Павышаная зарплата за актыўнае выкарыстанне ІКТ

- 14:41Навука і інавацыі

У межах TIBО-2016 праходзіла навукова-практычная канферэнцыя “Smart learning — інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыі”. На канферэнцыі сабраліся прадстаўнікі як універсітэтаў, так і кампаній, якія прапаноўваюць спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне для ўстаноў адукацыі.

“Наш студэнт не прымае выкладчыка, калі той не валодае сучаснымі тэхналогіямі”

На канферэнцыю прыехаў прадстаўнік кампаніі Microsoft (Расія), які курыруе кірунак воблачных тэхналогій у адукацыі. Быў і прадстаўнік IBA IT Park. Абодва расказвалі пра магчымасці прадукцыі, якую прапаноўваюць іх кампаніі.

Аднак асноўны ўпор на канферэнцыі ўсё ж такі рабіўся на прымяненне IКТ у адукацыі нашай краіны, а таксама на магчымасцях і статусе айчыннага дыстанцыйнага навучання.

“У нашым інстытуце створана вучэбнае асяроддзе для выкладчыкаў. Так, у нас працуе вучэбна-метадычны аддзел і аддзел дыстанцыйнай адукацыі і IT-тэхналогій”, — адзначыў Аляксандр Белы, дацэнт Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.

У згаданым падраздзяленні выкладчыкі павышаюць сваю кваліфікацыю, што з’яўляецца для іх абавязковай умовай.

“Выкладчыкі павінны быць не толькі інтэлектуальна і тэхнічна падрыхтаванымі, але і мець матывацыю актыўна выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі пры навучанні”, — дадаў прадстаўнік Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ.

Так, у гэтай установе адукацыі выкладчыкам, якія актыўна выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, заработная плата разлічваецца з улікам павышаючага каэфіцыента. Атэстацыя супрацоўнікаў, якія прэтэндуюць на зарплату з павышаным каэфіцыентам, праходзіць у пачатку кожнага семестра.
“Увогуле, наш студэнт не прымае выкладчыка, калі той не валодае сучаснымі тэхналогіямі”, — рэзюмаваў Аляксандр Белы.

Трэба адзначыць, што ў Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ шырока выкарыстоўваецца сістэма вэбінараў, для правядзення якіх спецыяльна абсталявана студыя. І хоць большасць з іх праходзіць у форме лекцый, вэбінары праводзяць і самі студэнты.

Трэнажоры для рэальнага жыцця

Сваю форму выкарыстання IКТ знайшлі і ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2010 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Электронная Беларусь” тут з’явіўся вучэбны цэнтр сітуацыйнага мадэлявання.

“Калі быў здадзены гэты комплекс, узнікла неабходнасць яго напаўнення канкрэтнымі распрацоўкамі і мадэлямі, якія дазвалялі б слухачам і навучэнцам акадэміі вырашаць праблемныя сітуацыі. Стаяла задача распрацоўкі комплекснага трэнажора, комплекснай імітацыйнай мадэлі для кожнай спецыяльнасці”, — адзначыў Юрый Чарняўскі, дырэктар Цэнтра інфармацыйных тэхналогій.

Зараз у акадэміі кіравання выкарыстоўваюць чатыры ўласныя і адну французскую распрацоўку. Так, цэнтрам створаны трэнажор “Кіраванне кадравай работай арганізацыі”, трэнажор “Кіраванне прадпрыемствам на канкурэнтным рынку”, трэнажор “Палітычныя выбарчыя тэхналогіі”, калі мадэлююцца працэсы спаборніцтва перадвыбарных штабоў кандыдатаў у дэпутаты парламента. Яшчэ адна распрацоўка — “Кіраванне сацыяльна-эканамічным развіццём рэгіёна”.

Дыстанцыйныя курсы для студэнтаў дзённай формы

Нягледзячы на актыўнае выкарыстанне IКТ айчыннымі ўстановамі вышэйшай адукацыі, пытанне дыстанцыйнай формы навучання, пры якой актыўна прымяняюцца IКТ, у нашай краіне застаецца адкрытым.

“Зараз для ўніверсітэтаў свету вельмі актуальным з’яўляецца пытанне выкарыстання так званых МООС (у перакладзе з англійскай мовы — “масавыя адкрытыя анлайн-курсы”. — Заўв. аўт.)”, — расказаў Барыс Нікульшын, прарэктар БДУІР.

“Традыцыйныя ўніверсітэты ўзнялі пытанне наконт таго, што кантынгент навучэнцаў адыходзіць да правайдараў, якія прадастаўляюць дыстанцыйныя паслугі”, — дадаў прарэктар БДУІР.

Першым універсітэтам, які пачаў прапаноўваць такія курсы, стаў Стэнфардскі. У 2012 годзе ён стварыў платформу, да якой зараз падключана каля 120 лепшых універсітэтаў свету. Для яе выкладчыкі з сусветным імем распрацоўваюць курсы, якія потым выкладваюцца ў свабодны доступ. Праз год пасля запуску платформа ўжо мела 11 мільёнаў падпісчыкаў.

“Навучанне доўжыцца 10—11 тыдняў. Прычым графік жорсткі: калі два тыдні навучэнец не выходзіць на сувязь, яго адлічваюць”, — адзначыў Барыс Нікульшын.

Сертыфікацыя таксама праходзіць у рэжыме анлайн. Паказальна, што сертыфікат прызнаецца тымі 120 універсітэтамі, якія падключаны да платформы.

Падобныя працэсы ў сферы адукацыі не абмінулі і Расію, дзе васьмю вядучымі ўніверсітэтамі была створана нацыянальная платформа. Адбылося гэта ў 2015 годзе. Для стварэння анлайн-курсаў кожны з універсітэтаў уклаў каля 50 млн расійскіх рублёў. Зараз студэнты гэтых універсітэтаў маюць права бясплатна падпісвацца на гэтыя курсы. Пры іх паспяховым заканчэнні яны атрымліваюць сертыфікат, які прызнаецца ў гэтых васьмі ўніверсітэтах.

У Беларусі сітуацыя крыху іншая. Нацыянальнай платформы пакуль не існуе, аднак, напрыклад, у тым жа БДУІР з 2009 года працуе факультэт бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання, дзе адукацыю можна атрымаць па 10 спецыяльнасцях. Наогул, у нашай краіне БДУІР першым пачаў выкарыстоўваць дыстанцыйнае навучанне.

Адметна, што вучыцца дыстанцыйна могуць не толькі студэнты названага факультэта. Вывучаць выбраную дысцыпліну дыстанцыйна могуць і студэнты іншых факультэтаў. Такім жа чынам вырашаецца пытанне з акадэмічнай розніцай пры аднаўленнях і пераводах, а таксама з ліквідацыяй акадэмічнай запазычанасці. Прычым атрыманы сертыфікат прызнаецца ў любым дэканаце ўніверсітэта.

“Калі ў студэнта ёсць запазычанасць, якую ён на працягу месяца не ліквідаваў, у яго (па рашэнні дэканата) ёсць магчымасць вывучаць гэтую дысцыпліну дыстанцыйна, аднак зрабіць гэта трэба ў межах семестра”, — адзначыў Барыс Нікульшын.

На працягу трох апошніх гадоў колькасць студэнтаў на дыстанцыйнай форме навучання складае каля 600. Асабліва прыцягальнай яна з’яўляецца для асоб, якія атрымліваюць другую адукацыю. У параўнанні са студэнтамі, якія паступілі ва ўніверсітэт адразу пасля школы, яны больш матываваныя.
Нягледзячы на шырокае прымяненне дыстанцыйнага навучання ў адным з лепшых універсітэтаў краіны, дыстанцыйная форма навучання пакуль не мае самастойнага статусу. У цяперашняй рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яна з’яўляецца разнавіднасцю завочнай формы. Прапанова вылучыць дыстанцыйную форму навучання як самастойную і распрацаваць іншыя падзаконныя акты, якія адкрыюць новыя магчымасці перад гэтай формай адукацыі, была агучана на Рэспубліканскім савеце рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі яшчэ ў снежні 2015 года.

“Пакуль з дазволу міністэрства дыстанцыйна здаваць сесію могуць толькі інваліды і замежнікі”, — расказаў Барыс Нікульшын.

Трэба адзначыць, што ў БДУІР працуе цэнтр відэаканферэнцсувязі, якая дазваляе адсочваць прастору па той бок экрана, дзе знаходзіцца студэнт.

Падрыхтавала
Святлана ШЫЯН.
Фота БелТА.