Педагог: у нашай прафесіі галоўнае — не баяцца складанасцей і адказнасці, не баяцца памыліцца

- 13:08Первое рабочее место

Аршанскі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава больш за 110 гадоў рыхтуе педагагічныя кадры. За гэты час з яго сцен выйшла звыш 12 тысяч настаўнікаў пачатковых класаў, англійскай мовы, фізічнай культуры, выхавальнікаў і тэхнікаў-праграмістаў. Сярод выпускнікоў — шмат вядомых заслужаных людзей і дзяржаўных дзеячаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Сёлетні выпуск склаў 139 чалавек, з іх — 117 маладых педагогаў. У нас стапрацэнтнае размеркаванне. Каля 70% выпускнікоў працуюць на Віцебшчыне, астатнія 30% — у іншых абласцях. Прычым апошнім часам узрос попыт на нашых спецыялістаў і ў сталічным рэгіёне. Акрамя таго, многія выпускнікі паступаюць у педагагічныя ўніверсітэты краіны на скарочаную форму навучання. Ёсць інтэграваныя спецыяльнасці, напрыклад, з універсітэтам ВДУ імя П.М. Машэрава, і практычна 40% былых навучэнцаў ідуць па павышэнне кваліфікацыі менавіта туды. Асноўная маса нашых выпускнікоў застаецца ў прафесіі, — паведаміў дырэктар каледжа Анатоль Аляксандравіч Зулёў.

Не баяцца памыліцца

Кожны дзень выхавальніца дзіцячага сада № 46 Оршы Хрысціна Сцібло даказвае: прафесіянал — гэта той, хто ўкладвае ў работу сваю душу і па-­сапраўднаму любіць сваіх маленькіх выхаванцаў.

У дзяцінстве ў Хрысціны Сяргееўны была любімая выхавальніца. Крыху пасталеўшы, дзяўчына зразумела, што кожны дзень хоча знаходзіцца ў свеце дзяцінства і вучыць малышоў заўважаць прыгажосць. Пасля 9 класаў падала дакументы ў Аршанскі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава і тым самым, можна сказаць, прадоўжыла сямейную дынастыю педагогаў, бо і яе бацька таксама выпускнік гэтай установы.

Каледж падарыў ёй сяброў і прафесію, якой яна ганарыцца. Высокі ўзровень прафесіяналізму выкладчыкаў, цікавыя заняткі не толькі дазволілі рэалізавацца яе чаканням, але нават і перасягнулі іх. Ужо на 1 курсе Хрысціна Сцібло зразумела, што работа выхавальніка вельмі шматгранная і адказная:

— Можна дасканала вывучыць да­школьную педагогіку, псіхалогію, розныя методыкі навучання, але немагчыма стаць прафесіяналам, не палюбіўшы маленькіх выхаванцаў і не ўклаўшы ва ўзаемаадносіны з імі душу.

На 4 курсе дзяўчыне прапанавалі работу ў аршанскім дзіцячым садзе № 46, дзе яна стала выхавальніцай другой малодшай групы. Добра зарэкамендаваўшы сябе, Хрысціна Сяргееўна засталася і далей працаваць у гэтай установе. Ёй, маладому спецыялісту, адразу даверылі групу, дзе давялося самастойна прымаць рашэнні, шукаць выйсце з розных сітуацый і ўзаемадзейнічаць з бацькамі, многія з якіх былі старэйшымі за яе.

— Памятаю, як складана было ў першы тыдзень работы: дзяцей мноства, кожнаму трэба нешта паказаць, расказаць, патлумачыць, не хапала на ўсіх ні часу, ні фізічных сіл. А затым яшчэ прыйшлося зай­мацца падрыхтоўкай ранішнікаў — а гэта і раз­вучванне сцэнарыяў, дзе ты не прос­та педагог, а свайго роду акцёр са шматлікімі ролямі, і напісанне розных дакументаў, і г.д. Аднак з усім гэтым мне дапамаглі справіцца веды, атрыманыя ў педагагічным каледжы, а таксама мае цудоўныя калегі, — падкрэсліла выхавальніца.

Сваё навучанне Хрысціна Сцібло вырашыла прадоўжыць, паступіўшы ва ўніверсітэт, дзе набывае новыя веды і ідэі, знаёміцца з рознымі праектамі і тэхналогіямі, якія дамагаюць у штодзённай працы. Бо ў дзіцячым садку пастаянна даво­дзіцца штосьці прыдумваць, каб зрабіць выхаванне і навучанне хлопчыкаў і дзяўчынак максімальна для іх цікавым. Усё гэта патрабуе і пастаяннага развіцця асобасных якасцей: дабрыні і цярпення, справядлівасці і міласэрнасці — асноватворных для чалавека, які працуе з дзецьмі.

З кожным годам усё больш разумею: выхавальнік — гэта не прафесія, а прызванне. Педагог павінен сачыць за сваімі ўчынкамі, быць сумленным з сабой і са сваімі выхаванцамі, адказваць за свае словы, быць адкрытым з дзецьмі, паважліва ставіцца да іх. А яшчэ ён павінен быць працавітым, бо навучанне дзяцей забірае шмат энергіі. Менавіта выхавальнік вучыць малышоў самастойнасці, правілам паводзін, неабходным дашкольніку ведам. Мне па-сапраўднаму цікава праца­ваць з дзецьмі, падабаецца самаадукоўвацца, наведваць розныя мерапрыемствы, звязаныя з дзейнасцю педагога дзіцячага сада. Разам з выхаванцамі ўдзельнічаем у шматлікіх конкурсах і праектах. У нашай агульнай з імі скарбонцы — шмат дыпломаў, грамат, падзяк, сертыфікатаў за перамогі, якія дапамаглі мне атрымаць датэрмінова першую катэгорыю выхавальніка, — расказала Хрысціна Сяргееўна.

Напрыканцы нашай размовы яна прызналася, што любіць выбраную справу і з кожным годам усё больш пераконваецца ў правільнасці зробленага выбару.

— У нашай прафесіі галоўнае — не баяцца складанасцей і адказнасці, а яшчэ не баяцца памыліцца. Бо не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Варта ставіць перад сабой мэты і рухацца да іх, што дапаможа стаць прыкладам і для калег, і для выхаванцаў. Аднак заўсёды трэба памя­таць, што ў прыярытэце — нашы дзеці. Тым больш што яны даюць нам невычэрпны запас любові, пяшчоты і сіл, а таксама ўзбагачаюць наша жыццё радасцю і напаўняюць яго светлымі спадзяваннямі, — падагульніла Хрысціна Сцібло. 

Навучыць вучыцца

Менавіта да гэтага імкнецца настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Оршы Караліна Петракова.

З педагагічнай прафесіяй яна была знаёма з самага дзяцінства, бо яе матуля працавала ў школе. Ужо ў 7 класе дзяўчына цвёрда вырашыла: стане настаўніцай пачатковых класаў, а затым па парадзе сваёй першай настаўніцы паступіла ў Аршанскі каледж.

У аршанскую школу Караліна Петракова прыйшла па размеркаванні. Там яе сустрэў дружны і згуртаваны калектыў, гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу. Старэйшым жа настаўнікам стала Святлана Сяргееўна Генд­рых, якая падказвала педагогу-пачаткоўцу, як афармляць дакументацыю і праводзіць урокі, каб усе вучні ўключаліся ў вучэбны працэс.

— Свайго 1 верасня ў якасці педагога я чакала з асаблівым хваляваннем, спрабуючы ўя­віць, якімі будуць мае выхаванцы. Пасля правядзення першага ўрока я атрымала зарад станоўчых эмоцый, узнікла вялікае жаданне расказваць ім нешта новае і навучыць іх вучыцца, — прыгадала Караліна Андрэеўна. — Праўда, не магу сказаць, што першы год маёй працы быў лёгкім, але дзякуючы тым практычным ведам, якія я атрымала ў каледжы, змагла справіцца з усімі пытаннямі.

Па словах настаўніцы, у Аршанскім каледжы ёсць усё для атрымання добрай адукацыі: зручныя і прасторныя кабінеты, абсталяваныя ўсім неабходным для якаснай падрыхтоўкі будучых кадраў, і вопытныя выкладчыкі, якія спрыяюць стварэнню сяброўскай атмасферы.

Я ганаруся тым, што мне даверана такая важная справа — справа выхавання новага пакалення.

Сёння Караліна Андрэеўна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў ВДУ імя П.М.Машэрава, бо пераканана, што ўвесь час трэба павышаць узровень  ведаў і абавязкова вучыцца новаму.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота з архіва герояў