Павел ДЗЮСЕКАЎ: “Стараюся паказаць гісторыю людзям так, каб яны зразумелі, што яна ім патрэбна…”

- 15:47Культура

Ідучы на гэтым тыдні на сустрэчу да Паўла Дзюсекава (а мы папярэдне дамовіліся з ім, што я проста прыйду да яго на чарговую бясплатную пешую экскурсію, пасля якой мы і паразмаўляем), я заўважыў яго яшчэ здалёк. Было без некалькіх хвілін сем, адсюль, ад Беларускага дзяржаўнага цырка, павінен быў пачацца маршрут “Цікавосткі губернатарскага саду”, адзін з 20 распрацаваных Паўлам аўтарскіх маршрутаў, і на прыпынку “Соткі” ён чакаў людзей, для каго мусіў весці экскурсію. Людзі пачыналі паціху ўжо збірацца, а ён крыху нервова паглядаў то на гадзіннік, то на неба… Увесь гэты дзень амаль бесперапынна ў Мінску ішоў то маленькі, то моцны дождж, не выключэннем быў і той вечар, крыху пакрапвала. А сярод умоў правядзення Паўлам Дзюсекавым пешых экскурсій ёсць і такая: “Экскурсіі не адбываюцца ў дождж”. Роўна а 7-й дождж, як на тое, узмацніўся. Павел з відавочным шкадаваннем абвясціў: “Дарагія сябры, сёння экскурсіі не будзе. Вы самі бачыце, якое надвор’е. І па ўсім відаць, што дождж не скончыцца яшчэ доўга”. “А вы, — Павел звярнуўся да мяне, — хадземце са мной. Схаваемся за калонай на ганку цырка ды пагаворым…”

Мы зайшлі за калону. Я ўключыў дыктафон. Дождж, які неўзабаве ператварыўся ў сапраўдную залеву, так і не скончыўся, пакуль мы гутарылі.

— Пачалося ўсё чатыры з паловай гады назад, — згадвае Павел. — Гэта быў люты 2013 года, так званая міжсезонка, калі працы было няшмат і была магчымасць проста, у сваё задавальненне, павадзіць па горадзе сяброў, расказваючы ім розныя цікавыя гісторыі аб ім. А потым я заўважыў, што гэта цікава не толькі сябрам, але і жыхарам горада, якія выпадкова да нас далучаліся. Прычым амаль адразу ж высветлілася, што нават многія старыя людзі, якія прыходзілі на мае экскурсіі, мала ведалі пра родны горад. Ад іх нярэдка можна было пачуць: “А я ж хадзіў тут усё жыццё, але нічога і не ведаў пра гэтыя мясціны…” Карацей, я ўрэшце зразумеў, што такія экскурсіі запатрабаваны, а калі твая праца запатрабавана, то прасцей і працуецца.

— А да гэтага вы былі знаёмы з экскурсійнай справай?

— Так, у турызме я ўжо працаваў да гэтага, бэйдж экскурсавода атрымаў яшчэ ў 2012 годзе. Наогул, яшчэ падчас вучобы на гістфаку БДПУ імя Максіма Танка, ведаў, што буду не архівістам, а менавіта экскурсаводам. А бясплатныя пешыя экскурсіі проста сталі новым фарматам маёй любімай справы.

— Вы першы ў Беларусі чалавек, які стаў праводзіць бясплатныя экскурсіі па Мінску па ўзоры сацыяльнага праекта Free Walking Tours, народжанага ў свой час у Берліне?

— Пра берлінскі праект я даведаўся нашмат пазней пасля таго як гэтым пачаў займацца сам. А першы ці не? Дакладна не ведаю, але тое, што я першым пачаў гэтым займацца рэгулярна, гэта праўда.

— Бясплатнасць экскурсій — гэта прынцыповы момант?

— Так. Бо, па-першае, платных, а ад таго і нерэгулярных экскурсій ёсць шмат, а па-другое, у выпадку платных экскурсій адразу б адсеяліся такія цікаўныя, але малазабяспечаныя катэгорыі людзей, як, напрыклад, студэнты ці пенсіянеры. А я лічу, што кожны мінчанін павінен мець магчымасць наведваць экскурсіі па сваім родным горадзе. Калі ты багаты чалавек, то пакінь на чаявыя больш грошай, калі бедны — можаш 50 капеек пакінуць ці наогул нічога не пакідаць.

— І тым не менш вы зарэгістраваліся як індывідуальны прадпрымальнік…

— Мне проста так стала спакайней. Я не дармаед, я спраўна плачу падаткі. Калі да мяне з групай турыстаў падыходзіць АМАП, я паказваю ім свой бэйдж, мікрафон, і ахоўнікі правапарадку разумеюць, што я працую, а не збіраю які-небудзь пікет.

— Павел, на сённяшні дзень вамі распрацавана ажно 20 маршрутаў, якія вабяць ужо нават сваімі назвамі: “Старажытная Старажоўка”, “Асмалоўка, або Двухпавярховы Менск”, “Менскія некропалі: Кальварыя”, “Менскія некропалі: Усходнія могілкі”, “Менскія некропалі: Вайсковыя могілкі”, “Ад Францішканскай да Дамініканскай”, “Зігзагі менскай мінуўшчыны”, “Старасвецкі праменад” і інш. І ёсць сярод іх экскурсія, якая так сціпленька і проста называецца — “Праспект”. Гэта сведчанне чаго з вашага боку? Нязначнасці, невялікай каштоўнасці нашага праспекта ў сэнсе архітэктуры і іншых сэнсах? Ці, наадварот, значнасці і непаўторнасці нашага праспекта, маўляў, гэтым ёмістым словам “праспект” усё і сказана? Тым больш ужо не першы год у зацікаўленых колах нашых гісторыкаў мусіруецца думка, што калі нейкі з айчынных архітэктурных аб’ектаў і варты папоўніць Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, дык толькі наш праспект — цэласны і фактычна пазбаўлены розных умяшанняў архітэктурны ансамбль.

— Як вам сказаць… Мне шчыра адказваць?

— Безумоўна, шчыра.

— Калі шчыра, то мне шкада нашай дарэвалюцыйнай вуліцы Захар’еўскай, якую знеслі пасля вайны і якую цяпер я вымушаны паказваць турыстам толькі на фотаздымках. А праспект, які мы бачым сёння… Я гляджу на яго і міжволі згадваю менавіта тыя аб’екты, якія бачыў толькі на фота. І разумею, што ў свой час наш горад страціў больш, чым набыў. І няхай сёння многія нават міфалагізуюць наш горад і наш праспект, як той жа Артур Клінаў са сваім Горадам СОНца, асабіста мне гэта не блізка. А экскурсавод, я лічу, павінен працаваць на тых аб’ектах, якія яму блізкія, якія ён любіць, якія ён хоча абняць… Так, я напісаў сёлета экскурсію аб праспекце, пра якую вы згадалі, але… я ваджу людзей па праспекце і паказваю ім старыя фота, расказваючы пра тое, што тут было раней: “Тут быў палац Чапскага… Тут была воданапорная вежа…” і г.д.

— Адкуль вы бераце інфармацыю для сваіх экскурсій? З інтэрнэту, музеяў, бібліятэк?

— Адусюль. Інфармацыя пастаянна абнаўляецца, асвяжаецца, нешта адсейваецца, нешта пераправяраецца і не пацвярджаецца або пацвярджаецца… Нейкай адной крыніцай я ніколі не карыстаюся.

— А як наконт архіваў?

— Я ўжо казаў на пачатку гутаркі, што яшчэ ва ўніверсітэце для сябе вырашыў, што буду не архівістам, а менавіта экскурсаводам. Але ёсць, безумоўна, людзі, якія любяць сядзець у архівах, даследаваць архіўныя дакументы, і вынікамі іх даследаванняў я, безумоўна, карыстаюся, скажам так, імкнуся папулярызоўваць найноўшыя архіўныя знаходкі. Ва ўсякім разе мне здаецца, што гісторыя павінна быць запатрабавана грамадствам, а не існаваць як бы сама па сабе. Вось паглядзіце, напрыклад, нашы этнографы на працягу дзясяткаў гадоў ездзілі па ўсёй Беларусі і апісвалі народныя строі Беларусі, але нікога, акрамя вузкіх спецыялістаў, гэта, па вялікім рахунку, не цікавіла. А дастаткова было з’явіцца цудоўнаму чалавеку, які дадумаўся ляпнуць прынт вышыванкі на майку, як такія вышымайкі пачала насіць уся краіна! Вось і я стараюся паказаць гісторыю людзям так, каб яны зразумелі, што яна ім патрэбна, што сваю гісторыю трэба любіць і, калі трэба, бараніць…

— А як бараніць? Напрыклад, тую ж Асмалоўку, над якой навісла пагроза зносу…

— Проста прыводзіць туды людзей, расказваць ім пра яе. Але прыводзіць не як на барыкады з плакатамі “Рукі прэч ад Асмалоўкі!”, а як ва ўтульнае ціхае месца ў цэнтры Мінска, дзе закаханым можна вечарам прызначыць спатканне, а днём маме спакойна пагуляць са сваім дзіцяткам… І ўлады тады не змогуць не заўважыць, што людзі туды з радасцю прыходзяць, што людзям там добра, што яны проста па-чалавечы пакрыўдзяцца, калі ў іх забяруць такі цудоўны куток.

— І як пра ўсё гэта трэба расказваць? У вас асабіста ёсць нейкія куміры-ўзоры ў гэтым сэнсе? Напрыклад, Уладзімір Познер з Іванам Ургантам са сваёй “Одноэтажной Америкой” і іншымі перадачамі пра замежныя краіны, Дзмітрый Крылоў з “Непутёвыми заметками”, Джон Уорэн з праграмай “Поедем, поедим!”, наш Юры Жыгамонт з “Падарожжамі дылетанта”…

— Крылова, Уорэна, Познера з Ургантам, на жаль, не глядзеў, але, мабыць, трэба. Наконт Жыгамонта не маю нічога супраць. Узорамі ж таго, як ідэальна працуюць людзі на папулярызацыю гісторыі, для мяне з’яўляюцца Барыс Акунін (пераважна ў літаратуры) і Аляксей Півавараў з Леанідам Парфёнавым (на тэлебачанні). Апошні для мяне наогул тая высокая кропка, да якой трэба імкнуцца ў працы. Яго стыль — яркі, напорысты, дынамічны і ў той жа час лаканічны — гэта проста супер! Я наогул лічу, што ў нас не хапае свайго Акуніна і свайго Парфёнава, пры ўсёй павазе да Караткевіча, Рублеўскай, Жыгамонта і іншых нашых папулярызатараў гісторыі. Ім усім не хапае менавіта парфёнаўскай напорыстасці, якая даспадобы моладзі. Хоць камусьці Парфёнаў і не падабаецца, хоць хтосьці і кажа, што ён “гістэрыць” (вытворнае ад слоў “гісторыя” і “істэрыка” — М.Ч.), але ён не лянуецца з’ездзіць у 20 розных месцаў для таго, каб зняць пяціхвілінную серыю! Гэта крута.

— Можа быць, вы і ёсць наш “беларускі Парфёнаў”?

— Не хачу быць “беларускім Парфёнавым”, хачу застацца беларускім Дзюсекавым. Але вучыцца ў гэтых людзей імкнуся.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.