краіны прайшлі дыялогавыя пляцоўкі. У выніку былі ўлічаны заўвагі і прапановы, унесены карэкціроўкі і распрацаваны адпаведныя метадычныя рэкамендацыі па выкладанні гэтага прадмета. Зараз апрабацыю праходзіць вучэбны дапаможнік для 11 класа.
Абудзіць цікавасць да прадмета
Пра асаблівасці метадычнага апарату вучэбнага дапаможніка расказвае адзін з яго аўтараў — настаўніца гісторыі і грамадазнаўства кваліфікацыйнай катэгорыі“настаўнікметадыст” гімназіі № 36 Мінска Ірына Бернат:
— Што прынцыпова новага прапаноўваецца ў метадычным плане ў дапаможніку? Па-першае, тэзісны план кожнага параграфа выносіцца на палі кнігі. Тэзісы дапамогуць навучэнцам разабрацца ў ключавых ідэях тэксту, аблегчаць пошук неабходнай інфармацыі. Нам хацелася дапамагчы дзесяцікласнікам структураваць прапанаваны матэрыял. Настаўнікі, якія апрабавалі дапаможнік, адзначылі, што і педагогам, і дзецям тэзісы прыйшліся даспадобы. Калі старшакласнік прачытаў параграф, то па тэзісным плане матэрыял лёгка ўзнавіць. Прычым на ўроку педагог можа выкарыстоўваць розныя прыёмы работы з тэзісным планам.
Па-другое, ключавыя ідэі кожнага параграфа сфармуляваны ў высновах да яго. Для замацавання засвоеных ведаў і ўменняў мы рэкамендуем канкрэтызаваць гэтыя ідэі вывучанымі гістарычнымі фактамі. Сінхранізаваць падзеі сусветнай і айчыннай гісторыі дапаможа табліца “Калі ў свеце… На тэрыторыі Беларусі…”. На яе аснове можна рабіць высновы пра асаблівасці развіцця беларускіх зямель.
Па-трэцяе, замест прывычнага для настаўнікаў праблемнага пытання альбо задання на пачатку параграфа мы прапанавалі вядомы прыём “Воблака слоў” — гэта тыя паняцці, імёны гістарычных асоб, якія вывучаліся школьнікамі ў 5—9 класах і павінны стаць асновай для далейшага руху ў пазнанні гісторыі.
Акрамя таго, кожны раздзел дапаможніка пачынаецца са стужкі часу, на якой у храналагічнай паслядоўнасці адзначаны даты найважнейшых падзей з гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, пазначаны асноўныя працэсы, характэрныя для пэўнага гістарычнага перыяду.
У сваёй практыцы адштурхоўваюся ад таго, што пра любы факт, любую падзею можна сёння прачытаць, аднак, лічу, менавіта настаўнік павінен навучыць школьніка знаходзіць тую ці іншую інфармацыю, аналізаваць яе (структураваць, скампанаваць, вылучыць крытэрыі і г.д.). І калі педагог гэтага дасягае, гэта дарагога варта. На стужцы часу падзеі сінхранізаваны: зверху знаходзяцца карцінкі, карты па гісторыі Беларусі, а ўнізе — усё, што тычыцца сусветнай гісторыі. Пачынаючы альбо заканчваючы раздзел, а таксама на ўроку-практыкуме настаўнік можа звярнуцца да стужкі часу, актуалізаваць веды вучняў альбо паўтарыць матэрыял.
Кожны раздзел дапаможніка заканчваецца ўрокам-практыкумам, накіраваным на фарміраванне метадалагічных ведаў па гісторыі. Дзеці павінны разумець, што гісторыя, як і іншыя дакладныя навукі, мае свае метады даследавання. Гісторыкі маюць справу з гістарычнымі крыніцамі, у якіх адлюстраваны суб’ектыўны погляд на тую ці іншую падзею, які неабходна інтэрпрэтаваць. І здабытая з пэўнай крыніцы інфармацыя атрымлівае статус гістарычнага факта, становіцца часткай сістэмы гістарычных ведаў. Адштурхоўваючыся ад гэтага, заданні прыктыкуму падзелены на пяць груп. Мы павінны паказаць вучням, як выяўляць заканамернасць і выпадковасць, адрозніваць факт ад меркавання, займацца пошукам інфармацыі, вызначаць у ёй галоўнае і другараднае, а таксама вызначаць ролю асобы ў гісторыі для кожнага перыяду.
Заданні з рубрыкі “Абагульненне па раздзеле” дазволяць дзесяцікласнікам паўтарыць вывучаны матэрыял, абагульніць яго, сістэматызаваць, падрыхтавацца да кантролю ведаў і ўменняў па вывучанай тэме. Асобна арганізуецца работа з паняццямі, з фарміраваннем уменняў пераўтвараць розныя віды тэкстаў, работа з фактамі — іх знаходжаннем, аналізам, параўнаннем (па краінах, перыядах і інш.), сістэматызацыяй (стужка часу, табліца).
На ўроках па тэме “Наш край” навучэнцам прадастаўляецца магчымасць пашырыць і паглыбіць веды аб родным краі, зразумець, як гісторыя рэгіёна была звязана з падзеямі, з’явамі і працэсамі айчыннай і сусветнай гісторыі. Мы рэкамендуем выкарыстоўваць на гэтых уроках гісторыка-дакументальныя хронікі “Памяць”, якія выпушчаны па 118 раёнах Беларусі, матэрыялы краязнаўчых і школьных музеяў, публікацыі ў мясцовым перыядычным друку. Намі прадуманы шматлікія заданні: наведаць краязнаўчы музей і правесці работу па візуалізацыі (старажытны час), скласці спіс гістарычных крыніц (эпоха Сярэднявечча).
Мы адышлі ад слоўніка напрыканцы дапаможніка, а зрабілі ўказальнік тэрмінаў і паняццяў: называем паняцце і пазначаем старонку, дзе гэтаму паняццю даецца фармулёўка. Прапаноўваецца храналагічная табліца па гісторыі Беларусі, дзе змешчаны ключавыя даты. Таксама размешчаны памяткі па рабоце з гістарычнай інфармацыяй, якія накіраваны на адпрацоўку тых навыкаў, якія неабходны навучэнцам на трэцім этапе навучання: даць ацэнку гістарычнаму факту, устанавіць прычынна-выніковыя сувязі паміж фактамі, аргументаваць, умець праводзіць дыспуты, дыскусіі і выслухоўваць меркаванні іншых.
Звяртаючыся да калег-педагогаў, хачу адзначыць, што ідэальнага нічога няма, як не існуе і ідэальнага падручніка. Кожны настаўнік можа знайсці ў нашым дапаможніку тое, што яму падабаецца, і тое, што не падабаецца. Мы імкнуліся даць педагогу максімум заданняў, каб ён змог зрабіць выбарку для работы менавіта ў сваім класе. Нам вельмі хочацца, каб з дапамогай выдання цікавасць да прадмета ў вучняў узрасла. Няважна, якую прафесію выбера дзіця: гісторыя яго будзе суправаджаць усюды. І ведаць ключавыя моманты з гісторыі нашай краіны проста неабходна.
Марына Башніна, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 196 Мінска (прымала ўдзел у апрабацыі дапаможніка):
— Лічу, што на старшай ступені навучання правільна выбраны падыход, закладзены ў Канцэпцыі школьнай гістарычнай адукацыі і адлюстраваны ў новым дапаможніку, — пераход ад лінейнага курса да канцэнтрычнага, калі, азнаёміўшыся з матэрыялам у 5—9 класах, навучэнец зноў вяртаецца да яго ў 10—11 класах і пачынае пераасэнсоўваць (параўноўваць, крытычна ацэньваць, устанаўліваць прычынна-выніковыя сувязі). Канцэнтрычны спосаб улічвае асаблівасці школьнікаў, у якіх наступае ўзрост асэнсавання, і раскрытыя на другой ступені навучання здольнасці атрымліваюць далейшае развіццё. Сярод станоўчых момантаў — сістэматычнасць (матэрыял разглядаецца глыбей, на новым узроўні), сінхранізацыя працэсу навучання (навучэнцы бачаць у розныя перыяды гістарычнага развіцця, як беларускія землі ўпісваюцца ў гістарычны кантэкст), арыентацыя на профільнае навучанне, калі ў школьнікаў ёсць магчымасць вывучаць прадмет на павышаным узроўні і рыхтавацца загадзя да той прафесіі, якую яны выберуць.
Метадычны апарат дапаможніка максімальна набліжаны да таго, каб з ім паспяхова працавалі школьнікі і іх настаўнікі. І за гэта вялікі дзякуй аўтарам. Нагляднасць добра ўраўнаважана вербальнай інфармацыяй. Ёсць схемы, табліцы, вялікая колькасць дадатковага матэрыялу (тэксты, статыстыка, дыяграмы і інш.), над якім школьнік можа папрацаваць сам, зрабіць высновы. І тут вельмі важна сфарміраваць у вучняў уменне выбраць інфармацыю і перавесці яе ў іншы тып.
Вельмі многа зроблена для таго, каб дапаможнік быў зручны для навучэнца. Разам з рознымі пытаннямі на палях выдзелены асобна тыя словы, якія будуць ключавымі ў параграфе, яго тэзісны план. Дапаможнік таксама ўтрымлівае шмат заданняў, якія з’яўляюцца міні-даследаваннямі. Дзеці вельмі любяць такія заданні. Увогуле, выданне дае магчымасць педагогу праявіць творчасць і прымяніць на ўроках розныя метадычныя прыёмы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ