Учора ўдзельнікі Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі пабывалі на ўрачыстым прыёме ў міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Гэта была сустрэча з лепшымі выпускнікамі, самай таленавітай і паспяховай моладдзю.
“Прыемна бачыць прыгожых і шчаслівых маладых людзей, — звярнуўся да прысутных міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. — Гледзячы на вас, успамінаю свае студэнцкія гады, хваляванні на выпускных экзаменах, клопаты па падрыхтоўцы да залікаў, калоквіумаў, сесій. Тады здавалася, што столькі спраў трэба перарабіць, столькі эмоцый перажыць! А цяпер думаю, што так хутка ўсё скончылася.
Вы ўступаеце ў сапраўднае дарослае жыццё, таму жадаю вам, каб праблемы, якія ўзнікаюць, не былі для вас глабальнымі, а ўспрымаліся як нязначныя.
Працягвайце працаваць над сабой, увесь час самаўдасканальвайцеся і не спыняйцеся на дасягнутым. Тады вы зможаце адбыцца як спецыялісты і грамадзяне. Жыццё расставіць усё па сваіх месцах. Магчыма, нешта не будзе атрымлівацца, але гэта не страшна. Кожны з вас атрымаў добрую базу ў сваёй навучальнай установе, зрабіў пэўны задзел на будучыню. Развівайцеся”.
На сустрэчу з міністрам былі запрошаны тыя выпускнікі, якія за гады навучання дасягнулі значных поспехаў у вучобе, навуцы, творчасці, спорце, грамадскім жыцці. Сярод іх былі як стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, так і, напрыклад, лаўрэаты Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў.
Будучыя педагогі, навукоўцы, банкаўскія работнікі, эканамісты, інжынеры, ІТ-спецыялісты, спецыялісты машынабудаўнічай галіны, ваенныя, тэхнолагі — гэта будучыня нашай краіны. Міністр адукацыі заўважыў, што цяперашняя моладзь вельмі мабільная, яна хутка адгукаецца на ўсё новае. І для дзяржавы гэта важна, бо інавацыйная эканоміка патрабуе перспектыўных ідэй і спецыялістаў, здольных іх рэалізаваць.
У ходзе размовы міністр заўважыў, што гэтак жа немалаважна для кожнага маладога чалавека і дзяўчыны стварыць добрую сям’ю, што таксама з’яўляецца адным з важных складнікаў прафесійнай паспяховасці і дэмаграфічнай бяспекі краіны. Эфектыўнасць працы ўнутранага рынку вызначаецца колькасцю насельніцтва.
“У кожнага з вас наперадзе шмат розных жыццёвых і прафесійных этапаў. Поспех у іх пераадоленні залежыць ад вас, вашай працаздольнасці, уменняў і навыкаў. Магчыма, нехта з вас пойдзе ў навуку ў галіне адукацыі. Мы чакаем вас. Нам неабходны маладыя кандыдаты і дактары для рэалізацыі галіновых навуковых праграм і экспарту адукацыйных паслуг. Калі з кімсьці з вас праз некаторы час сустрэнемся — будзем вельмі рады”, — адзначыў міністр.
Затым адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання. З рук міністра адукацыі Ігара Карпенкі выпускнікі за выдатныя поспехі ў вучобе, прыкладныя паводзіны, актыўны ўдзел у навукова-даследчай рабоце і грамадскім жыцці атрымалі граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і памятныя падарункі. Пасля лепшыя выпускнікі краіны прынялі ўдзел ва ўскладанні кветак да стэлы “Мінск — горад-герой”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.