Павысіць самаацэнку

- 11:25Актуально, На парадку дня

Маладыя педагогі Брэста з аптымізмам глядзяць у прафесійную будучыню. 

У горадзе над Бугам прайшоў VІІ адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці”, арганізаваны Брэсцкім гаркамам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, гарадскім аддзелам і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі. У мерапрыемстве, якое сабрала каля 200 маладых спецыя­лістаў, удзельнічалі прадстаўнікі абласной і гарадской арганізацый галіновага прафсаюза, кіраўнікі ўстаноў адукацыі і ветэраны педагагічнай працы.

— Сёння ў Брэсце працуюць 127 устаноў адукацыі, якія наведваюць каля 44,5 тысячы вучняў і каля 16,7 тысячы дашкольнікаў, — расказаў начальнік гарадскога аддзела па адукацыі Анатоль Наскоў. — У адукацыйным працэсе задзейнічаны каля 5,3 тысячы педагогаў. У апошнія 3 гады ў школы і дзіцячыя сады горада прыйшлі каля 200 маладых спецыялістаў, пераважна выпускнікоў універсітэтаў і каледжаў Брэстчыны. Органы кіравання адукацыяй з дапамогай праф­саюзнай арганізацыі і пры сур’ёзнай падтрымцы гар­выканкама ствараюць неабходныя ўмовы для паспяховай адаптацыі, прафесійнага росту і замацавання маладых кадраў. На сістэму адукацыі Брэста расходуецца каля 40% гарадскога бюджэту. 

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 22 Алена Шэўчык расказала пра сістэму метадычнага суправаджэння маладых спецыялістаў. Па словах Алены Яўгенаўны, адміністрацыя ўстановы імкнецца зрабіць усё магчымае, каб маладыя спецыялісты як мага хутчэй адаптаваліся да работы і дасягнулі прафесійнага майстэрства, бо ад гэтага залежыць імідж усяго педкалектыву. Практыка паказвае, што ў пачатку працоўнай дзейнасці моладзь сутыкаецца з цяжкасцямі, звязанымі з нізкай прафесійнай самаацэнкай, якая не дазваляе аператыўна прымаць правільныя рашэнні, з няўменнем разлічваць час на занятках, недастатковымі навыкамі пры тлумачэнні новага матэрыялу і планаванні этапаў урока. Акрамя таго, неабходна асвоіцца ў новым калектыве, азнаёміцца з традыцыямі і дасягненнямі школы, яе матэрыяльна-тэхнічнай базай. 

За 7 гадоў свайго існавання ­Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” стаў сапраўдным брэндам для маладых настаўнікаў горада. 

А.Я.Шэўчык лічыць, што побач з маладым спецыялістам заўсёды павінен быць вопытны педагог. Менавіта ад маральнай і метадычнай падтрымкі калег залежыць паспяховае станаўленне маладых настаўнікаў. Адміністрацыя школы вылучае ў якасці прыярытэтных асобасных і прафесійных якасцей педагога любоў да дзяцей і выбранай справы, добрасумленнасць, працавітасць, эрудыцыю, камунікабельнасць, валоданне методыкай выкладання, патрабавальнасць, артыстычнасць, стрэсаўстойлі­васць, мэтанакірава­насць, веданне ўзроставай псіхалогіі. Для выпрацоўкі гэтых якасцей неабходна матывацыя: патрэба ў поспеху, адчуванне
прэстыжу прафесіі, імкненне да лідарства, заахвочванне.  

Ва ўстанове дзейнічае эфектыўная сістэма матывацыі маладых спецыялістаў, якая забяспеч­вае маральнае стымуляванне і станоўча ўплывае на творчую ініцыятыву і сацыяльную актыў­насць. Стымуляванне можа быць матэрыяльным і нематэрыяльным. Што тычыцца апошняга, то гэта магчымасць працаваць у кабінетах, аснашчаных сучасным абсталяваннем (інтэрактыўнай дошкай, мультымедыйным праектарам), метадычная дапамога вопытных калег, наведванне іх урокаў, удзел у фестывалях, конкурсах і спаборніцтвах рознага ўзроўню, рэгуляванне рабочага і вольнага часу (гібкі графік, мінімум “фортак”, адэкватная вучэбная нагрузка), павышэнне кваліфікацыйнай катэгорыі праз атэстацыю, публічнае заахвочванне і вылучэнне на больш высокую пасаду, накіраванне на стажыроўку ці курсы павышэння кваліфікацыі, дапамога ў абагульненні вопыту, падрыхтоўцы пуб­лікацый да друку і інш.

Пра эфектыўнасць гэтай мадэлі работы сведчыць тое, што многія маладыя спецыялісты застаюцца ў калектыве пасля абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні. 

“Педагагічны фэст”

Вядучы спецыяліст гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Вікторыя Галоўчык засяродзіла ўвагу на дзейнасці маладзёжнага савета, створанага ў 2015 годзе з мэтай грамадскай, творчай і прафесійнай самарэалізацыі маладых педагогаў, вырашэння іх прафесійных і сацыяльных праблем, паспяховай адаптацыі ў калектывах і замацавання на працоўных месцах, далучэння да прафсаюзнай работы, падтрымкі маладзёжных ініцыятыў і павышэння прэстыжу настаўніцкай прафесіі. 

На рахунку членаў савета, у які ўваходзяць 20 педагогаў, шмат цікавых і карысных спраў, праектаў і мерапрыемстваў. Сярод іх — адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” і педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” для маладых спецыялістаў першага і другога года работы. Дзякуючы гэтым мерапрыемствам яны даведваюцца, якім чынам забяспечваюцца іх працоўныя правы і прафесійныя інтарэсы, хто і як можа дапамагчы ў вырашэнні пытанняў, звязаных з імі. 

За 7 гадоў свайго існавання ­Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” стаў сапраўдным брэндам для маладых настаўнікаў горада. Мерапрыемства пабудавана ў фармаце актыўных зносін удзельнікаў. Гэта выдатная пляцоўка для абмену вопытам падчас майстар-класаў, трэнінгаў і квестаў з калегамі.

Гаркам галіновага прафсаюза ўважліва сочыць за лёсамі “фэстаўцаў”. Так, сённяшні старшыня маладзёжнага савета Вольга Іванова, пераможца ІІ форуму і абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны — 2019”, за невялікі час дарасла да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована. Менавіта на “Педагагічным фэсце” заўважылі і Вольгу Пашковіч, пераможцу І форуму, якая з’яўляецца намеснікам старшыні маладзёжнага савета і працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11. Форум стаў паспяховай стартавай пляцоўкай і для Вікторыі Галоўчык, пераможцы ІІІ форуму.

Дружная каманда маладзёжнага савета актыўна ўдзельнічае ў трэнінгах асобаснага росту, віктарынах, квестах і спартыўных мерапрыемствах, цесна супрацоўнічае з саветам ветэранаў працы ўстаноў адукацыі Брэста. Разам з імі рэалізаваны праекты “Ганарымся гісторыяй, шануем повязь пакаленняў” і “Педагагічныя дынастыі Брэста”. Штогод ладзяцца дыялогі пакаленняў па розных актуальных тэмах. Маладзёжны савет падтрымлівае зносіны з калегамі з іншых гарадоў і шмат увагі ўдзяляе самаадукацыі: праводзіцца навучанне па праграме курсаў маладзёжнага прафсаюзнага актыву “Роля моладзі ў фарміраванні карпаратыўнага асяроддзя”, арганізоўваюцца майстар-класы па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.   

Сярод іншых цікавых ініцыятыў маладзёжнага савета — інтэрнэт-конкурсы “Праф.кам” і “Ганаруся быць педагогам”, гарадскі праект “Маладзёжная АРТ-прастора”, фотаконкурс “Адпачынак з карысцю”, а таксама конкурс “Памятаем мінулае, будуем будучыню”, прысвечаны Году гістарычнай памяці.

Натхненне ў вучнях

Настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 26 пераможца VІІ Брэсцкага маладзёжнага форуму педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст” Дар’я Радзіна прызналася, што летась ажыццявілася яе дзіцячая мара — яна стала педагогам, як і яе мама, прычым у роднай школе. Што­дзень малады спецыяліст бачыць цікаўныя вочы чамучак, якіх вельмі любіць. Яны — яе натхненне. Педагог і дзеці разам растуць і вучацца. 

Свае ўрокі Дар’я Аляксандраўна імкнецца зрабіць цікавымі і разнастайнымі. Для гэтага звяртаецца да розных тэхналогій: гульнявых, здароўезберагальных, інфармацыйна-камунікацыйных, рознаўзроўневага і праблемнага навучання. Так, на ўроках пісьма настаўніца паспяхова выкарыстоўвае дыдактычныя гульні “Літарнае лато”, “Злаві гук”, “Знайдзі пару”, “Дзелім на склады” і інш. Дзякуючы гульнявым прыёмам дзеці лягчэй засвойваюць вучэбны матэрыял. А пераадолець цяжкасці пры вывучэнні матэматыкі дапамагаюць казачныя героі з лялечнага тэатра, разам з якімі пачаткоўцы рашаюць прыклады, няроўнасці і задачы.

Прафсаюз дазваляе мола­дзі адчуць сябе абароненай, пашырыць гарызонты магчымасцей, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, рэалізаваць сябе ў любімай справе, раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял, павысіць сацыяльную актыўнасць, развіць лідарскія і многія іншыя важныя якасці.

Вялікую ўвагу Д.А.Радзіна ўдзя­ляе дыферэнцыраваным заданням, якія дазваляюць школьнікам паверыць ва ўласныя сілы, а педагогу — убачыць індывідуальнасць кожнага вучня. Разам з дзецьмі настаўніца рашае ланцужкі прыкладаў, разгадвае крыжаванкі, рэбусы і філворды, складвае матэматычныя пазлы і інш. Ярка і цікава праходзяць выхаваўчыя мерапрыемствы: гульні, віктарыны, конкурсы, прагулкі, экскурсіі, падчас якіх пачаткоўцы вучацца быць добрымі, шчырымі, цікаўнымі…

Дар’я Радзіна ўдасканальвае наяўныя і набывае новыя прафесійныя ўменні і навыкі, паколькі выдатна разумее, што без пастаяннай самаадукацыі нельга рухацца наперад. У вольны час малады педагог займаецца алмазнай графікай, модульным арыгамі і стральбой, наведвае футбольныя матчы, катаецца на катамаране і веласіпедзе. Усё гэта зара­джае энергіяй для работы з дзецьмі. Дар’я Аляксандраўна працуе ў школе ўсяго другі год, але вельмі ўдзячна сваім выхаванцам за тое, што яны навучылі яе пры­маць іх такімі, якія яны ёсць, і бясконца любіць, бо “дзеці, якіх любяць, становяцца дарослымі, якія ўме­юць любіць”.

Абарона і пашырэнне магчымасцей

Начальнік планава-экана­мічнага аддзела цэнтра па забес­пя­чэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Маскоўскага раёна Брэста Кацярына Ляшкевіч падрабязна расказала маладым спецыялістам, якім чынам фарміруюцца іх заробкі. Сакрэтамі прафесійнага майстэрства падзяліліся з мола­ддзю ветэраны адукацыйнай галіны, прычым нават з песнямі. Ветэраны параілі не баяцца цяжкасцей і ўпэўнена глядзець у будучыню. А дапаможа ў гэтым бязмежная любоў да дзяцей і прафесіі. 

— Прафсаюз дазваляе мола­дзі адчуць сябе абароненай, пашырыць гарызонты магчымасцей, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, рэалізаваць сябе ў любімай справе, раскрыць творчы і спартыўны патэнцыял, павысіць сацыяльную актыўнасць, развіць лідарскія і многія іншыя важныя якасці, — адзначыла старшыня гарадской арганізацыі галіновага прафсаюза Іна Жак. — Штогод ва ўстановы адукацыі Брэста прыходзіць шмат маладых спецыялістаў. Так, летась іх было 197, а сёлета 220. Задача прафсаюза — дапамагчы маладым педагогам у прафесійным станаўленні і развіцці, абараніць іх прафесійныя і сацыяльныя інтарэсы. З гэтай мэтай ва ўстановах адукацыі развіваецца інстытут куратарства. Не застаюцца ў баку ад работы з моладдзю і пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі. Разам з гарадскім аддзелам па адукацыі і раённымі ўпраўленнямі па адукацыі праводзіцца шмат цікавых мерапрыемстваў. Наладжана канструктыўнае супрацоўніцтва з сацыяльнымі партнёрамі ў галіне развіцця і ўдасканалення калектыўна-дагаворных адносін, у тым ліку ў інтарэсах маладых спецыя­лістаў. 

Моладзь ахвотна дзялілася ўражаннямі ад работы, прафесійнымі цяжкасцямі і планамі. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі далі шэраг карысных парад: займацца самаадукацыяй, верыць ва ўласныя сілы, прызнаваць памылкі (у тым ліку перад дзецьмі), любіць вучняў, быць адказнымі, эрудзіраванымі, цярплівымі, ініцыятыўнымі, справядлівымі, творчымі і патрабавальнымі да сябе. Хочацца спа­дзявацца, што моладзь не толькі прыслухаецца да гэтых парад, а галоўнае — застанецца ў прафесіі, як зрабілі калісьці сённяшнія ветэраны педагагічнай працы, якія з вялікай надзеяй глядзяць на сваіх пераемнікаў. 

— Я вельмі люблю сваю работу і зусім не шкадую, што прысвяціў ёй 32 гады жыцця, — прызнаўся начальнік гарадскога аддзела па адукацыі Анатоль Наскоў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.