Вярнуць кнігі і чытанне ў моду Юліі Савановіч дапамагае тэатралізацыя ўрокаў

- 12:00Учитель года

Чатыры гады назад настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юлія Савановіч упершыню ператварыла ўрок у тэатр. Вопыт аказаўся ўдалым і паказаў, што цікавасць да літаратуры ў дзяцей узрастае, калі яны самі становяцца аўтарамі і галоўнымі героямі твораў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Настаўніца не раз заўважала, што вучняў, якія любяць чытаць мастацкую літаратуру, з кожным годам становіцца ўсё менш. Каб вярнуць кнігі ў моду і навучыць дзяцей не толькі чытаць, але і атрымліваць новыя веды, Юлія Савановіч пачала эксперыментаваць і знайшла свой дзейсны спосаб.

“Кнігі заўсёды былі маёй асобнай любоўю і галоўным захапленнем, — расказ­вае пра сябе Юлія Савановіч. — Дзякуючы сваім педагогам, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяне Уладзіміраўне Казак і класнаму кіраўніку настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Алене Мікалаеўне Прайко, я і дня не праводзіла без чытання. Таму яшчэ ў 5 класе вырашыла: калі вырасту, стану настаўніцай і таксама буду вучыць дзяцей любові да кніг”.

Мара здзейснілася, і пасля заканчэння БДПУ маладая настаўніца рускай і французскай моў прыйшла ў школу на свой першы ўрок.

“Колькі б настаўнік ні працаваў у школе, першыя ўрокі, у тым ліку пасля доўгіх канікул, заўсёды хвалюючыя, — прызнаецца Юлія Савановіч. — З узростам хваляванне падчас заняткаў становіцца больш усвядомленым, бо я разумею, чаму павінна навучыць дзяцей. За час работы ў гімназіі стала да сябе больш патрабавальнай, і ўзровень крытычнасці толькі расце”.

Яшчэ з тых часоў, калі сама была вучаніцай, Юлія Савановіч успрымае літаратуру як адпачынак, але не ў тым сэнсе, што на занятках нічога не трэба рабіць. Наадварот, гэта свабодная камунікацыя, разважанне, абмеркаванне прачытанага. Сёння ўрокі настаўніцы праходзяць менавіта так, з гарачымі дэбатамі і развагамі, прывядзеннем фактаў і доказаў.

“Руская мова — гэта навука, якую трэба спасцігаць, абапіраючыся на правілы і нормы, — звяртае ўвагу педагог. — А літаратура — гэта творчасць. Яна дае свабоду, дазваляе прымяняць розныя формы работы для правядзення ўрока і дапамагае вучням самавыяўляцца. На ўроку ў 10 класе, калі праходзілі “Вайну і мір”, разгарэлася дыскусія наконт таго, чаму ўсім дзяўчынкам падабаецца Андрэй Балконскі. А адзін з навучэнцаў пачаў апеляваць фактамі, чаму варта звяр­нуць увагу на П’ера Бязухава. Дзеці спрачаліся, прыводзілі доказы. Мне падабаецца, што ўрокі літаратуры такія жывыя. Руская ж мова патрабуе сістэмнасці”.

А развіццё чытацкіх уменняў патрабуе стварэння пэўнай вучэбнай сітуацыі. Таму на ўроках рускай літаратуры Юлія Савановіч пачала візуалізаваць вучэбную інфармацыю, што даз­валяе навучэнцам быць больш актыўнымі.

На сцэне — драма

Адным са спосабаў, які дапамагае настаўніцы павы­шаць цікавасць вучняў да вывучаемага матэрыялу, з’яўляецца ін­сцэніраванне мастацкага твора. Яно сумяшчае ў сабе розныя віды мастацтва, развівае акцёрскія здольнасці, дае магчымасць глыбока пранікнуцца зместам твора, прааналіза­ваць яго.

“Інсцэніраванне падразумявае ўвасабленне тэксту мастацкага твора ў дзеянні, — тлумачыць Юлія Савановіч. — Я заўважыла, што актывізаваць успрыманне матэрыялу, а значыць, даць дзецям магчымасць атры­маць інфармацыю і эмацыянальны зарад самым зручным для іх спосабам дапамагае менавіта інсцэніраванне. Яно падахвочвае вучняў да творчага ўвасаблення літаратурных вобразаў, абуджае ўяўленне і суперажыванне. Да таго ж інсцэніраванне дазваляе ўзмацніць дынамізм канфліктаў твора, выразней прачар­ціць сюжэтныя лініі ў свядомасці вучняў. І апошняе: інсцэніраванне абвастрае ўвагу да мастацкага тэксту”.

Для таго каб прымяненне інсцэніравання на ўроку рускай літаратуры было паспяховым, трэба абавязкова ўлічыць некаторыя моманты.

“Калі задумваю інсцэніроўку, звяртаю ўвагу, да якога роду літаратуры адносіцца мастацкі твор (эпасу, лірыкі, драмы), — прыводзіць алгарытм настаўніца. — Таксама разліч­ваю час, неабходны для падрыхтоўкі інсцэніравання: ён залежыць ад памеру і складанасці твора. Далей гляджу, што будзем інсцэніраваць — эпізод або цэлы твор (у залежнасці ад памеру мастацкага твора). Не менш важным з’яўляецца колькасць задзейнічаных акцёраў (гэта звязана з родам літаратуры)”.

Інсцэніраванне вялікага эпічнага твора ў школе немагчыма, таму Юлія Савановіч прапаноўвае навучэнцам узяць пэўны эпізод. Казка “Царэўна-жаба”, “Снежная каралева” Г.К.Андэрсена, “Дзеці падзямелля” У.Караленкі, “Урокі французскай” В.Распуціна, “Дуброўскі” А.Пушкіна ідэальна падыходзяць для ўвасаблення на сцэне.

“Драматычны твор таксама можна інсцэніраваць, — зазначае педагог. — У ім сам аўтар з’яўляецца рэжысёрам. У 5 класе вывучаецца п’еса-казка С.Маршака “Дванаццаць месяцаў”, эпізоды якой таксама ставім з навучэнцамі. Што тычыцца лірычных твораў, то падчас драматызацыі сюжэтных вершаў нельга мяняць тэкст, пакідаючы толькі рэплікі персанажаў”.

Тэатралізацыя літаратурных твораў закранае розныя мастацкія аспекты: выбар рэпертуару, сцэнічнае маўленне, сцэнічны рух, стварэнне сцэнарыя, выраб касцюмаў, дэкарацый і рэквізіту, малюнак, жывапіс. Усё гэта дапамагае ствараць умовы, неабходныя для  фарміравання эстэтычных каштоўнасцей, пачуцця прыгожага ў навучэнцаў. У ролі герояў твора дзеці раскрываюць не толькі яго асаблівасці, але і свае індывідуальныя здольнасці, вучацца эксперыментаваць, дэманстраваць розныя ўменні.

“Пры падрыхтоўцы да інсцэніроўкі важна знайсці падыходзячы матэрыял, таму да выбару твора неабходна ставіцца сур’ёзна, — працягвае Юлія Савановіч. — Можна даверыць выбар матэрыялу навучэнцам. Гэта, дарэчы, эфектыўны спосаб выхаваць у іх дасведчанага і ўважлівага чытача. Прынцыпова важна, каб школьнік, які працуе над інсцэніроўкай эпічнага твора або яго эпізоду, умеў вылучыць асноўную сюжэтную лінію, вызначыць завязку, кульмінацыю, развязку і інш.”.

Настаўнік без ролі

На ўроку-інсцэніроўцы настаўнік пазбаўляецца сваёй галоўнай ролі, бо выконвае функцыі арганізатара і гледача. Але тое, як дзеці будуць ацэньвацца, яны павінны ведаць загадзя, каб пасля не ўзнікала пытанняў і спрэчак.

Вопыт работы даказвае станоўчы ўплыў прымянення інсцэніравання на развіццё інтэлекту, чытацкіх прыхільнасцей дзяцей, на сферу пачуццяў, уменне свабодна трымацца на сцэне, — пералічвае перавагі педагог. — Такі падыход на ўроку ў тым ліку ўплывае на выпрацоўку правільнага, выразнага і багата інтанаванага маўлення, на фарміраванне пачуцця адказнасці”.

Менавіта ў тэатралізацыі магчыма апрабацыя школьнікамі назапашаных літаратуразнаўчых ведаў, а таксама іх эмацыянальнае ўспрыманне. Калі твор быў прайграны, то ён застанецца ў памяці як творчасць, як каштоўнасць. Юлія Савановіч расказала, што часта заўважае, як навучэнцы 5-х і 6-х класаў пасля ўрокаў-інсцэніровак пераймаюць рысы любімых герояў, суправаджаюць маўленне адпаведнымі жэс­тамі, мімікай, характэрнымі рухамі. Гэта заканамерна: такая форма вучэбнага працэсу дапамагае надоўга захаваць у памяці яркія ўражанні ад вывучанага твора, бо адбываецца зварот не толькі да розуму вучня, але і да яго пачуццяў.

 Выкарыстанне інсцэніравання на ўроках рускай літаратуры развівае ў навучэнцаў аналітычныя здольнасці, маштабуе мысленне і дае магчымасці для пераўвасаблення.

“Тэатралізаваная работа над творам развівае экспрэсіўныя і творчыя здольнасці, інтэлектуальную актыўнасць, уменне імправізаваць, аналізаваць учынкі герояў, даваць ім ацэнку”, — дадае Ю.Савановіч.

Візуалізаваць вучэбную інфармацыю Юлія Савановіч пачынае з 5 класа. З паступовым павелічэннем аб’ёму інфармацыі ўскладняюцца і формы работы з прыёмамі візуалізацыі: навучэнцы ўжо валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі, умеюць знаходзіць інфармацыю ў інтэрнэце, а ў працэсе навучання выкарыс­тоўваюць анлайн-платформы. Аналізуючы вопыт работы, настаўніца адзначае, што візуалізацыя вучэбнай інфармацыі дазваляе змяніць характар навучання: паскорыць успрыманне, асэнсаванне і абагульненне. Разам з тым візуалізацыя вучыць аналізаваць паняцці, згортваць, структура­ваць і разгортваць інфармацыю. Але самае галоўнае тое, што яна дазваляе стварыць для навучэнцаў такія ўмовы, у якіх яны прымаюць удзел у дзейнасці, якая з’яўляецца значнай для іх.

 “Пры выкарыстанні прыёмаў візуалізацыі інфармацыі адбываецца своеасаблівая трансфармацыя тэксту ў карцінку і назад, гэта своеасаблівы калейдаскоп, — падкрэслівае настаўніца. — Кожны этап трансфармацыі адпавядае чытацкім уменням. Калі дзеці працуюць над візуалізацыяй, яны становяцца аўтарамі, суб’ектамі ўрока. Візуалізацыя інфармацыі — гэта не проста ілюстрацыя да таго матэрыялу, які вывучаецца, гэта крыніца інфармацыі, якую неабходна асэнсаваць і прайграць”.

 Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА