Пазіцыянаваць сябе, а значыць, сваю краіну

- 13:42World Skills

Крыху больш як месяц застаецца да грандыёзнага свята прафесійнай адукацыі, а менавіта так узнёсла можна назваць ІІ Нацыянальны чэмпіянат WorldSkills Belarus-2016, які пройдзе 17—19 мая ў Футбольным манежы нашай сталіцы. Вядома, што ўдзельнікамі чэмпіянату стануць пераможцы рэгіянальных спаборніцтваў. У Мінску ўжо вызначаны 9 чалавек, якія ўвайшлі ў каманду сталіцы і якія будуць прадстаўляць масавыя прафесіі на нацыянальным чэмпіянаце. Хто гэтыя героі і як яны дэманстравалі сваё прафесійнае майстэрства ў гарадскім этапе конкурсу сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі WorldSkills, нашай газеце расказала намеснік дырэктара Мінскага гарадскога вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Святлана Іванаўна Крылова.

Святлана Іванаўна Крылова адзначыла высокую актыўнасць усіх навучальных устаноў прафесійнай адукацыі Мінска ў арганізацыі і правядзенні гарадскога этапу нацыянальнага чэмпіянату. У ім удзельнічалі 47 канкурсантаў ва ўзросце да 20 гадоў, пераможцы ўнутраных конкурсаў прафесійнага майстэрства з 16 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Мінска. Конкурс праводзіўся па трох кампетэнцыях: “Будаўніцтва і тэхналогіі будаўнічай вытворчасці” (каменныя, абліцовачныя, сталярныя, зварачныя работы), “Выяўленчае мастацтва і мода” (дызайн адзення, цырульніцкае мастацтва), “Сацыяльныя і персанальныя паслугі” (кулінарнае, кандытарскае мастацтва і рэстаранны сэрвіс).

Спаборніцтвы ацэньваліся прафесійнымі экспертамі з ліку прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый горада. Трэба заўважыць, што актыўнасць і ініцыятыўнасць патэнцыяльных заказчыкаў кадраў у правядзенні конкурсу такога ўзроўню значна павысілася, што пацвердзіў іх вялікі інтарэс да якасці падрыхтоўкі будучых кадраў, неабыякавасць да фарміравання кадравага складу. Істотная падтрымка работадаўцаў адчувалася таксама ў выпрацоўцы зместу конкурсных заданняў, крытэрыяў ацэнкі выкананых работ, а таксама ў прадастаўленні неабходнага абсталявання, інструментаў, сыравіны.

Адметна і тое, што заданні гарадскога конкурсу, умовы іх выканання былі максімальна набліжаны да нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills і адпавядалі міжнародным стандартам. Па ўмовах конкурсу, па кампетэнцыі “Каменныя работы” на выкананне задання канкурсантам патрабавалася 14 гадзін. За гэты час канкурсанты павінны былі выканаць мур з рознай па колеры керамічнай цэглы з геаметрычнымі фігурамі ў форме трапецыі і васьмігранніка, шрыфту з лацінскімі літарамі. Лепшым у выкананні гэтага задання быў Аляксандр Макась, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва. Спаборніцтвы па кампетэнцыі “Абліцовачныя работы” доўжыліся 12 гадзін. За гэты час трэба было выканаць абліцоўку пліткай вертыкальнай і гарызантальнай паверхняў з зададзенай канфігурацыяй і колерам у адпаведнасці з прадстаўленай схемай. Ацэньвалі работу канкурсантаў прафесійныя эксперты з будаўнічых упраўленняў, Мінскпрамбуда, будтрэстаў, СПМК. Работы па падрыхтоўцы паверхні пад абліцоўку, рэзка пліткі, замазка швоў растворам, выраўноўванне пліткі на плоскасці і па вышыні былі выкананы канкурсантамі практычна без заўваг. А лепшым стаў Раман Харытонаў, навучэнец Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12 будаўніцтва.

У кампетэнцыі “Сталярныя работы” ўдзельнікі конкурсу за 8 гадзін павінны былі вырабіць макет аконнай рамы са стандартнымі тыпамі сталярных злучэнняў у адпаведнасці з пададзеным чарцяжом. Лепшым вырабам быў прызнаны макет аконнай рамы канкурсанта Арцёма Капусты, навучэнца прафесійнага ліцэя № 5 транспартнага будаўніцтва.

Па ўмовах спаборніцтва, па кампетэнцыі “Зварачныя работы” ўдзельнікі выконвалі заданне, якое складаецца з двух модуляў. У модуль А ўваходзіла зборка і зварка кантрольных зварных злучэнняў ручной электрадугавой зваркі і дугавой зваркі металічным электродам у асяроддзі ахоўнага газу ў розных становішчах зварнога шва. Заданне модуля В складалася са зборкі і зваркі кантрольных зварных злучэнняў ручной электрадугавой зваркі і дугавой зваркі вальфрамавым электродам у ахоўным газе ў розных становішчах зварнога шва. Самым лепшым зваршчыкам стаў Аляксандр Шарай, навучэнец Мінскага дзяржаўнага ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ.

У напрамку “Выяўленчае мастацтва і мода” па кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” ўдзельнікі выконвалі заданне, якое складаецца з двух модуляў: модуль А “Мужчынская сучасная модная стрыжка з элементам hair tattoo (мастацкі выстрыг валасоў)” і модуль В “Прычоска нявесты на доўгіх паднятых валасах”. Ірына Жызнеўская, навучэнка Мінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва, перамагла ў гэтай кампетэнцыі.

Па кампетэнцыі “Дызайн адзення” ўдзельнікі выконвалі заданне з чатырох модуляў. Спачатку навучэнцы выконвалі эскізы 3 мадэлей Pret-a-porter па прапанаваным шаблоне фігуры з указаннем дзвюх і больш тэхналагічных схем апрацоўкі асобных (найбольш складаных) вузлоў, на манекене метадам наколкі змадэлявалі па прапанаванай фатаграфіі мадэль адзення, раскроілі матэрыял, выканалі пашыў сукенкі і задэкарыравалі яго з прапанаваных матэрыялаў і фурнітуры, прадстаўленых у “чорнай скрыні”. Па кампетэнцыі Дар’я Хілько, навучэнка Мінскага дзяржаўнага ПТК швейнай вытворчасці, стала лепшым дызайнерам адзення.

У напрамку “Сацыяльныя і персанальныя паслугі” конкурс праходзіў па трох кампетэнцыях: кандытарскае і кулінарнае мастацтва, рэстаранны сэрвіс.

У конкурсных спаборніцтвах па кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” трэба было выканаць заданне, якое складаецца з двух модуляў. Важная ўмова — усе вырабы павінны быць аб’яднаны тэмай “Тысяча і адна ноч”. У першым модулі па ручной лепцы ўдзельнікі змадэлявалі і прадставілі вылепленыя ўручную з марцыпана фігуркі людзей, жывёл, садавіну і кветкі.

Па другім модулі кожны ўдзельнік прадставіў торт вольнай формы, дэкарыраваны ў адпаведнасці з тэмай. У кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” ўдзельнікі выконвалі тры заданні: падрыхтоўка фуршэтнай закускі з буракоў і свіной печані, падрыхтоўка гарачай стравы са свойскай птушкі і дэсерт-мус з садавіны (ягад) і шакаладу. У конкурсных спаборніцтвах па кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” канкурсанты складвалі сурвэткі рознымі спосабамі, наразалі і падавалі садавіну, заварвалі чай, каву, выраблялі безалкагольныя кактэйлі, сервіравалі сталы для гасцей.

Валерыя Гарапучык стала лепшым кандытарам, Ксенія Еўдакімава — лепшым кулінарам, а Кацярына Бохан лідзіравала ў рэстаранным сэрвісе. Усе тры дзяўчыны — навучэнкі Мінскага дзяржаўнага ПТК кулінарыі.

Ала КЛЮЙКО.