Педагог — прафесія будучыні, упэўнена педагог-псіхолаг Бабініцкай сярэдняй школы Таццяна Казлова

- 13:02Интервью, Психолог в школе

Ці існуе формула выбару прафесіі? Прафесіі будучыні — яны ўжо рэальныя? І чаму апошнім часам у выпускнікоў жаданне атрымаць любімую прафесію змянілася жаданнем проста паступіць вучыцца ў сталіцу? Аб гэтых важных рэчах разважае педагог­псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Бабініцкай сярэдняй школы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці Таццяна Казлова.

Справа ўсяго жыцця

— Усім вядома формула выбару прафесіі, якая складаецца з інтарэсаў, схільнасцей, жаданняў (хачу), рэсурсаў — здароўе, здольнасці, асобасныя якасці (магу) і патрабаванняў рынку працы (трэба), — пачынае Таццяна Уладзіміраўна. — Для выбіраючага прафесію гэтыя складнікі ў ідэале павінны ўзаемна перасякацца. Калі ж пунктаў судакранання няма, гэта азначае, што чалавек спадзяецца, што калі-небудзь потым цікавасць і жаданне з’явяцца, або ўпэўнены, што ўсё калі-небудзь потым зможа, або верыць у высокую запатрабаванасць выбранай прафесіі і яго асабіста як спецыяліста. Думаю, што гэта ў большай ступені ўласціва для выпускнікоў базавай школы. Так, большасць 9-класнікаў спрашчаюць прафесійны выбар, выбудоўваючы іерархію спецыяльнасцей, прапанаваных каледжамі рэгіёна.

Выпускнікі сярэдняй школы часцей знаходзяць кампраміс паміж трыма складнікамі, бо маюць высокі ўзровень матывацыі да ўсвядомленага выбару прафесіі і пры выбары шляхоў працягу адукацыі, як правіла, падбіраюць запасныя варыянты дасягнення сваіх мэт і атрымання любімай прафесіі, што павялічвае шансы стаць прафесійна паспяховымі.

Лічу, што ў кожнага вучня формула выбару прафесіі свая, аўтарская. Галоўнае, каб яна працавала і мела высокі ККДз з малымі стрэсавымі хібамі.

— Што ўплывае на выбар прафесіі, як вы лічыце?

— Кожны чалавек на сваім жыццёвым шляху абавязкова вырашае праблему выбару прафесіі. Прычым у кожнага, як правіла, канчатковае прафесійнае самавызначэнне адбываецца з упэўненасцю ў выбары на ўсё жыццё. Аднак па выніках апытання навучэнцаў 8—9 класаў, больш за трэць іх бацькоў працаўладкаваны і працуюць па спецыяльнасцях, якія не адпавядаюць атрыманай прафесійнай адукацыі.

Займацца нелюбімай справай цяжка. Ад правільнага выбару прафесіі залежыць псіхалагічны і матэрыяльны дабрабыт чалавека, а часта і яго лёс.

Асабіста я ў школьныя гады марыла быць цырульнікам, мела патрэбныя для гэтай справы прылады і нават адпрацоўвала ўменні і навыкі на сябрах. Але здольнасці да дысцыплін прыродазнаўча-матэматычнага цыкла і пераканаўчыя довады маіх педагогаў і блізкіх па тыпе “можна быць потым цырульнікам з вышэйшай адукацыяй” прывялі мяне ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М.Кірава на матэматычны факультэт, дзе я ў 1992 годзе стала настаўніцай матэматыкі і фізікі. Не шкадую, люблю выкладаць і з задавальненнем вяду ўрокі па сумяшчальніц­тве. Пазней зацікавілася новаўведзенай ва ўстановы адукацыі прафесіяй педагога-псіхолага і ў 1996-м скончыла Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (зараз Акадэмія адукацыі) па спецыяльнасці “Выкладчык псіхалогіі; практычны псіхолаг адукацыі”. Таксама не шкадую, люблю сваю работу і адчуваю сваю запатрабаванасць, атрымліваю задавальненне ўжо на працягу 30 гадоў у гэтай прафесіі. А гадоў 15 назад, вымушана асвоіўшы камп’ютарную праграму разліку камунальных плацяжоў для свайго жыллёвага кааператыва, зразумела, што магла быць нядрэнным бухгалтарам. Вось такая мая асабістая недапрафарыентацыя. Люблю ўсё, што маю, умею і магу. Але, можа быць, аб сваім ідэальным прафесійным месцы нават і не здагадваюся?

Таму добра арганізаваная, сістэмная прафарыентацыйная работа з навучэнцамі ў школе праз фарміраванне каштоўнасных арыентацый, устойлівых прафесійных інта­рэсаў і матываў выбару прафесіі павінна аказваць істотны ўплыў на ўсвядомленае прафесійнае самавызначэнне і аб’ектыўныя прафесійныя памкненні.

Выбраць лёс

— Раскажыце, калі ласка, як наладжана ваша дзей­насць па прафарыентацыі ў школе. Ці адрозніваецца, на ваш погляд, прафарыентацыя ў гарадской і сельскай школах?

— Сітуацыя прафесійнага самавызначэння сама па сабе стрэсавая, паколькі прадугледжвае выкананне лёсавызначальнага тэста з выбарам адзінага адказу з велізарнай колькасці правільных. Магчыма, гэты тэст выконваецца лёгка, калі ёсць прызванне, мара з дзяцінства, даўно пастаўленая мэта і ўжо зроблена вялікая колькасць валявых крокаў да яе дасягнення праз самапазнанне, самаадукацыю, самаразвіццё, самаўдасканаленне. А калі не? Работа над памылкамі прафесійнага выбару каштуе дорага. Менавіта педагог-псіхолаг павінен дапамагчы навучэнцу сфарміраваць уяўленні аб сабе і сваіх магчымасцях у прафесійнай дзейнасці, прымерыць прафесію праз дыягностыку схільнасцей, здольнасцей, асаблівасцей асобы і дзейнасці, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, карэкцыйна-развіццёвую работу, работу з бацькамі і педагогамі. Традыцыйнымі ў нашай школе сталі тыдні псіхалогіі і тыдні прафарыентацыі, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі і сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі, дні дублёра для павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”.

Сваю работу па прафарыентацыі ў школе бачу ў плоскасці дзвюх каардынат: першая каардыната “Я — чалавек” (самапазнанне), другая каардыната “Я выбіраю прафесію” (самавызначэнне). Каардыната “Я — чалавек” прадугледжвае псіхолага-педагагічную падтрымку дзіцяці ў імкненні зразумець і прыняць сябе і іншых, навучыцца праца­ваць і мець зносіны праз сваё ўзаемадзеянне з навакольным светам ва ўчынках, самому спраўляцца з уласнымі праблемамі. Каардыната “Я выбіраю прафесію” мае на ўвазе арганізацыю прадукцыйнай дзейнасці па праектаванні шляху да сваёй прафесіі. Тут навучэнцы даследуюць наяўныя персанальныя інтарэсы, магчымасці, здольнасці і месцы атрымання прафесійнай адукацыі, ацэньваюць сілы і слабасці, прымаюць рашэнні аб выбары прафесіі.

Большасць бацькоў нашых вучняў працуюць на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу. Дзеці, вяртаючыся пасля вучобы ў каледжах і ўніверсітэтах да бацькоў, таксама часта працаўладкоўваюцца на гэтыя прадпрыемствы. Таму нашым вучням у большай меры патрэбна праф­арыентацыя, арыентаваная на прафесіі аграрнай накіраванасці. Так, на трэцяй ступені навучання ў нашай школе арганізавана аграгрупа з вывучэннем на павышаным узроўні біялогіі і рускай мовы, а на базавым узроўні навучэнцы асвойваюць прафесіі сталяра і швачкі.

— Таццяна Уладзіміраўна, назавіце, калі ласка, тыповыя памылкі пры выбары прафесіі (з вашага вопыту і практыкі).

— Натуральна, штогод навучэнцы робяць прафесійны выбар і “за кампанію”, і “хачу тое, не ведаю што”, і “падумаю пра гэта пазней, а пакуль…”, і арыентуючыся на паспяховасць па вучэбных прадметах, і не пашырыўшы геаграфію ўстаноў для працягу адукацыі. Але былі і сур’ёзныя памылкі ў выбары прафесіі маімі навучэнцамі, дзе я была бяссільнай і пасля чула: “Чаму я вас не паслухала?”. Прывяду прыклад з маёй практыкі. Дружба не разлі вадой — дзяўчынка з высокім сярэднім балам атэстата, відавочнымі схільнасцямі да прафесій тыпу “чалавек — знакавая сістэма”, матэматычнымі здольнасцямі і велізарным жаданнем быць карыснай паступае ўслед за сяброўкай з нізкім балам атэстата, з матывам “там вучылася мая мама” ў каледж на агранома. У першы ж дзень вучобы новыя знаёмствы, новыя перавагі ў сяброўстве, але прафесійны выбар зроблены. У выніку пасля асваення прафесіі агранома ўсё ж паступленне на факультэт бухгалтарскага ўліку Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

Былі выпадкі выбару прафесіі “следам за каханнем на ўсё жыццё”. Вынік аналагічны.

Часта памылкай у выбары прафесіі дзіцем з’яўляюцца нерэалізаваныя мары бацькоў: дзіця хацела быць выхавальнікам, а тата пераканаў, што лепш займацца арганізацыяй перавозак на чыгуначным транспарце, і г.д. Таксама для некаторых бацькоў важна, каб дзіця абы паступіла, як усе з класа, усё роўна куды. Так, не прайшоўшыя па конкурсе праграмісты становяцца настаўнікамі матэматыкі, урачы — эколагамі, запаўняючы месцы недабораў ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— Якая роля бацькоў у прафесійным самавызначэнні дзіцяці?

— Выбар прафесіі — справа сямейная! Вядома, да меркавання бацькоў трэба прыслухоўвацца, але рашэнне заўсёды павінна заставацца за дзіцем, таму што гэта яго жыццё.

Дынастыя — гэта выдатна, але дзіця не абавязана выбіраць прафесію сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў, каб працягнуць сямейную справу.

Дзіця павінна выбраць прафесію само. Бацькі мо­гуць раіць, даваць рэкамендацыі і выказваць меркаванне, але не варта настойваць на сваім выбары — зразумела, хто будзе вінаваты ва ўсіх выдатках прафесіі, малапрыбытковасці і цяжкасцях, з якімі сутыкнецца дыпламаваны спецыяліст.

Усвядомлены шлях

— Ці існуюць прафесіі будучыні? На якія з іх наст­роены дзеці?

— Вядома, існуюць. Адна з іх — прафесія настаўніка. У гэтым годзе з 19 выпускнікоў па мэтавых накіраваннях ва УВА паступілі 5 навучэнцаў, з іх 2 — на педагагічныя спецыяльнасці. У бягучым навучальным годзе ў нашай школе на трэцяй ступені арганізавана педгрупа на базе 10 класа з вывучэннем на павышаным узроўні беларускай мовы і матэматыкі. Гэтыя навучэнцы арыентаваны на атрыманне педагагічнай прафесіі, у тым ліку па мэтавым накіраванні.

— Ці важна пагружэнне ў прафесію і прафесійныя пробы? Ці практыкуецца гэта ў вашай школе?

— Пагружэнне ў прафесію і прафесійныя пробы — ідэальны варыянт прафарыентацыі. У летні перыяд нашы старшакласнікі часова працаўладкоўваюцца на прадпрыемствы, дзе атрымліваюць магчымасць уба­чыць даступныя прафесіі непасрэдна, убачыць прафесію збоку, прымераць, што дазваляе падмацаваць свой выбар, а часта і кардынальна змяніць прафесійныя планы. Аднак арганізацыя прафесійных проб ускладнена на прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу з-за ўвядзення санітарна-эпідэміялагічных мерапрыемстваў.

— Чаму зараз у выпускнікоў жаданне атры­маць любімую прафесію змянілася жаданнем проста паступіць вучыцца ў сталіцу? Як вы лічыце як спе­цыяліст?

— Усе свае адукацыі я атрымала ў мінулым стагоддзі, калі паступалі на настаўніка, урача, кухара ці, прынамсі, у пед, мед, вет, тэх… Аднойчы на маё пытанне “Куды паступае дачка?” адна мама адказала: “У Мінск!”. Пасля даво­дзілася чуць такія адказы і ад дзяцей. Тут, як гаворыцца, “палка з двума канцамі”: з аднаго боку, чаканне кардынальных пазітыўных змяненняў, жаданне жыць лепш, чым бацькі, ілюзія атрымаць усё і адразу, у тым ліку запат­рабаваную прафесію, сталічнае працаўладкаванне з высокім заробкам. Аднак з іншага боку, маладому чалавеку адкрываецца больш магчымасцей для яго прафесійнага станаўлення і рэалізацыі.

Аналіз дынамікі працаўладкавання выпускнікоў 9-х класаў нашай установы адукацыі за апошнія гады паказвае змяншэнне колькасці навучэнцаў, якія вырашылі атрымаць сярэднюю адукацыю ў школе для працягу адукацыі ў вышэйшых навучальных установах, за кошт павелічэння колькасці навучэнцаў, якія вырашылі на гэтым этапе атрымаць сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную адукацыю. Цяпер ёсць вялікая колькасць вакансій на рабочыя спецыяльнасці. Сфарміраваныя ўяўленні пра сябе, свае здольнасці, магчымасці, вывучэнне рынку працы рэгіёна дазволілі навучэнцам усвядоміць, што атрыманне вышэйшай адукацыі дзеля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі ў будучыні можа аказацца бесперспектыўным і спраекта­ваць аптымальны ўсвядомлены шлях, менш доўгі і цяжкі, да сваёй будучай прафесіі — запатрабаванай і той, якая забяспеч­вае матэрыяльны дабрабыт і эмацыянальнае задавальненне.

Наталля КАСТЭНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА