Павысіць у вучняў цікавасць да даследчай работы Святлане Федарака дапамагае геаграфія

- 10:10Главная, Образование

Калі стварала тапанімічны атлас, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Валожына Святлана Федарака хацела далучыць вучняў да даследчай работы. І ў яе гэта атрымалася. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праз некаторы час педагог разам с навучэнцамі склала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Даследчай работай настаўніца геаграфіі настаўнік-метадыст Святлана Федарака захапілася пасля таго, як пачала ўкараняць у навучанне геаінфармацыйныя тэхналогіі. Дзякуючы ім, педагог разам з гімназістамі стала аўтарам многіх цікавых і значных не толькі для Валожынскага раёна, але і для ўсёй краіны праектаў.

Святлана Федарака прызналася, што з мноства настаўніцкіх абавязкаў і кірункаў работы ёй больш за ўсё падабаецца даследчая работа. У настаўніцы ўжо даўно распрацавана ўласная сістэма пошуку і падрыхтоўкі навучэнцаў, якія зацікаўлены адпаведнай дзейнасцю. 

Разам з даследчай работай настаўніцу заўсёды цікавіла края­знаўства. Яна аўтар ву­чэбна-метадычнага комплексу “Валожыназнаўства”, які ўключае ў сябе праграму факультатыўнага курса, метадычныя матэрыялы, рабочы сшытак, а таксама дыск з картамі і матэрыяламі.

“Менавіта з майго захаплення даследаваннямі пачалася работа, да якой стала прыцягваць дзяцей, — расказвае педагог. — Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца гэтым. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць”.

Святлана Вітольдаўна кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў геаграфіі Валожынскага раёна, член савета клуба “Флагман”, удзельнік клуба “Крыштальны журавель”.

Першая работа даследчага кірунку была прысвечана тапаніміцы — вывучэнню пахо­джання геаграфічных назваў і аб’ектаў Валожынскага раёна. Тады Святлана Федарака з вучнямі стварыла лічбавы атлас тапонімаў і распрацавала “Тапанімічны слоўнік Валожынскага раёна”. Сёння ён уключае больш чым 400 назваў, пахо­джанне 50% якіх педагог і яе дапытлівыя вучні ўстанавілі самі. У слоўніку тапонімаў — легенды Валожына, дакладны пералік тых населеных пунктаў, якіх у раёне ўжо даўно няма.

У мінулым навучальным годзе навучэнец Святланы Ві­тольдаўны Арцём Сі­корскі ат­рымаў дыплом на рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.

“Работа навучэнца нашай гімназіі вельмі цікавая і неардынарная, — адзначае настаў­ніца геаграфіі. — Ён працаваў над тэмай “Крытэрыяльны аналіз складу Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з першага па апошняе скліканне як асяроддзе стварэння адукацыйнага рэсурсу электаральнай геаграфіі”. Мы па кожным скліканні, пачынаючы з 1996 года, прааналізавалі яго склад, паглядзелі, колькі мужчын і жанчын сюды ўваходзіць і г.д.”

Даследчая работа натхніла навучэнца на стварэнне квест-гульні па электаральнай геаграфіі. Настаўніца ўпэўнена: іх гульнявая распрацоўка дапаможа дзецям разабрацца ў тым, як фарміруецца ўрад, якія лю­дзі ў яго ўвахо­дзяць.

“Калі Арцём рабіў блок карт па выбарчых акругах, нас зацікавілі біяграфіі нашых дэпутатаў, — звяртае ўвагу Святлана Федарака. — Мы вызначылі сярод іх дзеячаў мастацтва, навукі, спартсменаў і інш.”  

Убачыць сярод вучняў тых, хто будзе добрым даследчыкам, Святлане Федарака дапамагае багаты педагагічны вопыт і ўласныя аўтарскія методыкі.

Не кожнае дзіця, нават самае адоранае, можа займацца даследчай работай. Вучань можа паспяваць у многіх дысцыплінах, выступаць на сцэне і займацца спортам, але не любіць даследчую дзейнасць.

“Мне пашанцавала: я адзіны настаўнік геаграфіі ў гімназіі, — расказвае пра свае падыходы ў рабоце педагог. — Дзеткі да мяне прыходзяць вучыцца ўжо ў 5 класе. Спачатку я да іх прыглядаюся, а ў другім паўгоддзі 6 класа даю тэст на выяўленне праблем, якія перашкаджаюць займацца да­следчай работай. Напрыканцы кожнага навучальнага года паўтараю тэст, бо хочацца адсачыць, ці змянілася што-небудзь”.

У рабоце з навучэнца­мі стар­шых кла­саў ідэальным на­стаўніца на­зы­вае метад “ПЛИС” — пра­ект­ны ліст да­следчыка.

“Для таго каб право­дзіць даследчую работу, навучэнцы павінны выдзеліць гіпотэзу, актуальнасць тэмы, яе аб’ект, прадмет, мэты і задачы, — пералічвае Святлана Вітольдаўна. — Вучні не вельмі добра ўяўляюць, як гэта вызначаць. Таму на ўроках, калі разглядаем тэму, якая не патрабуе татальнага тлумачэння настаўнікам, дзеці працуюць самастойна. Я ім прапаную знайсці праблему ў параграфе і прапанаваць яе класу. Пасля таго як праблема была агучана, клас запаўняе ліст даследчыка”.

Да кожнай тэмы па геаграфіі Святлана Федарака распрацавала прэзентацыі: сённяшнія вучні — візуалы, таму лягчэй успрымаюць карцінку, а не тэкст. А геаграфія — той прадмет, які патрабуе прыгожага ўспрымання.

У адрозненне ад даследчых работ, падрыхтоўка навучэнцаў да прадметных алімпіяд павінна пачынацца як мага раней.

“Мне падабаецца, што ўдзель­нічаць у алімпіядзе вучні могуць ужо ў 6 класе. Але іх важна зацікавіць гэтым. Ёсць сярод навучэнцаў перфекцыя­ністы: калі ім не ўдалося паказаць высокі вынік, яны ідуць на алімпіяду зноў, бо хочуць ­стаць лепшымі. Для таго каб дапамагчы дзецям у гэтым, у гімназіі ёсць усе ўмовы”, — адзначае педагог.

Часта жаданне дзяцей ­стаць удзельнікам алімпіяды па геаграфіі не падтрымліваюць баць­кі, бо гэты прадмет амаль нідзе, за выключэннем некаторых педагагічных спецыяльнасцей, больш не патрэбны. Каб запэўніць дарослых у адваротным і паказаць, што геаграфія цікавая і дае шмат магчымасцей, Святлана Федарака арганізуе ў гімназіі цікавыя праф­арыентацыйныя сустрэчы.

Часты госць у гімназіі — былы выпускнік Святланы Вітольдаўны, а сёння першы прарэктар БДУ, кандыдат геаграфічных навук, дацэнт Дзмітрый Курловіч. Калі дзесяць гадоў назад настаўніца пачынала працаваць з геаграфічнымі інфармацыйнымі сістэмамі, было цяжка разабрацца з імі самастойна. Таму Дзмітрый прыязджаў і дапамагаў у гэтым сваёй настаўніцы і гімназістам. Магчыма, будучым калегам.

“Тыя, хто любіць геаграфію, могуць быць не толькі настаўнікамі, але і вучонымі, зай­мацца ІТ-тэхналогіямі, бо сёння развіта ГІС-праграмаванне, — лічыць настаўніца. — Геаграфія адкрывае вялікія магчымасці для кожнага. А веды па прадмеце будуць заўсёды дарэчы, калі дзеці з бацькамі адправяцца ў падарожжа і захочуць адкрыць для сябе нешта новае. Ведаючы геаграфію, гэта зрабіць вельмі проста”.

Наталля САХНО
Фота аўтара