На Гомельшчыне абласная жнівеньская нарада педагагічных работнікаў прайшла з удзелам намесніка міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктара Якжыка і старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка.
Традыцыйны жнівеньскі педсавет сабраў амаль тысячу педагогаў з усёй вобласці. У аснову сёлетняй сустрэчы настаўнікаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі і мясцовых органаў улады былі пастаўлены пытанні ўдасканалення рэгіянальнай сістэмы адукацыі. У гэтай галіне Гомельшчына мае нядрэнныя дасягненні, што адзначыў у размове з журналістамі намеснік міністра. Тым не менш, каб зладжаная сістэмная работа працягвалася, неабходна пастаянна акрэсліваць задачы і абмяркоўваць шляхі іх вырашэння. Вядома, ёсць нейкія недахопы і праблемы, якія таксама трэба вырашаць. Меркаванні наконт гэтага і ў Віктара Якжыка, і ва Уладзіміра Дворніка, і ў начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргея Парошына супалі. Яны ў сваіх выступленнях перад педагагічнай грамадскасцю рэгіёна акцэнтавалі ўвагу на адных і тых жа пытаннях.
У прыярытэце — здароўезберажэнне і стварэнне бяспечных умоў знаходжання дзяцей у дашкольных установах і школах. На жаль, здароўе школьнікаў выклікае сур’ёзную занепакоенасць і ўжо становіцца праблемай усяго грамадства, усёй нацыі. Як адзначыў Віктар Якжык, з 2014 года ва ўстановах адукацыі краіны назіраецца рост колькасці прапушчаных па хваробе дзён. Што тычыцца непасрэдна Гомельскай вобласці, на першым месцы ў школьнікаў — хваробы органаў дыхання (амаль 62% у структуры захворванняў), далей ідуць парушэнне зроку (з пачатку года выяўлена ў кожнага дванаццатага абследаванага дзіцяці), хваробы органаў стрававання, апорна-рухальнага апарату (больш за 6% дзяцей маюць праблемы з пазваночнікам).
Год назад у вобласці былі распрацаваны стандарты бяспекі, якія паспяхова рэалізоўваюцца ў шэрагу школ. У выніку гібель непаўналетніх ад знешніх прычын у першым паўгоддзі гэтага года зніжана ў адносінах да аналагічнага перыяду мінулага года на 38%. На сёлетняй педагагічнай нарадзе старшыня Гомельскага аблвыканкама У.А.Дворнік прапанаваў у якасці наступнага кроку стварыць модульныя цэнтры на базе некалькіх дзіцячых садоў і школ, дзе ў ходзе практычных заняткаў мадэляваць розныя небяспечныя сітуацыі і прапаноўваць дзецям у гульнявой форме правільныя варыянты паводзін. У Гомелі, дарэчы, для гэтага можна выкарыстоўваць Цэнтр бяспекі пры Ліцэі МНС.
Трывогу выклікае той факт, што амаль кожны пяты педагог не здаў кваліфікацыйны экзамен на прысваенне вышэйшай катэгорыі. Як вынік — зніжаецца і колькасць настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй. “Абласному інстытуту развіцця адукацыі і кіраўнікам устаноў адукацыі неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на гэтае пытанне і правесці адпаведную работу з педагогамі”, — даў даручэнне начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын.
На асобу настаўніка звярнуў увагу і старшыня аблвыканкама, назваўшы яго галоўнай фігурай у забеспячэнні якасці адукацыі. “Неабходна самім думаць аб пераемнасці ў прафесіі і сур’ёзна займацца прафарыентацыяй, — сказаў Уладзімір Дворнік. — Можа, мае сэнс распрацаваць для абласной сістэмы адукацыі доўгатэрміновы праграмны дакумент “Сучасны настаўнік”, дзе будуць вызначаны крытэрыі і механізмы эфектыўнага вырашэння адукацыйных задач”.
Якасць адукацыі адлюстроўваюць і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. З аднаго боку, радуе, што ўсё больш выпускнікоў атрымліваюць 100-бальныя сертыфікаты. Аднак ёсць і другі бок: сёлета ў вобласці 15 вучняў паказалі нулявыя вынікі, 13 з якіх — па матэматыцы. Асноўная прычына такіх паказчыкаў, на думку Сяргея Іванавіча, у неадпаведнасці выстаўленай у атэстат адзнакі і сапраўдных ведаў вучня.
Якасць адукацыі — гэта тое, на што Міністэрства адукацыі зверне ў найбліжэйшы час асаблівую ўвагу. Як паведаміў Віктар Якжык, гімназіям і ліцэям краіны неабходна будзе пацвердзіць свой статус. Тыя ўстановы, якія пакажуць сістэмнае зніжэнне паказчыкаў, будуць пазбаўлены свайго статусу, паколькі статус гімназіі і ліцэя патрабуе трымаць пэўны ўзровень.
— І ўсё ж, нягледзячы на тыя адмоўныя моманты ў сістэме адукацыі Гомельшчыны, якія былі сёння агучаны, я павінен адзначыць, што ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Гомельская вобласць мае значна больш пазітыўных тэндэнцый і станоўчых паказчыкаў, — сказаў у сваім выступленні намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык.
Сярод такіх паказчыкаў Віктар Віктаравіч назваў харчаванне дзяцей, спецыяльную адукацыю, перамогі на рэспубліканскай алімпіядзе па прадметах, дзе Гомельская вобласць на працягу некалькіх гадоў уваходзіць у тройку лепшых, адукацыйныя паслугі. Асабліва ён падкрэсліў работу па выхаванні дзяцей і падлеткаў, заўважыўшы, што рэгіён быў прызнаны ў мінулым годзе лепшым у сферы дадатковай адукацыі.
У дзень правядзення нарады гомельскія педагогі здзівілі Віктара Якжыка новымі праектамі, якія дэманстраваліся на выставе “Ідэі. Інавацыі. Вынікі”. Асобнае месца, па меркаванні Віктара Віктаравіча, займае тэхнічная творчасць, а дакладней, развіццё робататэхнікі.
На абласной жнівеньскай нарадзе педагагічных работнікаў таксама былі закрануты пытанні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, прафарыентацыі, алімпіяднага руху, сацыяльнага сіроцтва і занятасці падлеткаў.
На мерапрыемстве лепшыя прадстаўнікі педагагічнай грамадскасці атрымалі падзякі ад Міністэрства адукацыі, кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама і ўпраўлення адукацыі. Дарэчы, старшыня аблвыканкама ўручаў грашовыя ўзнагароды тым аддзелам адукацыі, спорту і турызму і асобным установам, якія паспяхова справіліся з пошукам дадатковых крыніц фінансавання. Сярод іх — аддзелы адукацыі Калінкавіцкага, Буда-Кашалёўскага раёнаў, Цэнтральнага раёна Гомеля, установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, школы і дзіцячыя садкі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.