Настаўніца пачатковых класаў Кемелішскай сярэдняй школы Астравецкага раёна Алена Іванцэвіч сваім прыкладам даказвае, што сапраўдны педагог — гэта вечны вучань. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Напоўненая імкненнем да новых ведаў, у Год якасці яна стала фіналісткай Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, які праводзіўся Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Цыкл работ настаўніцы прысвечаны фарміраванню экасацыяльнай культуры ў малодшых школьнікаў, у тым ліку ў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
— У гэтых работах дзялюся вопытам патрыятычнага выхавання праз прызму любові да роднага краю. Распрацавала цікавыя ўрокі беларускай мовы і літаратурнага чытання, дзе краязнаўчы матэрыял жывы і займальны. Прапанавала не толькі планы-канспекты ўрокаў, але і заданні для самастойнай дзейнасці навучэнцаў, з дапамогай якіх дзяцей можна ўключыць у работу з краязнаўчым матэрыялам ужо на вучэбных занятках, — дзеліцца педагог.
Алена Станіславаўна таксама прадставіла дыферэнцыраваны падыход да навучання дзяцей з асаблівасцямі развіцця, выкарыстоўваючы прадмет “Чалавек і свет” для фарміравання ў іх экасацыяльнай культуры і гарманічнага ўзаемадзеяння з навакольным светам.
Дарэчы, магчымасць азнаёміцца з напрацоўкамі А.С.Іванцэвіч педагагічная грамадскасць мела не аднойчы. Алена Станіславаўна — суаўтар дапаможніка для педагагічных работнікаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі. Педагог актыўна публікавала вынікі сваіх напрацовак у тым ліку ў профільных выданнях для педагогаў.
— Гэтыя матэрыялы карысныя ў першую чаргу калегам, якія працуюць ва ўмовах інтэграванага навучання і выхавання. Усе матэрыялы падрыхтаваны ў рамках работы над дысертацыйным даследаваннем. Сёння мая старэйшая дачка з’яўляецца студэнткай сталічнага ўніверсітэта, а яе маці — аспіранткай Акадэміі адукацыі (усміхаецца). Шчыра кажучы, сумяшчаць ролі мнагадзетнай мамы, настаўніцы пачатковых класаў і аспіранткі не заўсёды проста. Але на такім шляху самаўдасканалення, няхай і ў пастаянным рэжыме шматзадачнасці, набываеш значна больш, чым аддаеш, — адзначае суразмоўніца.
Па выніках Рэспубліканскага конкурсу творчых работ яе напрацоўкі ўвайшлі ў дваццатку лепшых у намінацыі “Гуманітарная навука — Году якасці”. І такую ацэнку працы Алена Станіславаўна лічыць не толькі ўласным вынікам. Яна адзначае важную ролю свайго навуковага кіраўніка доктара педагагічных навук навукова-даследчага цэнтра Акадэміі адукацыі Вольгі Хруль і сваёй сям’і, якая падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях.
— Гэтая перамога сумесная. Без сям’і і майго навуковага кіраўніка я не дасягнула б такіх вынікаў. Акрамя таго, гэта не толькі важнае прызнанне маёй працы, але і стымул рухацца наперад, — падкрэслівае педагог.
Наперадзе ў Алены Іванцэвіч новыя гарызонты і першакласнікі, з якімі трэба прайсці займальны шлях адкрыццяў і перамог. А яны абавязкова будуць з улікам зайздроснай энергіі настаўніцы, якая даказвае, што любоў да дзяцей і пастаяннае самаўдасканаленне — залог поспеху ў прафесіі.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара