Педагагічны ўніверсітэт са спартыўнымі арыенцірамі

- 15:35Апошнія запісы, Рознае, Спартыўныя падзеі

Днямі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшоў плавальны марафон “Сто па сто”, прысвечаны 100-годдзю навучальнай установы.

У марафоне ўзялі ўдзел 5 зборных каманд, якія складаліся з трох пакаленняў. Пачалі эстафету заплываў навучэнцы гімназіі № 20 Мінска, у якой сёлета былі адкрыты педагагічныя класы, і навучэнцы 30-й сталічнай школы, якая актыўна супрацоўнічае з БДПУ. Працягнулі марафон студэнты педагагічнага ўніверсітэта, а завяршыў яго прафесарска-выкладчыцкі склад на чале з рэктарам, доктарам педагагічных навук, прафесарам Аляксандрам Іванавічам Жуком. Трэба адзначыць, што Аляксандр Іванавіч вядомы ў сістэме адукацыі аматар здаровага ладу жыцця, які неаднойчы дэманстраваў сваю выдатную спартыўную форму і ў лыжных гонках, і ў веласпаборніцтвах.
Ганаровымі гасцямі плавальнага марафону сталі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба, а таксама пяціразовы чэмпіён Паралімпійскіх гульняў у Лондане Ігар Аляксандравіч Бокій.
Пераможцы і ўдзельнікі спаборніцтваў атрымалі падарункі ад рэктара ўніверсітэта, а таксама ад Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.