Думаеце, атрымаць “Оскар” — гэта нешта паза межамі фантастыкі? Насамрэч гэта больш чым рэальна і дасягальна. Прынамсі, для тых, хто вучыцца ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
Ва ўніверсітэце лепшым студэнтам-навукоўцам, пераможцам конкурсу “Студэнт года”, уручылі педагагічны “Оскар” — мініяцюрную скульптуру першай настаўніцы. Сёлета ў конкурсе “Студэнт года” ў БДПУ імя Максіма Танка прынялі ўдзел 67 студэнтаў. Усе яны — лідары студэнцкіх грамадскіх арганізацый, якія актыўна займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, прымаюць удзел у мерапрыемствах не толькі ўніверсітэцкага, але і рэспубліканскага, а таксама міжнароднага ўзроўню. Безумоўна, высокія вынікі вучэбнай дзейнасці, дасягненні ў навукова-даследчай рабоце і творчасці таксама мелі значэнне.
Студэнтка 3 курса факультэта прыродазнаўства Настасся Хмыз перамагла ў намінацыі “Вучэбна-прафесійная дзейнасць”. А яна ў студэнткі грунтуецца на тых тэмах і праблемах, якія ў першую чаргу цікавяць яе саму і ў якіх хочацца разабрацца.
“Я цікаўлюся тэмамі soft skills, тайм-менеджменту, устойлівага развіцця, — расказвае пра свае навуковыя інтарэсы Настасся. — Мне як будучаму педагогу важна цікава і правільна даносіць інфармацыю да сваіх навучэнцаў, таму я заўсёды знаходжуся ў пошуках цікавых метадаў, тэхналогій і прыёмаў навучання. Сёння, напрыклад, працую над тэмай кагнітыўнай візуалізацыі. Акрамя гэтага, я разумею, што педагог павінен быць адказным чалавекам. Таму я — каардынатар рэсурснага цэнтра Green Office BSPU. Дзякуючы такой рабоце, стараюся фарміраваць экадружалюбны лад жыцця не толькі ў адносінах да сябе, але і да ўсіх навучэнцаў, што займаюцца ў сетцы філіялаў. Я вучу іх адказнаму погляду на ўзаемасувязь прыроды, грамадства і эканомікі, а яшчэ рэалізую разам з камандай шматлікія праекты”.
У фінале спаборніцтва “Студэнт года БДПУ” ў намінацыі “Вучэбна-прафесійная дзейнасць” было два конкурсы. Першы — “Педагог, якога чакаюць”. У ім трэба было прэзентаваць сябе, сваё крэда, а таксама паказаць уласнае бачанне значэння і ролі педагога XXІ стагоддзя, прадставіць разуменне праблем адукацыі і магчымых шляхоў іх вырашэння.
“Упэўнена, што настаўнік геаграфіі і біялогіі, кім я стану, — гэта майстар, які стварае навуковую карціну свету ў светапоглядзе навучэнцаў, — запэўнівае дзяўчына. — Таму ў мяне ёсць вельмі важная місія — фарміраваць карціну, а не свет малюнкаў. Разрозненасць ведаў, шаблоннае мысленне, няўменне бачыць і знаходзіць прычынна-выніковыя сувязі і аддаленыя наступствы дзеянняў — гэта толькі некаторыя з праблем, з якімі сутыкаюцца сучасныя навучэнцы і педагогі, імкнучыся вырашыць вызначаныя цяжкасці.
Каб вылечыць школьнікаў ад гэтай “хваробы”, трэба скампанаваць неабходныя педагагічныя тэхналогіі, прыёмы і метады. Усім гэтым, безумоўна, павінен валодаць сучасны педагог. Каб сфарміраваць у дзяцей аб’ектыўную карціну свету, трэба стварыць цэласную кампазіцыю: усё раскласці па палічках, улічваючы мноства нюансаў. А гэта, між іншым, няпростая задача. Для яе вырашэння настаўнікам патрэбна метадычная дапамога, якая не проста адказвае сучасным запытам, але і на некалькі крокаў апераджае іх. Так, пад кіраўніцтвам свайго навуковага кіраўніка Наталлі Салагуб я таксама раблю ўклад у агульную справу. Прыемна, што нашы намаганні былі заўважаны і адзначаны перамогай у конкурсе “Студэнт года”. У будучыні планую паступіць у магістратуру, каб працягнуць свой навуковы шлях.
Настаўнік будучыні — гэта чалавек з вялікім багажом акадэмічных ведаў у прадметных галінах і педагагічных тэндэнцыях.
Разважаючы пра педагогіку, будзе дарэчы правесці паралель паміж медыцынай і адукацыяй. Так, абедзве сферы звязаны з клопатам аб людзях і іх будучыні. Як і ў медыцыне, дзе распрацоўваюць рэцэпты лекаў, праходзячы ўсе этапы ад ідэі стварэння, кампанентнага складу і заканчваючы апрабацыяй, так і ў адукацыі мы павінны ствараць “рэцэпты” з розных педагагічных тэхналогій, прыёмаў і метадаў”.
Будучыня дзяцей пачынаецца з настаўніка, які будзе здольны даць дзецям тыя веды, што дапамогуць ім вырасці адукаванымі людзьмі з уласным бачаннем свету. Але які ён, гэты настаўнік? Якога педагога ўсе чакаюць ці чаго чакаюць ад педагога? Разважаючы аб гэтым, Настасся Хмыз выказала ўпэўненасць, што настаўнік будучыні — гэта чалавек з вялікім багажом акадэмічных ведаў у прадметных галінах і педагагічных тэндэнцыях.
“Малады адукаваны педагог — гэта сучасны прадметнік і настаўнік-міжпрадметнік. Гэта STEAM-настаўнік, які здольны дабавіць новыя штрыхі ў разуменне заканамернасцей і ўзаемасувязей у навакольным свеце і іх значэнні ў жыцці чалавека, — выказала меркаванне Настасся. — Настаўнік будучыні — гэта чалавек, які нясе адказнасць за свае дзеянні і за сваю бяздзейнасць, за праяўленне ініцыятывы. Сваю задачу як педагог XXІ стагоддзя я бачу ў тым, каб мае вучні не толькі разумелі навуковую карціну свету, але і дапаўнялі яе, зберагаючы прыродныя і чалавечыя каштоўнасці, прымнажаючы веды, захоўваючы свет ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Я ўпэўнена, што быць педагогам — гэта маё прызванне. Гледзячы на тое, як выкладала мая першая настаўніца Алена Туманава, а пазней настаўніца гісторыі Таццяна Гаўрыловіч і настаўніца геаграфіі Святлана Бокач, мне захацелася быць падобнымі да іх і паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі. Мой шлях у педагогіку быў складаным і цярністым. Пасля школы я паступіла на спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя” ў каледж сферы абслугоўвання. На другім годзе навучання быў адкрыты Мінскі гарадскі педагагічны каледж, куды нас перавялі. Менавіта на 2 курсе я зразумела, што не памылілася з выбарам спецыяльнасці. Але на апошнім курсе стала разумець, што мне ўжо не так цікава быць настаўнікам пачатковых класаў — я хачу расці далей. Мне вельмі падабаліся такія прадметы, як біялогія і геаграфія. Таму я вырашыла паступіць у БДПУ імя Максіма Танка на факультэт прыродазнаўства. Пасля наведвання дня адкрытых дзвярэй канчаткова пераканалася, што гэта правільнае месца, гэта мой універсітэт, дзе я буду расці не толькі як прафесіянал, але і як асоба”.
Па метадзе Абергана
Калі Эдуард Казак, студэнт факультэта прыродазнаўства, вучыўся на 1 курсе, дацэнт кафедры агульнай біялогіі і батанікі Жанна Мазец прапанавала яму паглядзець на даследаванні, якімі яна займаецца. Гэтага было дастаткова, каб юнак захапіўся навукай.
Ужо тры гады Эдуард, студэнт 3 курса факультэта прыродазнаўства, працуе пад навуковым кіраўніцтвам Жанны Мазец і вывучае ўплыў электрамагнітнага выпраменьвання на жыццёвыя працэсы раслін. На конкурсе “Студэнт года” Эдуард Казак стаў пераможцам у намінацыі “Навукова-даследчая дзейнасць”.
“Цікавасць да навуковай работы ўзнікла на 1 курсе, — расказвае студэнт. — Жанна Эмануілаўна прапанавала паўдзельнічаць у яе даследаваннях пра ўплыў электрамагнітнага выпраменьвання на фізіёлага-біяхімічныя працэсы раслін. Да гэтага мне здавалася, што навука — гэта хобі, якім я займаюся ў вольны час. Што магу сказаць? Я памыляўся. Навука — гэта цяжкая работа, прычым як фізічная, так і разумовая. Навука патрабуе многа часу і ўкладанняў. Аднак самае прыемнае — гэта канчатковы вынік і бачанне таго, што праведзена, рэальнае ўсведамленне зробленага. Жанна Эмануілаўна заўсёды накіроўвае мяне ў патрэбнае рэчышча. За тры гады пад яе пільным наглядам і кіраўніцтвам праведзена вялікая колькасць даследаванняў: я працаваў многа і доўга, часам прыходзілася заставацца на кафедры аж да самага яе закрыцця, каб завяршыць неабходныя вымярэнні.
На конкурсе малады навуковец прадстаўляў адну са сваіх публікацый, што прысвечана ўплыву электрамагнітнага выпраменьвання на фізіёлага-біяхімічныя працэсы грэчкі пасяўной. Галоўная значнасць работы — яе прыкладны характар. У кліматычных умовах нашай краіны некаторыя важныя сельскагаспадарчыя культуры, у тым ліку грэчка, не даюць вялікіх ураджаяў, а значыць, трэба выяўляць новыя метады ўздзеяння на расліны. Менавіта пошукамі гэтых метадаў Эдуард і займаўся.
“Я прымаў удзел у конкурсе, каб у першую чаргу выпрабаваць сябе, — прызнаецца малады чалавек. — Галоўнае, што мне даў конкурс, — усведамленне, што ты працуеш нездарма”.
Вынікі сваіх навуковых работ малады вучоны часта прадстаўляе на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях. Сёння яны адлюстраваны ў 15 публікацыях.
“Вядома, не заўсёды ўсё ідзе так, як запланавана, вынікі даследаванняў бываюць розныя: недзе добрыя, недзе дрэнныя, — разважае Э. Казак. — Калі робіш нешта сапраўды важнае, галоўнае — не спыняцца на дасягнутым, праяўляць цярплівасць — у навуцы без гэтага ніяк. Думаю, у фінале конкурсу сапернікаў мне дапамог абысці менавіта прыкладны характар работы. У мяне ўсё было пабудавана на вялікай колькасці лабараторных даследаванняў і выконвалася сваімі рукамі. Спадзяюся, мае навуковыя намаганні будуць прыносіць карысць. Я ўпэўнены, што вопыт даследчай работы, які я атрымаў у студэнцкія часы, спатрэбіцца не толькі ў тым выпадку, калі аддам перавагу навуковай кар’еры, але і калі выберу дзейнасць педагога-прадметніка.
Дарэчы, у выбары прафесіі на мяне аказалі значны ўплыў школьныя педагогі, у прыватнасці настаўнік хіміі Сяргей Уладзіміравіч Аберган. Калі закралася думка аб паступленні ў педагагічны ўніверсітэт, менавіта ад яго я атрымаў неабходную падтрымку. БДПУ імя Максіма Танка я выбраў таму, што ўжо быў знаёмы з некаторымі выкладчыкамі кафедры агульнай біялогіі і батанікі. Яны ў 10 класе вялі ў мяне курсы па падрыхтоўцы да алімпіяды па біялогіі. Менавіта іх метады выкладання і харызма пераканалі ў тым, што гэта тая УВА, у якую я хачу паступіць. Ужо сёння, будучы маладым настаўнікам, перад правядзеннем урокаў хіміі арыентуюся на тое, як іх праводзіў Сяргей Уладзіміравіч, карыстаюся яго метадамі.
У маім станаўленні як педагога вельмі дапамагла калега Наталля Канстанцінаўна Калян, выдатны чалавек і педагог, якая калісьці ўзяла мяне пад сваё крыло, дапамагаючы ў вырашэнні метадычных і арганізацыйных пытанняў”.
У выбары прафесіі на мяне аказалі значны ўплыў школьныя педагогі, у прыватнасці настаўнік хіміі Сяргей Уладзіміравіч Аберган.
Разважаючы аб складанасцях, з якімі сутыкаюцца на першым рабочым месцы маладыя педагогі, Эдуард Казак выказаў меркаванне, што для некаторых важных дысцыплін вучэбнай праграмай выдзяляецца не так многа гадзін. “Люблю прыводзіць у прыклад курс біялогіі ў 9 класе, дзе ў першым паўгоддзі на яго даецца 1 гадзіна, а ў другім — 2, — расказвае пачынаючы настаўнік. — Гэты курс тлумачыць навучэнцам, як пабудаваны іх арганізм, чаму адбываюцца тыя ці іншыя працэсы. Біялогія закранае пытанні, якія вельмі хвалююць падлеткаў. Аднак часу на раскрыццё ўсяго, што хацелася б данесці да вучняў, у настаўнікаў проста няма. Яшчэ мяне хвалююць вучэбныя праграмы. На рабоце часта сутыкаўся з тым, што матэрыял вучэбных праграм крыху не лагічны. Я часта гаварыў, што не магу тлумачыць дзецям у 7 класе ключавыя паняцці хіміі, калі яны не ведаюць, як пабудаваны атам, што такое перыядычны закон. Трэба пачынаць з самых асноў, каб лагічна рухацца далей і ў навучэнцаў фарміравалася логіка ўсяго таго, што яны вывучаюць”.
Матэрыялы Наталлі САХНО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.