Павышаць свой прафесійны статус

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Гэтымі днямі дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы правялі выязное пасяджэнне ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў па тэме арганізацыі дадатковай адукацыі дарослых. Да абмеркавання далучыліся супрацоўнікі Міністэрства адукацыі і Міністэрства фінансаў. Вёў пасяджэнне старшыня камісіі І.А.Марзалюк.

У сваім уступным слове Ігар Аляксандравіч адзначыў, што гэтая сустрэча вельмі важная і актуальная, асабліва ў свеце завяршальнай стадыі распрацоўкі праекта новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. У хуткім часе дакумент паступіць для разгляду ў ніжнюю палату парламента.

— Як вядома, у новай рэдакцыі кодэкса да асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў адукацыйнай галіне аднесена норма, згодна з якой забяспечваецца права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця ў адпаведнасці са здольнасцямі і інтарэсамі чалавека, з запатрабаваннямі заказчыкаў кадраў і ўвогуле з улікам міжнародных тэндэнцый у фарміраванні працоўных рэсурсаў, — заявіў І.А.Марзалюк. —  Гэтая норма пазіцыянуе пастаяннае развіццё і ўдасканаленне асобы на працягу ўсяго жыццёвага шляху. Гэтую задачу заклікана выконваць і сістэма дадатковай адукацыі дарослых.

Сёння сістэма дадатковай адукацыі дарослых з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, характарызуецца гнуткасцю і мабільнасцю. Яна скіравана на вырашэнне задач па забеспячэнні галін эканомікі прафесійнымі кадрамі з адпаведным узроўнем кваліфікацыі, аказвае кадравую падтрымку інавацыйных працэсаў, задавальняе інтарэсы нашых грамадзян у прафесійным удасканаленні. Знаёмства з Цэнтрам павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Міністэрства фінансаў дазволіла не толькі ацаніць вучэбна-матэрыяльную базу для навучання работнікаў фінансавай сферы, але і ў працэсе абмеркавання вызначыць асноўныя напрамкі падрыхтоўкі дарослага насельніцтва. Дырэктар цэнтра К.В.Велічковіч сканцэнтраваў сваю ўвагу на дзейнасці гэтай структуры, на зместавым напаўненні курсаў ­павышэння кваліфікацыі, а начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі Мінфіна Т.А.Астрэйка асвятліла тэму дадатковай адукацыі дарослых у цэлым па краіне. Таццяна Анатоль­еўна адзначыла, што дадатковая адукацыя дарослых — гэта той механізм, які пастаянна павінен рухацца, развівацца ў дынаміцы. Калі яго спыніць, то спыніцца падрыхтоўка тых кадраў, якія павінны адпавядаць па­трабаванням сённяшняй імклівай эканомікі. Кадры, якія пастаянна ўдасканальваюць свой прафесійны ўзровень, павінны стаць рухаючай сілай у развіцці сацыяльна-эканамічнага комплексу.

— Каб быць запатрабаванымі на рынку працы, нашы грамадзяне павінны імкнуцца да самарэалізацыі, пастаянна абнаўляць свае веды і ўменні, прафесійна ўдасканальвацца праз усё жыццё, — адзначыла Т.А.Астрэйка. — Працоўныя рэсурсы павінны развівацца ва ўнісон з патрэбамі эканомікі, толькі так мы дасягнём станоўчага выніку ў развіцці нашай краіны. Павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, а таксама рабочых і служачых ажыццяўляюць амаль 400 устаноў адукацыі. Гэтыя ўстановы розныя па статусе, ведамаснай прыналежнасці, формах уласнасці. Штогод навучаннем ахоплена 400 тысяч чалавек. Павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў арганізавана па ўсіх 15 профілях адукацыі, перападрыхтоўка вядзецца больш як па 385 спецыяльнасцях, прафесійнае навучанне — па 4,5 ты­сячы прафесій. Фінансавае забеспячэнне дадатковай адукацыі ажыццяўляецца за кошт рэспубліканскага, мясцовых бюджэтаў, сродкаў наймальнікаў, саміх грамадзян, якія імкнуцца павы­шаць свой прафесійны статус, а таксама міжнародных арганізацый.

У цэлым на адукацыю накіроўваецца больш за 5% валавога ўнутранага прадукту, што адпавядае сусветным крытэрыям. Але ж аб’ёмы фінансавання не заўсёды ўплываюць на якасць навучання. Таму трэба імкнуцца да ўкаранення новых форм і метадаў навучання, забяспечваць гэты адукацыйны ўзровень новай камп’ютарнай тэхнікай, ІТ-тэхналогіямі, распрацоўваць сучасныя праграмы навучання.

А.А.Машарскі, начальнік аддзела дадатковай адукацыі дарослых галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі, паведаміў, што павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка педагагічных кадраў вядзецца ў дзённай, вячэрняй і завочнай (дыстанцыйнай) формах навучання і ў асноўным за кошт бюджэтных сродкаў. Штогадовая колькасць слухачоў — каля 50 тысяч, у тым ліку ў абласных інстытутах развіцця адукацыі — звыш 35 тысяч. Гэта самы высокі колькасны паказчык сярод галіновых сістэм павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па краіне, у тым ліку і па перыядычнасці праходжання навучання кожным педагагічным работнікам.

  Згодна з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, у сістэму дадатковай адукацыі ўключаны арганізацыі, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі адукацыйных праграм за кошт сеткавай формы ўзаемадзеяння. Пашыраюцца праграмы дадатковай адукацыі, частка якіх будзе рэалізоўвацца праз дыстанцыйную форму навучання. Калі раней пад дадатковай адукацыяй дарослых мелася на ўвазе толькі павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўка і стажыроўка, то цяпер яна ўключае рэалізацыю 12 адукацыйных праграм. Адукацыйныя праграмы дадатковай адукацыі дарослых ­могуць рэалізоўваць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку не толькі ўстановы дадатковай адукацыі дарослых, але і іншыя ўстановы адукацыі і арганізацыі, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. Сёння сістэма дадатковай адукацыі знаходзіцца ў працэсе аптымізацыі, яна дапоўнена новымі відамі ўстаноў.

У развіцці сістэмы дадатковай адукацыі значная роля адведзена вядучым установам вышэйшай адукацыі. Цяпер у кожнай УВА створаны інстытуты і факультэты павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў па тым жа профілі, па якім функцыянуе навучальная ўстанова.

У час правядзення пасяджэння дэпутаты актыўна абмяркоўвалі тэму дадатковай адукацыі дарослага насельніцтва, цікавіліся перспектывамі яе развіцця, каб у далейшым выкарыстаць атрыманую інфармацыю ў заканатворчасці.

Ала КЛЮЙКО.